Падарожжа па СССР пад Новы год

0

Гісторыю гэту ўспомніў з выпадку тэлесерыяла «Савецкі Саюз», які паказвалі па АНТ. Даўно я не падарожнічаў па Вялікаму. А тое першае, прымусовае, калі памяць падымала на верх, стараўся забываць.

Адвярнуўшыся ад тэлеэкрана, бяру карту «ЕВРОПА 1: 5000000. Автомобильные дороги”. Тое падарожжа было поездам у пачатку пяцідзесятых ад чыгуначнай станцыі “Орша”. З перасыльнай турмы адпраўлялі ў падарожжа ў спецыяльна абсталяваных грузавых вагонах не меней тысячы чалавек.
Вось яна, чорная нітка чыгункі: Орша — Масква — Яраслаўль. У апошнім горадзе нашы вагоны паставілі ў тупік, і пра нас забылі. Толькі ахова стукала абцасамі, каб не адмарозіць ногі. Скончылася вада, скончыліся дровы і вугаль. У вагоне панавала страшная халадзіна. Нявольнікі туліліся ў кучу, а, калі не дапамагала і гэта, пачалі прыгаць і раскачваць вагон. Ахова пагражала прымяненнем зброі. Нарэшце вагон адкрылі, пералічылі, у бочку налілі вады, далі вугаль і дровы. Мы гатовы падарожнічаць далей.
Усіх цікавіла, у які бок ад Яраслаўля пойдзе наш поезд. Калі ад Данілава зверне на ўсход, нас чакае Калыма; калі далей на поўнач — Архангельская тайга ці Варкута. У Волагдзе трымаць не сталі, замянілі цягнік- і далей.
Скора праз шчыліны ў вагоне бачыліся незнаёмыя краявіды: выразаныя лясы і незразумелыя збудаванні на прасеках. Як пазней растлумачылі знаўцы, гэта былі вышкі, на якіх знаходзілася ахова, бо лес гэты выразалі зэкі. І гэтаму пейзажу не было канца. Нават калі прачнуўся — за вагонам мільгалі зноў лес і вышкі.
Колькі дзён вязлі, не помню. Але вялікі Савецкі Саюз — да канца чыгункі яшчэ далёка, бо вакол астаткі былой тайгі, вышкі ды баракі. Высадзілі на чыгуначнай станцыі Княж-Пагост. На сучаснай карце гэта Емва. Калісьці гэты пасёлак пры станцыі зваўся «Железнодорожный». Гэта чыгунка на Варкуту.
Вагоны стаялі ў тупіку. Ахова адкрывала дзверы і гучна крычала: «По одному выходи. Вологодский конвой шуток не любит. Шаг в сторону, прыжок вверх — считается побегом. Потому стреляем без предупреждения». Людзі вывальваліся з вагонаў, адпаўзалі далей, каб высвабадзіць месца наступнаму. Уставаць забаранялася. Усе сядзелі на каленках у снезе вышэй галавы. Многія ў летней вопратцы, у летнім абутку. Канваіры апрануты ў валенкі, аўчынныя кажушкі, на грудзях — аўтаматы, а на повадзе клыкастыя аўчаркі. Выгружаны люд адцяснілі далей ад вагонаў у снег.
Нарэшце усіх пералічылі, і поезд пайшоў у бок станцыі. Людзям дазволілі ўстаць на ногі. Іх выводзілі на чыгуначнае палатно, дзе снегу было менш, і строілі ў калоны па вагонам — гэта не меней шасці дзесяткаў чалавек.
Лагер знаходзіўся ў нізіне, і людзі бачылі яго нібы намалёваным на белым палатне. Дзесятка з два пабудоў, абнесеных высокім плотам. Браўно к браўну, вертыкальна, ахоўвалі тых, хто тут ўжо жыў, і будуць ахоўваць гэтых, скачанеўшых ад холаду і голаду многадзённага падарожжа.
Вароты ў лагер шырока раскрытыя.. Перад варотамі стаяў стол, вакол яго тапталася ў белых кажухах адміністрацыя. Кіраўнік канвоя клаў на стол стос асабістых спраў, і пачыналася пераклічка. Ён браў у рукі шэрую картонную папку і называў прозвішча. З калоны адгукваўся чалавек і дапаўняў сваё імя, імя па бацьку, артыкул кодэкса, па якому асуджаны і на колькі гадоў асуджаны. Перада мной вызвалі: «Перагуд!». У адказ пачулася: «Аляксандр Ігнатавіч, капітан другога рангу, кандыдат тэхнічных навук, артыкул 58-10, срок — дзесяць гадоў».
К сталу падышоў мужчына ў чорным кіцелі, чорных штанах і без шапкі, у летніх баціначках. Начальнік у кажуху яшчэ раз заглянуў у паперкі, пасля доўга ўглядаўся ў твар новага жыхара лагера і нарэшце сказаў: «Проходите». Гэтага чалавека я добра запомніў. Пасля ў лагеры ён вёў курсы трактарыстаў, дзе вывучалі газа-генератарную сістэму тралёвачнага трактара КТ-12. На занятках я загаварыў па-беларуску. Аляксандр Ігнатавіч усміхнуўся і коратка кінуў: «Тут толькі руская мова мае права на жыццё». Арыштавалі яго падчас камандзіроўкі з Ленінграда ў ГДР.
У бараках было цёпла. Мы стараліся пасля дарогі сагрэцца. Скора пазвалі ў сталоўку. Там выдалі міску, лыжку і «гарбушку» хлеба. З міскай па чарзе падходзілі к акну, за акном у яе нешта налівалі і аддавалі назад. Толькі я сеў за стол, як нехта ззаду нямоцна стукнуў мяне па вуху. Адвярнуўся і ўбачыў, як паміж сталоў аддаляўся малады хлапец. Я ў недаразуменні глядзеў яму ў спіну. Калі павярнуўся к сталу, не было маёй «гарбушкі». Гэта была першая навука жыцця ў савецкім лагеры.
Стала цёмна, з работы вярнуліся брыгады. Лагер ажыў, забягалі людзі. «Хто з Беларусі? Хто з Літвы?» — раздаваліся пытанні. Большасць новенькіх былі беларусамі. Лагер спецыялізаваўся на перапрацоўцы і адгрузцы драўніны. У рабочай зоне, якая размяшчалася на беразе ракі Вымь, было тры лесазаводы, а таксама цэх шырпатрэба, дзе выраблялі сталярку і рэзалі тарную дашчэчку для Англіі.
Пазней, калі я стаў «прыдуркам», у гэтым цэху значыўся прыёмшчыкам. А дапамог мне былы журналіст газеты «Звязда», які знаходзіўся тут з 1947 года. Ён рабіў гэту газету ў час нямецкай акупацыі на Любаншчыне, пасля вайны. Цяпер ён у лагеры быў нарадчыкам, мог сваіх людзей уладкаваць на больш лёгкую работу. Яго прысудзілі ў 1947 к дваццаці пяці гадам зняволення. Прайшло многа гадоў, а я і сёння помню яго вершы.
У наступны дзень нас размеркавалі па брыгадах. Мы сталі не вандроўнікамі, а выканаўцамі вялікіх планаў пабудовы сацыялізма…
— Спаць кладзіся, Саюзу больш не будзе, Канстытуцыйны акт не падпісалі, — праганяе мяне жонка ад камп’ютара.
Карту адклаў, а на душы нейкі неспакой. Нездарма людзі кажуць, што гісторыя можа паўтарыцца. Хай згіне ліхое прахам. Чаго не прыдумаецца пад Новы Год.

Уладзімір Дамель

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии