Калі мы заўсёды разам

0

Заўсёды прыемна ўсведамляць, што твая праца прыносіць нейкі плён.
Напярэдадні Каляд і Новага года рэдакцыя атрымала добры стос віншаванак як ад прадпрыемстваў і ўстаноў, з якімі ўсталяваліся трывалыя сувязі, так і ад чытачоў, многія з якіх звярталіся ў рэдакцыю непасрэдна дзеля пажадання калектыву творчага настрою і новых здабыткаў.
Вядома ж, не могуць не радаваць радкі з паштовак ад нашага «Белаграпрамбанка» ці сугучнага ім пажадання ад «Ніка-сервіс», каб збываліся самыя смелыя мары і пачынанні, ад Velcom, які абяцае ўсім нам дарыць радасць зносін, ад «НордВестэрЛэнд» і нашага «Белтэлекома», якія жадаюць дабрабыту і пачатку Новага года з цяпла родных і блізкіх, ад футбольнага клуба «Шахцёр», жадаючага пазнаць смак новых перамог, ад Інны Козінай, даслаўшай нам свае вершы-пажаданні…
Прабачце, што не можам усіх пералічыць. Прызнаемся шчыра, нават і не чакалі такой увагі да сябе. Як ні банальна гучыць, але гэта ўсё ж такі і абавязвае калектыў да многага. З другога боку, такую неабыякавасць і шчырасць рэдакцыя ўспрымае, як напамінак, што газету мы робім разам. А гэта найлепш дапамагае, каб перамагчы тыя непрадказальныя выпрабаванні, якімі поўніцца жыццё кожнага з нас.
Рады за нашых чытачоў і яшчэ раз віншуем усіх са святамі. Дабра вам і здароўя!

Са спадзяваннем на сумесную працу, калектыў «Кур'ера»

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии