Роздум пра вёскі

0

Мяне даўно хвалююць нашы халодныя паўпустыя і пустыя хаты, якія не сагрэць ніякімі абагравальнымі прыборамі. Таму, што з іх знікла самае галоўнае — цяпло сямейнага ачага.
Дом — гэта не проста цяпло гарачай печы або батарэі. Сучасны цёплы дом сагрэты чалавечымі сваяцкімі адносінамі, звонам дзіцячых галасоў. А гэтага цяпер усё менш і менш. Вялікія чалавечыя радасці знікаюць, а з імі знікаюць і такія духоўныя каштоўнасці, як беражлівыя адносіны дзяцей да пажылых бацькоў і іншыя абавязкі, складаючыя часціцу нашага жыцця.
Часта прыглядаюся да жыцця сучаснай вёскі. Састаўная яе частка — пенсіянеры, удовы. Зразумела, да іх прыязджаюць дзеці, унукі, але гэта для старых нядоўгая радасць.
Сенняшнія вясковыя пенсіянеры шмат аддалі энергіі, сіл рабоце ў гаспадарцы. І менавіта СВК цяпер для іх падтрымка, надзея, дапамога тым жа канём, трактарам, тым жа паленам дроў, кормам для жывёлы, павагай.
На вуліцах вёсак вырастаюць новыя дамы. Тут жывуць нешматлікія маладыя сем'і. Як ні кліча вёска да себе маладых прыгожымі дамамі, але гэта пакуль не дапамагае.
Не пералічыць вёсак, ад якіх застаюцца адны толькі назвы ды старыя ліпы, таполі, бярозы. Сады дзічаюць і выраджаюцца. Агароды забываюць пах збожжа, агародніны і зарастаюць пустазеллем. Малалюдныя вёскі, апусцелыя ці разбураныя фермы, гумны.
Усё, што было ў вёсцы карэнным, цяпер дажывае само па сабе, усыхае, як апошнія галіны на яблыні. Без жыўнасці, без пасядзелак з песнямі і танцамі, без попрадкаў…
У многіх вёсках ад былых клубаў, дзе раней збіралася моладзь, ладзіліся вяселлі, канцэрты, дэманстраваліся фільмы, засталіся разваліны або наогул — разабралі на дровы, разбурылі.
Прайшлі тыя далёкія і незабыўныя гады. Жылі дружна, весела. І людзей значна больш працавала. Пямятаю, летам да 30−40 касцоў выходзіла на сенажаці. А колькі было коней! Хапала ўсім мужчынам і нам падросткам. Часта з песняй дзесяткі жанчын і дзяўчат выходзіла на працу. Цяпер жа ўсё змянілася да горшага, не хапае паляводаў і іншых працаўнікоў.
Я часта думаю пра лёс многіх вёсак. Не хочацца, каб у іх было толькі мінулае. Ім патрэбна істотная дапамога, садзейнічанне. Неабходна больш зацікаў-ліваць людзей да работы ў сельскай гаспадарцы.
Гавораць, у цяперашняй моладзі іншыя запросы. Так, сучасны челавек — прадукт цывілізацыі ва ўсім, акрамя роднай стыхіі і асяроддзя.
Хочацца, каб у вёсцы было прыгожае, светлае і заможнае «заўтра», у якім усміхаюцца людзі. Што і казаць, для тых, хто выгадаваны ў вёсцы, дзе б мы ні былі потым, яна застанецца з намі і будзе жыць ва ўсіх нашых снах — адзінаю, але, на вялікі жаль, ужо незваротнаю.
А яшчэ пазней, у канцы жыцця ў апошнім роздуме аб пражытым, сярод шматлікіх страт самай большай стратай будзе родная вёска, родны кут.

Міхаіл Масюк

Роздум пра вёскі
Міхаіл Масюк: «Сярод шматлікіх страт самай большай стратай будзе родная вёска, родны кут»

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии