Прыстанак Пегаса

1

Заснаванню і пачатку дзейнасці дзіцячай мастацкай школы ў Слуцку папярэднічалі падзеі, у якіх шчасліва супалі заканамернасць і выпадак. А ў імкненні тых, хто браў на сябе адказнасць распачаць у горадзе новую справу, можна заўважыць авантурную самаўпэўненасць і самаахвярную працу на не ўзаранай яшчэ ніве. Тэмп работы, які ўзялі тады, і арыентацыя на высокі ўзровень выкладання з часам далі добрыя вынікі. Цяпер паважлівыя словы пра Слуцкую мастацкую школу можна пачуць не толькі ў горадзе і рэспубліцы, але і за яе межамі.

Пачатак
У сярэдзіне 1970-х гадоў у горадзе з’явіўся мастак Аляксандр Адонін, у якога паўстала пытанне працаўладкавання. Падчас пошуку працы ён пазнаёміўся з калегамі-мастакамі, у тым ліку з брыгадзірам мастацкай майстэрні Георгіем Маскальковым, у якога на той час таксама з’явілася праблема пошуку новага месца працы. Адонін меў вопыт работы ў Наварасійскай дзіцячай мастацкай школе. Маскалькоў жа па адукацыі быў педагогам — скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. У абодвух з’явілася ідэя паспрабаваць арганізаваць і ў Слуцку мастацкую школу. З гэтай ідэяй прыйшлі ў гарадскі аддзел культуры, кіраўнік якога Юрый Фёдаравіч Алюшын успрыняў яе станоўча. Ён з прапановай звярнуўся ў вышэйшыя інстанцыі.
На той час у Беларусі пашыранымі былі студыі і кружкі выяўленчага мастацтва, дзіцячая мастацкая школа мелася толькі ў Мінску. У Міністэрстве культуры якраз тады разглядалася пытанне і распрацоўваўся план арганізацыі сеткі дзіцячых мастацкіх школ. Таму прыйшоўшую са Слуцка прапанову падтрымалі.
Справа кранулася з месца, і яе вырашэнне перайшло ў плоскасць практычную. Трэба было зацвердзіць педагагічны калектыў, знайсці месца размяшчэння і неабходнае абсталяванне, арганізаваць набор вучняў. Часова школа размясцілася ў дапаможным памяшканні гарадской бібліятэкі. Напрыканцы лета быў праведзены набор вучняў, і з 1 верасня 1977 года заняткі ў дзіцячай мастацкай школе пачаліся.

Школа
Падсобка ў цокальным паверсе гарадской бібліятэкі памерам 16 квадратных метраў, дзе разам размясціліся вучэбны клас, настаўніцкая, кабінет дырэктара і кладоўка, стала месцам нараджэння мастацкай школы. Бібліятэка (дзякуй ёй за гэта) аказалася сапраўдным апекуном школы: па магчымасці дзялілася мэбляй, перадала літаратуру па мастацтву, часам цярпела нязручнасці ад суседства з творчымі пастаяльцамі. А самае галоўнае — патроху прадастаўляла новыя памяшканні. На наступны год былі атрыманы пакойчыкі для настаўніцкай і класа малюнка, пазней з’явіліся дзве класныя комнаты на другім паверсе.
Але недахоп памяшканняў з кожным годам адчуваўся больш востра. Часам некаторыя заняткі праводзіліся ў бібліятэчнай зале на чацвёртым паверсе, у падсобных памяшканнях гарадскога Дома культуры і кінатэатра «Цэнтральны», «арэндаваліся» дзве класныя комнаты ў сярэдняй школе № 3.
Праблему размяшчэння школы спрабавалі вырашыць не раз. Нарэшце ў 1991 годзе для ДМШ перадалі будынак па вуліцы Віленскай, які перад тым займаў гарадскі Дом піянераў. І хаця шэраг пытанняў і да гэтага часу так і застаўся невырашаным, перыяд з 1991 года для дзейнасці ўстановы з’яўляецца найбольш спрыяльным.

Реклама

Выкладчыкі
Спачатку калектыў педагогаў склаўся з трох чалавек. Да Георгія Ігнацьевіча Маскалькова, які меў вышэйшую адукацыю і быў назначаны дырэктарам, і Аляксандра Мікалаевіча Адоніна далучыўся Уладзімір Іванавіч Наруцкі, які перад тым працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў адной з гарадскіх школ. У 1978 годзе выкладчыкам ДМШ стаў выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута Ігар Адамавіч Ціткоўскі. Пазней, у розныя гады, у школе выкладалі былыя яе выхаванцы, якія атрымалі мастацкія спецыяльнасці ў адпаведных навучальных установах: Людміла Васільеўна Буракова, Жанна Уладзіміраўна Веракса, Алена Уладзіміраўна Власік, Вера Уладзіміраўна Шут, Ігар Аляксандравіч Клімаў, Жанна Уладзімі-раўна Раманоўская, працавалі таксама Генадзій Іванавіч Траццякоў, Наталля Уладзіміраўна Кропатава, у філіяле вёў заняткі Сяргей Генадзьевіч Саламацін.
Склад педагогаў, якія працуюць цяпер, сфарміраваўся на працягу 1985−90-х гадоў, калі першыя выкладчыкі па розных абставінах звольніліся, а на іх месца прыходзілі Гунефа Фёдараўна Мацюшэнкава, Уладзімір Сцяпанавіч Кожух, Таццяна Дзмітрыеўна Лешчанка. Пазней з’явіліся Аляксей Валер’евіч Драбеня і Алена Уладзіміраўна Мяцельская. Установу з 1985 года ўзначальваў Ігар Адамавіч Ціткоўскі, на працягу 1995 — 2007 гадоў - Аляксей Валер’евіч Драбеня, з 2007 года дырэктарам школы з’яўляецца Таццяна Дзмітрыеўна Лешчанка.
Педагогі задачу дзейнасці ўстановы бачаць не толькі ў арганізацыі заняткаў, але і ў стварэнні творчай атмасферы. Не раз выкладчыкі прымалі ўдзелы ў гарадскіх і рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках, адзначаліся на абласным і рэспубліканскім узроўнях за ўдзелы ў аглядах-конкурсах творчай і метадычнай дзейнасці.
Адным з тых, хто даў моцны штуршок да нестандартных адносін да працы яшчэ на пачатку, быў Аляксандр Адонін. Ён рабіў цікавыя метадычныя распрацоўкі, у той час, можна не сумнявацца, ці не самыя арыгінальныя ў рэспубліцы. Пасля таго, як пакінуў педагагічную працу, рэалізаваў сябе як неардынарны мастак. Цяпер ён — адметная постаць у мастацкім жыцці Іерусаліма, мае персанальныя выставы ў шэрагу краін свету. За ўклад у выяўленчае мастацтва Ізраіля ў ліку пяці ізраільскіх творцаў быў вылучаны намінантам на атрыманне звання «Чалавек года 2007».
З ліку цяперашніх выкладчыкаў вылучаецца Гунефа Фёдараўна Мацюшэнкава, чыя дзейнасць на педагагічнай ніве ў 2000 годзе адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублкі Беларусь, а ў 2006 годзе яна стала дыпламантам спецыяльнай прэміі года Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі «Выхаванне творчай моладзі».

Навучэнцы
Штогод у дзіцячай мастацкай школе займаюцца каля 120-ці навучэнцаў. Заняткі праводзяцца ў 1−4 класах, а таксама ў падрыхтоўчай групе і дадатковым пятым класе. Вывучаюцца жывапіс, малюнак, скульптура, кампазіцыя і гісторыя мастацтва.
Акрамя засваення вучэбнай праграмы, вучні прымаюць удзелы ў шматлікіх выстаўках і конкурсах, у тым ліку і за мяжой краіны. Толькі за апошнія пятнаццаць гадоў навучэнцы ДМШ атрымалі больш 350-ці ўзнагарод, у тым ліку 5 Гран-пры, 94 залатыя, 43 сярэбраныя і 40 бронзавых узнагарод, а таксама дыпломы, граматы і падзякі з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Македоніі, Венгрыі, Сербіі, Славеніі, Нідэрландаў, Тайваня, Японіі, Ірана, Бразіліі.
Тры гады запар, у 1996, 1997, 1998 гадах, юныя мастакі са Слуцка прымалі ўдзелы ў міжнародным пленэры «Малы Бітольскі Манмартр» у Македоніі, дзе ў 1996 годзе атрымалі ўзнагароду за лепшую калекцыю работ па тэме «Старая архітэктура» сярод удзельнікаў з 15-ці краін свету. У розныя гады Гран-пры Міжнароднага фестываля «Балтыйская муза» (Вільнюс, Літва) атрымалі Павел Федаровіч, Святлана Ільюкевіч і Алена Леановіч. Актыўна ўдзельнічаюць юныя слуцкія мастакі ў Міжнародным конкурсе «На сваёй зямлі», што праводзіцца ў Беларусі, у якім лідзіруюць на працягу апошніх чатырох гадоў. Напрыклад, у 2007 годзе на гэтым конкурсе яны занялі дзесяць прызавых месцаў і атрымалі 34 дыпломы. На прайшоўшай нядаўна выставе работ дыпламантаў спецыяльнага Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі за 2007 год прымалі ўдзел два былыя выхаванцы Слуцкай ДМШ — Алена Леановіч і Ілья Падалка, якія цяпер з’яўляюцца студэнтамі Беларускай акадэміі мастацтваў. Стыпендыятамі Фонда ў розныя гады таксама станавіліся Аксана Мяцельская, Міхаіл Барысавец, Дзяніс Гудкоўскі, Анастасія Чаўр, Зухра Міхайленка, Інна Заяц, Аляксандр Есіповіч, Наталля Лебедзь, Вольга Парахневіч, Вольга Станілевіч, Алена Цімошына, Вікторыя Сняжко.

Ігар Ціткоўскі

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Василий
Василий
27 января 2008 17:02

Здравствуйте. Прочитал Вашу статью и вспомнились школьные годы. Я учился в ДХШ на момент её десятилетия, когда занятия проходили ещё в подвале библиотеки. Проучился 2 года, пока не поступил в ПТУ. Жалею что бросил занятия: сейчас и хотелось бы поучиться, а уже не тот возраст и множество других проблем. Спасибо всем учителям школы. Всё что вы прививаете нам, ученикам в детстве помогает по жизни. Наслышен о победах на выставках. Молодцы!!! Во времена моей учёбы небыло таких стимулов. Тогда я смог отличиться только эмблемой для каталога выставки «10 ЛЕТ ДХШ», который хранится до сих пор как память, инога перелистывается и напоминает о прошлом. Вот и всё. Всем новых успехов! Спасибо за повод для воспоминаний. До свидания.