Дарога да родных ніў

0

Шэрым лютаўскім ранкам, калі пасля Стрэчання крыху пацяплела, з нашай вёскі ў няблізкі шлях, недзе каля сарака кіламетраў, выехалі тры санныя падводы. На адной з іх сядзеў мой дзядуля Якуб, на другой — сусед дзядзька Стэфан, на трэцяй — аўтар гэтых радкоў. Бацька за сняданкам сказаў: «Трэба табе, сын, паехаць у Чапліцы, прывезці сям’ю раскулачанага Андрэя».
Ехалі мо тры гадзіны, коні па накатанай саннай дарозе ішлі трушком. Па шляху мы праязджалі вялікія вёскі, назвы каторых мне былі невядомы, толькі на прыпынку ў адной з іх дзядуля сказаў, што ўжо мінавалі Машчыцы, Белічы, Балотчыцы і да Чапліцаў хутка «дачэпаем». Што мяне, чатырнаццацігадовага хлапчука, здзівіла — нідзе па шляху ў вёсках мы не бачылі ніводнага немца ці паліцая, а то была зіма 1942 года. У дварах сялянскіх бегалі парасяты, авечкі, з карытаў пілі ваду каровы. Быццам і не было вайны. На дарозе не праглядваліся сляды грузавых машын, бо ў тую зіму снегу намяло на паўметра і акупанты не рызыкавалі выязджаць за горад.
У Чапліцах нас чакалі. Далі перакусіць. Гаспадыня хаты, родная сястра жонкі Андрэя Жаўрыда, ужо ў гадах жанчына, дапамагла вынесці на вуліцу да саняў невялікі куфэрак, ложак, клункі з хатнімі рэчамі, сёе-тое з посуду, пару мяхоў бульбы. Да саняў майго дзядулі прывязалі за вяроўчыну цялушку, якую падарыла бедным сваякам гаспадыня хаты. Да мяне ў сані селі Андрэй з жонкай Настуляй — яе вывелі пад рукі, бо з-за рэўматызму ног хадзіць было цяжка. Іх сын Іван сеў у сані майго дзядулі. І мы адправіліся ў зваротны шлях. Вярнуліся ў сваю вёску позна вечарам. Паколькі Андрэй даводзіўся родным братам маёй бабулі Юлі, то яна і дала часовы прытулак яму.
Андрэя Жаўрыда раскулачылі вясной 1931 года. Не ўлічылі камбедчыкі нават той факт, што ён не меў свайго гумна, звозіў снапы сена са свайго надзелу зямлі ў гумно роднага брата Ёсіпа, якога пазней таксама раскулачылі. Калі Андрэю пры высылцы сказалі, што разам з ім і жонкай павінны ехаць і дзеці, то мая бабуля заявіла, што пляменніка Ваньку (яму ішоў 12 год), бярэ да сябе. Яго бацькі са слязьмі на вачах далі згоду. Хлопчык таксама плакаў.
У дарозе, у вагоне-цялятніку, Настуля захварэла, абвастрыўся яе радыкуліт. А калі па прыезду ў лес за Котласам ад тыфу памерлі яе дзяўчынкі-малалеткі, шасці і сямі гадкоў, то яна зусім злягла. Мужа кожны дзень адпраўлялі на лесапавал. Але ён даслаў пісьмо ў Чапліцы, да жончынай сястры, і тая, сабраўшы на дарогу грошай, дабралася да «кулацкага» лагеру ў тайзе, забрала з сабой Настулю, дала прытулак. А Ванька ў маёй бабулі тры ці чатыры гады быў летам за пастушка, хадзіў у школу. Пазней вярнуўся ў Чапліцы да маці. Нават паспеў перад вайной армію адслужыць.
Бацька яго ўсё ж не вытрымаў адзіноты, здолеў вырвацца з тайгі, прыехаць у Бабруйск і нават уладкаваўся на працу, а жыў на прыватнай кватэры. Ад земляка-случчаніна даведаўся, што хату яго разабралі і вывезлі, а на апусцеўшым седлішчы жывуць яго сястра Юля з мужам і дарослым сынам.
Дарога да родных ніўЯны перавезлі сваю хату з вёскі Хацінава Любанскага раёна, напэўна, палічыўшы, што сям’я брата не вернецца назад. Такіх сем’яў з вёскі вывезлі аж шэсць. Калі ў 1941 годзе прыйшлі немцы, Андрэй вярнуўся у вёску і ў яго былі доўгія перамовы і спрэчкі з сястрой, якая ўрэшце пайшла на саступкі - аддала стаяўшую ў двары варыўню, дзе пасля пераезду з Хацінава жыў старэйшы бабулін сын Міхаіл з жонкай і двума дзецьмі. Яму давялося з пакінутага падворку хлява сабраць бярвенне і за аселіцай агораць невялікую хату. У тую варыўню, з печчу вядома, пасялілі Андрэя с жонкай і сынам. Пасля падзелу калгаса вясной 1942 года яму далі, як і ўсім у вёсцы, тры з паловай гектары зямлі, якую яны з сынам і абраблялі. Настуля магла толькі ля печы ўпраўляцца. Улетку 1944 года Ваньку Жаўрыда прызвалі ў дзеючую армію. Бацькі ад яго атрымалі толькі адно пісьмо, ужо з фронту. А праз тыдні два з ваенкамата прынеслі пахаронку на сына, які загінуў каля Варшавы — трапіў пад мінамётны агонь і быў забіты напавал, разам з двума сябрамі-аднапалчанамі. Пра гэта паведамілі сваякі ўжо пасля Перамогі, калі вярнуліся дамоў. Пасля смерці жонкі Андрэй гадоў пяць жыў адзін, працаваў у брыгадзе. Потым да яго, ужо састарэлага, па ўзаемнай дамове, прыйшла пенсіянерка з суседняй вёскі. І ён дажыў з ёю да апошняга дня зямнога. Пахавалі Андрэя на вясковых могілках, побач з жонкай у двух кроках ад могілак яго бацькі і маці.
Кожны год, наведваючыся сюды на Радаўніцу, кладу кветкі і на магілу Жаўрыдаў-пакутнікаў, у якіх была толькі доўгая дарога дадому да родных ніў, у сваю ацалелую варыўню-хатку.

Мiхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии