Надзеі на памятныя знаёмствы

0

Ты не паверыш, чытач, але менавіта такога госця ў рэдакцыі мы і чакалі напярэдадні Новага 2008 года. Чамусьці хацелася сустрэць неардынарную асобу, з вуснаў якой прагучала б віншаванне для нашых чытачоў.
Гэта быў той выпадак, калі чытач сам паспяшаў нагадаць, што газету робім разам. Да нас у госці з некалькімі вершамі завітаў Міхаіл Фёдаравіч Янковіч, жыхар вёскі Падліпцы Слуцкага раёна. Чалавек здзіўляў адначасова сціпласцю і нейкай асаблівай жыццёвай энергіяй, памяццю фактаў і падзей аб перажытым. І гэта, ты не паверыш, чытач, не гледзячы на тое, што ў ліпені 2007 года ён адзначыў сваё 85-годдзе!
Да 1971 года Міхаіл Фёдаравіч працаваў настаўнікам у Бязверхавічскай школе. Ён выкладаў нямецкую мову і матэматыку. Любімай справе аддаў 26 гадоў.
Надзеі на памятныя знаёмствыЗакончыў Слуцкае педвучылішча ў 1941 годзе, якраз, калі фашысцкія самалёты бамбілі горад. У 1944 годзе яго прызвалі на службу (Міхаіл Фёдаравіч неяк ліха, з салдацкім задорам, на беларускай мове называе сваё вайсковае злучэнне, дзе праходзіў службу) ў 55-ую Іркуцка-Пінскую, ордэна Леніна, тройчы Чырвонасцяжную, ордэна Суворава, імя Вярхоўнага Савета РСФСР дывізію. Быў вельмі меткім стралком. А валоданне нямецкай мовай, якая яму добра далася пад час навучання ў педвучылішчы, дапамагло не ў адным эпізодзе вайны. Пад час баёў ва Усходняй Прусіі за захоп палонных быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Пазней ваяваў на 1-ым Украінскім фронце (пад камандаваннем маршала Івана Конева), удзельнічаў у затрыманні генерала Власава. У Чэхіі, у мястэчку Мельнік, і сустрэў Дзень Перамогі. Пешшу з Чэхіі праз усю Польшчу вайсковае злучэнне перадыслацыравалася ў Гродна. Працягваў службу ў контрразведцы. Трымае ў памяці ўсе дробязі аперацыі па захопу памочніка Бэндэры ў адным з касцёлаў Даўгаўпілса, за што атрымаў 20 сутак водпуску.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на Случчыну. У 1956 годзе закончыў Баранавічскі настаўніцкі інстытут па спецыялізацыі «Беларуская мова і літаратура». Працаваў у школе, удзельнічаў і перамагаў у спаборніцтвах па стральбе. Друкаваў свае вершы ў раённай газеце, у «Звяздзе».
Актыўны вобраз жыцця дапамог Міхаілу Фёдаравічу захаваць бадзёрасць і рухавасць на самыя доўгія гады.
Чалавек з такім цікавым лёсам завітаў да нас у рэдакцыю, каб перадаць свае сардэчныя віншаванні ўсім чытачам «Кур’ера»:

Новы год, верце, будзе —
Час імклівы ідзе без мер,
Пажаданняў больш прыбудзе
Для газеты «Інфа-Кур’ер».

З аптымізмам Новы год страчаем.
Дарагі ты наш чытач,
Шчыра ўсім вам пажадаем
Шчасця, радасці, удач!

Реклама

Нам падалося, што менавіта дзякуючы такім дабразычлівым, працавітым і самаадданым людзям і квітнее наша Случчына. Сустрэчы з імі заўсёды натхняюць. Няхай жа і Новы 2008-ы год радуе ўсіх нас знаёмствамі з такімі людзьмі, няхай будзе багаты добрымі, прыемнымі навінамі!
З Новым годам! З новымі надзеямі!

Рэдакцыйны калектыў «Кур’ера»

P.S. Выказваем шчырую падзяку ўсім чытачам, якія рабілі раней і зрабілі зараз выбар на карысць «Кур’ера»! Адрасуем нашу павагу і святочныя віншаванні пазаштатнікам, прадпрымальнікам і ўсім арганізацыям і ўстановам, якія знаходзілі плён у сумеснай працы па інфармаванню чытацельскай аўдыторыі газеты.
Прабачце, што не можам усіх персанальна пералічыць, але рэдакцыйны калектыў выказвае свае сяброўскія: «Шануем! Памятаем! Дзякуем!»

Міхаіл Фёдаравіч Янковіч: «Каб у Новым 2008-ым годзе мы жылі ў лепшай згодзе!»

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии