Чорныя блікі жоўтага золата

0

Быў час, калі многія з беларусаў квапіліся на доўгія рублі і ехалі за край свету на здабычу золата. Гэтае захапленне чуць не ўцягнула і мяне ў свой вір, нават атрымаў запрашэнне ў пасёлак Энтузіястаў, што на беразе Ледавітага акіяна. Нейкае, як кажуць, шостае пачуццё затрымала мяне. Але яшчэ доўгі час я дапамагаў усім жадаючым паехаць на золатаздабычу, адчуць трапяткое хваляванне ад блікаў золата. Патрабаваліся бульдазерысты, трактарысты, я выпісваў жадаючым неабходныя пасведчанні - і ў шчаслівы шлях. Пасля доўга чакаў іхнега вяртання дамоў.
Прыязджалі з заканчэннем сезону, калі паўночныя марозы рабілі распрацоўку золатаноснай зямлі недаступнай. Я бег на сустрэчу з наваяўленым золатаздабытчыкам, каб даведацца пра яго заробкі.
Чорныя блікі жоўтага золата — За першай зарплатай ішоў з хваляваннем, — расказваў мне мой бульдазерыст Мікалай Мурашэвіч. — Заняў чаргу, і, калі дайшоў да касіршы, тая спытала маё прозвішча. «Тысячу трыста», — сказала яна і неяк нязграбна сунула да мяне па сталу кіпу грошай. Мне здалося, што касірша сунула грошы не лічыўшы. Таму тут, каля стала, хацеў іх пералічыць перад касіршай. Але нехта даў мне кухталя пад зад: «У нас не пералічваюць». Я згроб грошы і выскачыў з вагончыка. Адышоўшы некалькі крокаў, не стрымаўся і стаў пералічваць. Усё правільна. Я пералічыў некалькі разоў, пакуль не супакоіўся. Ведаеш, ад хвалявання трэсліся рукі. Гэтыя, пасля нашай зарплаты сямідзесятых гадоў, грошы былі вельмі вялікімі.
Ён доўга мне расказваў пра жыццё золатаздабытчыкаў сярод дзікіх сопак, пра працоўны дзень па дванаццаць гадзін, пра тое, якое скопішча людзей размяшчалася ў жылых вагончыках. Пра золата маўчаў, бо яго не бачыў. А калі траплялася пад гусеніцай бульдозера, стараўся адбіць нагой далей. Яно мела від чорнага каменя, да якога прыліпла гразь вечна замёрзлай зямлі. Золата здымалі на прамыўцы. Яго справа — гарнуць золатаносную зямлю.
Прайшлі гады, і я забыўся пра тых, каму дапамагаў стаць золатаздабытчыкам.
Раптам праз чвэрць веку дзіўнае знаёмства: «Я Вас ведаю». Перада мной стаяў былы золатаздабытчык. Ён называе прозвішчы тых, хто працаваў на бульдозерах па маім пасведчанням. Пра іх расказвае ў мінулым часе.
— У жывых няма нікога. З той кампаніі з семярых толькі затрымаўся я, Малюжыц Мікалай Васільевіч.
Маё жыццё не зладзілася. Жонка пакінула, жыве з другім у Слуцку, а я купаюся ў чорных бліках жоўтага золата ды нікому не патрэбных успамінах пра тыя дні. Тое золата не прынесла шчасця.
На развітанне сказаў: «Калі будзеш пісаць, дык з ганарару мне на пляшку піва. Шкада хлапцоў: «Яны былі значна маладзейшымі за мяне».

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии