Калядны вечар у Слуцку

0

«Дапоўнілі трохі праграму, і гэта акалічнасць разам з прафесійным вядучым дапамаглі правесці канцэрт на высокім узроўні», — такую адзнаку ў асноўным можна было пачуць у вестыбюлі гарадскога Палаца культуры пасля завяршэння Каляднай святочнай праграмы, што была прапанавана случчанам 7 студзеня.
У канцэрце на свята Каляд, правядзенне якога ўжо стала добрай традыцыяй, парадавалі гледачоў як хор Свята-Міхайлаўскага сабора, так і мясцовыя эстрадныя «зоркі» і «зорачкі». Са сцэны гучалі песні ў выкананні квартэта «Лабірынт», малодшай групы хору Музычнай школы, студыі эстрадных спеваў. Юныя артысты Цэнтра дзіцячай творчасці і гарадскога Палаца моладзі паказалі сваё танцавальнае майстэрства. Павіншавалі гледачоў, а сярод іх былі людзі самых розных узростаў, таксама артысты эстраднай студыі ваеннага аркестра і народны аркестр народных інструментаў Музычнай школы. Найбольшую ж колькасць апладысментаў сабраў віртуоз-піяніст Юрый Галуза, які прафесійна выканаў творы Шапэна.
Свае віншаванні перадалі случчанам Благачынны Слуцкай акругі настаяцель Свята-Міхайлаўскага сабора Міхаіл Вейга і старшыня Слуцкага райвыканкама Аляксандр Драко. За садзейнічанне адраджэнню праваслаўнай веры Міхаіл Вейга падарыў кіраўніку мясцовай улады ікону, якая была асвечана ў Іерусаліме. Аляксандр Драко ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі Благачыннага Слуцкай акругі і святароў са Свята-Міхайлаўскага сабора, а таксама з вёсак Лучнікі і Вясея. Абодва выступаючыя выказалі спадзяванні, што надыйшоўшы год падорыць случчанам веру, радасць і спакой.

Аддзел навін

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии