«Горад-сад» і якасць жыцця

0

У жніўні бягучага года Салігорску споўніцца паўвека. Да гэтай падзеі тут рэалізоўваецца ўнікальны праект з красамоўнай назвай «Горад-сад», які закліканы ператварыць Салігорск у адзін з прыгажэйшых населеных пунктаў сталічнай вобласці. У згаданую справу летась, па дадзеных райвыканкама, ўжо ўклалі каля трыццаці мільярдаў рублёў.

Звыш дзесяці мільярдаў з іх ахвяравалі на ажыццяўленне праекта мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі, больш мільярда зарабілі на суботніках самі гараджане. Сёлета работы будуць працягвацца.

Воблік Салігорска да залатога юбілею зменіцца непазнавальна. У горадзе адрамантуюць і пафарбуюць фасады ста дзевятнаццаці дамоў. Дарэчы, для кожнай вуліцы тут выбраны свой дамі-ніруючы колер. Ды і самі вуліцы будуць рэканструяваны, на іх з’явіцца мноства дрэў, кустоў і кветак.
Цэнтральная частка сталіцы беларускіх шахцёраў ператворыцца ў пешаходны бульвар. Тут будуць шырока выкарыстоўвацца разнастайныя малыя архітэктурныя формы, каляровыя каркасы і аркі для зеляніны. Рэканструююць і гарадскі парк: ён стане «Паркам чатырох стыхій». Акрамя таго, у Салігорску ўзвядуць шмат новых аб’ектаў - крыты рынак, спартыўна-відовішчны комплекс з лядовай арэнай, маладзёжна-забаўляльны цэнтр і шэраг іншых.
Аднак унікальнасць праекта ў тым, што ён ідзе далей і глыбей звычайнага добраўпарадкавання. Рэалізацыя праекта кардынальным чынам палепшыць якасць жыцця мясцовых жыхароў, поўнасцю або часткова ліквідуе мноства сацыяльных праблем, якія даўно наспелі ў Салігорску.

Реклама

Водная праблема
Адна з іх звязана з забеспячэннем горада вадой. Яе сталіца беларускіх шахцёраў штосутачна спажывае звыш трыццаці тысяч кубічных метраў. Паступае ж вада сюды са Случчыны — па адзінай нітцы вадавода, якая служыць ужо больш чатырох дзесяткаў гадоў. За гэты час вадавод парадкам знасіўся: аварыі здараюцца ледзь не кожны месяц. Сітуацыю крыху ратаваў хіба што водазабор «Бярозка» (яго пазалетась пабудавалі на ўскрайку Салігорска), які выдаваў чатыры тысячы кубаметраў вады.
Праект «Горад-сад» прадугледжвае вырашэнне згаданай праблемы. У чэрвені мінулага года была ўведзена ў эксплуатацыю другая чарга «Бярозкі». Гэта адразу павялічыла магутнасць водазабору да дзевяці тысяч кубаметраў вады ў суткі. Акрамя таго, распрацаваны праект будаўніцтва другой ніткі вадавода Бялевічы — Салігорск, даўжыня якой васемнаццаць кіламетраў. Падрад на ўзвядзенне аб’екта, што абыйдзецца бюджету ў сем з паловай мільярда рублёў, выйграла адкрытае акцыянернае таварыства «Салігорскпрамбуд». ААТ абавязалася пракласці вадавод за сем месяцаў, замест прапанаваных заказчыкам сямнаццаці. Якраз да юбілею сталіцы беларускіх шахцёраў.

Ноу-хау для Салігорска
Наступная праблема звязана з інжынернымі сеткамі. Яны таксама досыць знасіліся. Салігорцы яшчэ добра памятаюць буйную аварыю, якая ў канцы мінулага года здарылася на цэнтральным каналізацыйным калектары. Тады давялося тэрмінова мяняць аж восемдзесят чатыры пагонныя метры адной з нітак таго калектара, размешчанага на глыбіні сем метраў. Дык вось, рэканструкцыя гарадскіх вуліц, што праводзіцца ў рамках праекта, уключае ў сябе і рэканструкцыю інжынерных сетак. Каб потым ужо не парушаць новы асфальт.
Пра цэнтральны калектар варта сказаць асобна. Ён пракладзены пад вуліцай імя Канстанціна Заслонава. Каб не капаць там глыбокія траншэі, для рэканструкцыі калектара вырашана прымяніць ноу-хау: новую пластыкавую трубу проста ўцягнуць унутр старой бетоннай, папярэдне разрэзаўшы бетон спецыяльным нажом. Такую арыгінальную тэхналогію, што значна патанняе рамонтныя работы, асвоіла сталічная фірма «Белтрубсервіс». Яе і запрасілі сюды.
Салігорск у перыяд падрыхтоўкі да свайго юбілею стаў сапраўдным палігонам для апрабіравання розных навейшых тэхналогій. Скажам, для пакрыцця праезных частак тут скарыстоўваецца новы шчэбенемастычны асфальт. Такі гатуюць пакуль толькі на Случчыне. Сёлета ў горадзе шахцёраў намечана распачаць узвядзенне смеццеперапрацоўчага комплексу — наогул для рэспублікі ўнікальнага. У ролі заказчыка выступае мясцовая фірма «Экакомплекс», якая даўно і паспяхова ўкараняе ў Салігорску раздзельны збор бытавых адходаў.
Экалагічны аспект
Яшчэ адна праблема — экалогічная. Некаторыя калектары гарадской ліўневай каналізацыі нясуць свае сцёкі праміком у Салігорскае вадасховішча. Урон воднай фаўне і флоры вялікі. Сёлета пачнецца ўзвядзенне ачысных збудаванняў. Калі згаданы аб’ект будзе гатовы, надыйдзе час для добраўпарадкавання пляжнай зоны сажалкі, паглыблення ды ачысткі яе дна.

Новае жыллё для гараджан
Жыллёвае пытанне стаіць у сталіцы беларускіх шахцёраў вельмі востра. У райвыканкаме ды на прадпрыемствах у чэргах на паляпшэнне жыллёвых умоў значацца звыш адзінаццаці тысяч чалавек. Праект «Горад-сад» у значнай ступені аблегчыць сітуацыю: і летась, і ўжо сёлета тут разгарнулася будаўніцтва адзіна-ццаці шматпавярховых дамоў. Дзевяць мяркуюць здаць да юбілею горада. Некаторыя з іх вырастуць у новым — васемнаццатым мікрараёне, дэталёвая планіроўка якога заканчваецца. Такім чынам будзе закладзена аснова для далейшага дынамічнага росту Салігорска.

Крыніцы фінансавання

Па некаторым аб’ектам, пуск якіх будзе прымеркаваны да юбілея горада, ужо вызначыліся крыніцы фінансавання. Скажам, па спартыўна-відовішчнаму комплексу, узвядзеннем якога займаецца тое ж ААТ «Салігорскпрамбуд». Яму належыць асвоіць тут каля пяцідзесяці мільярдаў рублёў. Дык вось, падчас нядаўняй сустрэчы старшыні канцэрна «Белнафтахім» Валерыя Казакевіча і старшыні Мінаблвыканкама Леаніда Крупца быў падпісаны пратакол, згодна якому ў пачатку гэтага года канцэрн выдзяліць для будоўлі дваццаць чатыры мільярды рублёў. Яшчэ дзесяць мільярдаў выдаткуе абласны бюджэт. Узвядзенне другой чаргі комплексу — падземнага паркінга і некаторых іншых аб’ектаў - таксама прафінансуе «Белнафтахім». Свой уклад зрабіў і «Беларуськалій»: вытворчае аб’яднанне аплаціла летась падрыхтоўчыя работы на будпляцоўцы — звыш пяці мільярдаў рублёў.
Ужо зараз зразумела: уласных будаўнічых сіл для поўнай і своечасовай рэалізацыі праекта «Горад-сад» Салігорску не хопіць. Таму да работы будуць прыцягвацца і арганізацыі з боку.

Сяргей Любшын

“Горад-сад” і якасць жыцця
Добраўпарадкаванне Салігорска па праекту «Горад-сад» ідзе далей і глыбей звычайнага добраўпарадкавання. Яго рэалізацыя кардынальным чынам палепшыць якасць жыцця мясцовых жыхароў

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии