Прадпрымальнікі не выйшлі на рынкі

0

У Мінску на рынках працавалі толькі адзінкі. Такая сітуацыя назіралася па ўсёй рэспубліцы. Такім чынам прадпрымальнікі страйкуюць супраць указу № 760, які забараняе выкарыстоўваць працу наёмных працаўнікоў, за выключэннем блізкіх сваякоў.
«Магчыма, яшчэ рана казаць пра тое, што ўсе гэтыя прадпрымальнікі падтрымалі страйк, — адзначае Аляксандр Макаеў, кіраўнік Мінскай рады прадпрымальнікаў. — Канчаткова сітуацыя вызначыцца толькі праз некалькі дзён. Аднак ужо сёння вядома, што з 1 200 працоўных месцаў на будаўнічым рынку „Ждановічы“ не аплачаная арэнда на наступны год за 200 месцаў, у гандлёвым цэнтры „Зеркало“ такіх 25%, а ў г/ц „Еўропа“ вызваліўся цэлы паверх».
2 студзеня ў Магілёве так і не пачалі сваю працу адразу некалькі гандлёвых выстаў. Як распавёў Анатоль Шумчанка, лідэр РГА «Перспектыва», раніцай магілёўскія прадпрымальнікі правялі сход, на якім пастанавілі 3 студзеня выйсці на цэнтральную плошчу і патрабаваць сустрэчу з уладамі для вырашэння ўзніклай праблемы.
«Улады дамагліся таго, чаго і дамагаліся. Рынкі зачыненыя, прадпрымальнікі не працуюць, — адзначае Шумчанка. — Але мы не маем намеру сядзець склаўшы рукі і будзем працягваць змагацца. Пасля нядаўніх выказванняў прэзідэнта прадпрымальнікі нас-троеныя яшчэ больш рашуча.
Нагадаем, 30 снежня падчас наведвання «SOS-Дзіцячай вёскі» ў Бараўлянах Аляксандр Лукашэнка падвергнуў рэзкай крытыцы дзейнасць індывідуальных прадпрымаль-нікаў.
«Шмат хто праз гэтых індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць ільготы, пачалі завозіць тавары для сябе. З’явілася крымінальная серада», — заявіў прэзідэнт.
Ён таксама падкрэсліў, што, прыняўшы ўказ № 760, дзяржава якраз «дала аддуху» прадпрымальнікам.
«Добра, некаторы час будзьце «індывідуаламі», наймайце сваякоў і працуйце. Не падабаецца? Праз год будзеце працаваць у роўных умовах. Адступленне я зрабіў учора, падпісаўшы ўказ аб падаўжэнні да 1 сакавіка 2008 года тэрмінаў перарэгістрацыі ІП у ПУП па спрошчанай схеме. А пасля — як усе», — заявіў тады Лукашэнка.
Між іншым, прадпрымальнікі такую «аддуху» ўспрымаюць выключна як спробу цалкам задушыць малы бізнес.
«Менавіта цяпер мы павінны прадэманстраваць сваю згуртаванасць, — лічыць Аляксандр Макаеў. — Таму як, калі ўлада ўбачыць, што прадпрымальнікі не згуртаваныя, яна і надалей будзе працягваць дзейнічаць з намі такімі метадамі».
Плануецца, што страйк падоўжыцца да 15 студзеня. 10 студзеня прадпрымальнікі маюць намер выйсці на Кастрычніцкую плошчу. У сваю чаргу, грамадскае аб’яднанне «Перспектыва» ў другой палове студзеня мае намер правесці «марш прадпрымальнікаў».

По матэрыялах Bel.biz

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии