Слуцкая гімназія: стагоддзі працы на карысць Бацькаўшчыны

2
Реклама

Славутай Слуцкай гімназіі сёлета споўнілася 390 год. Безумоўна, з’яўленне яе было невыпадковым, бо кожная навучальная ўстанова нараджаецца ў пэўнай мясцовасці і ў пэўных умовах. Агульны стан культуры Случчыны аказаў вялікі ўплыў на высокі ўзровень працы гімназіі, амаль з пачатку яе заснавання. І яна, у сваю чаргу, не магла не аказаць уплыў на жыццё наваколля, здабыўшы нашаму краю на стагоддзі званне славутага цэнтра адукацыі. Нездарма ж да сённяшняга часу Случчына здзіўляе вялікай колькасцю сваіх выдатных і знакамітых паходжанцаў. Ведаў бы Януш Радзівіл, які працяг будзе мець яго рашэнне аб заснаванні вучылішча з простай мэтай — «павелічэння багаслужэння евангелічнага».

Заснавальнікі
Януш VІ Радзівіл — сын Крыштофа-Мікалая Радзівіла. Уладаром Случчыны стаў у 1612 годзе, пасля смерці жонкі княгіні Сафіі Алелькавіч. Па веравызнанню быў кальвіністам. Застаючыся верным раней узятым на сябе абавязкам па абароне праваслаўных жыхароў краю, прыкладаў намаганні і па пашырэнню кальвінскага веравучэння. З гэтай мэтай у 1617 годзе заклаў у Слуцку кальвінскі храм і пры ім навучальную ўстанову, дзейнасць якая пачала як невялікая школа (вучылішча). Сам Слуцк па волі князя ператварыўся ў прыстанішча прадстаўнікоў рэфармацкіх вучэнняў, ганімых з іншых месцаў у выніку наступу контррэфармацыі.
Януш паходзіў з роду прадстаўнікоў біржанскай галіны Радзівілаў, пачатак якому даў яго дзед Мікалай Радзівіл «Рыжы», які займаў важнейшыя дзяржаўныя пасты, лічыўся нават неафіцыйным правіцелем ВКЛ. Бацька Януша Крыштоф-Мікалай Радзівіл праславіўся як выдатны ваявода: з 1589 года быў вялікім гетманам ВКЛ, за поспехі ў вайсковай справе атрымаў мянушку «Пярун». Маці Януша — княгіня Кацярына паходзіла са знакамітага роду праваслаўных князёў Астрожскіх.
Адукацыю атрымаў у Вільні, потым у вышэйшых навучальных установах Германіі. Ставіўся апазіцыйна да каралеўскіх улад, якія падтрымлівалі контррэфармацыю, і гэта каштавала яму дзяржаўных пасад. Прымаў удзел амаль ва ўсіх войнах, у 1606 годзе далучыўся да антыкаралеўскага мяцяжу. Памёр (магчыма, быў па-здрадніцку забіты) непадалёку ад Гданьска ў 1620 годзе. Ад яго Случчына перайшла ў спадчыну Багуславу Радзівілу — сыну ад другой жонкі Эльжбеты Сафіі Брандэнбургскай. Да паўналецця Багуслава яго апекуном і кіраўніком краю стаў дзядзька Крыштоф Радзівіл.

Крыштоф Радзівіл — сын Крыштофа-Мікалая Радзівіла «Пяруна» ад яго трэцяй жонкі Кацярыны Тэнчынскай, якая ў першым шлюбе была жонкай князя слуцкага Юрыя ІІ Алелькавіча.
Быў кальвіністам. Праявіў сябе як здольны ваявода, стаў польным, пазней вялікім гетманам, але ў многіх ваенных дзеяннях з-за канфлікту з каралеўскай уладай не ўдзельнічаў. З’яўляўся адным з самых прыкметных магнатаў ВКЛ. Пасля смерці брата Януша стаў апекуном яго непаўналетняга сына Багуслава.
Менавіта ён рэалізаваў задумку Януша і надаў статус гімназіі слуцкай кальвінскай школе, у якой вучыўся і яго сын Януш, будучы вялікі гетман Літоўскі.

Даследчыкі і асветнікі гісторыі ўстановы
Пра гімназію ёсць матэрыялы ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе. Іх аўтары — многія мясцовыя журналісты, краязнаўцы, выкладчыкі, беларускія пісьменнікі Алесь Марціновіч, Яўген Гучок і іншыя. Але асаблівую ўвагу заслугоўваюць наступныя аўтары:
Іван Аляксандравіч Глебаў (1864 -?) — гісторык і педагог, выкладчык гісторыі Слуцкай гімназіі. У 1903 годзе ў друкарні А.Г. Сыркіна ў Вільні з’явілася яго выданне «Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617—1630 - 1901 гг.»

Реклама

Рыгор Віктаравіч Родчанка (1939 -1994) — краязнавец, педагог, аўтар выданняў, прысвечаных гісторыі і культуры Случчыны. У 1985 го-дзе ў выдавецтве «Народная асвета» выйшла яго кніга, прысвечаная гісторыі сярэдняй школы № 1 «Старэйшая школа Беларусі».

Анатоль Пятровіч Грыцкевіч (нар. у 1929 г.) — доктар гістарычных навук, прафесар, аўтар публікацый і выданняў, прысвечаных гісторыі Случчыны. У кнізе «Древний город на Случи» (Мн.1985) асвятляе гісторыю асветы і навучання ў горадзе, у тым ліку дзейнасць слуцкай гімназіі.

Старонкі гісторыі
20 мая 1617 года — выданне Янушам Радзівілам граматы аб заснаванні ў Слуцку евангелісцкага храма і вучылішча пры ім.
1624 год — пераўтварэнне па загаду Крыштофа Радзівіла вучылішча ў гімназію.
6 лістапада 1630 года — пачатак заняткаў у новым фундаментальным драўляным вучэбным корпусе.
1775 — 1778 гады — пераўтварэнне кальвінскай гімназіі ў публічнае евангелічнае вучылішча, праграма якога не давала сярэдняй адукацыі.
1809 год — Слуцкае публічнае евангелічнае вучылішча ператворана ў 4-х класнае павятовае публічнае вучылішча. Прыватная спачатку ўстанова пачала пераходзіць пад кантроль дзяржавы.
1824 год — установе вернуты статус гімназіі.
1829 — 1840 гады — будуецца мураваны корпус Слуцкай гімназіі.
1840 — 1856 гады — перавод выкладання ў гімназіі на рускую мову.
1868 год — пераўтварэнне кальвінскай гімназіі ў свецкую — класічную рускую мужчынскую гімназію.
1915 — 1916 гады — эвакуацыя гімназіі з прыфрантавога Слуцка ў Пензу.
1922 — 1927 гады — пераўтварэнне гімназіі ў гарадскую сямігадовую школу № 1.
1932 — 1935 гады — пераўтварэнне 1-й слуцкай сямігодкі ў СШ № 1 з дзесяцігадовым тэрмінам навучання.
1941 — 1944 гады — перапынак дзейнасці ў сувязі з нямецка-фашысцкай акупацыяй горада.
1 верасня 1944 года — пачатак заняткаў, якія аднавіла беларуская пачатковая школа № 1.
1 верасня 1949 года — пачатак дзейнасці сярэдняй школы № 1, якая з беларускай ператворана ў рускую.
1980 год — завяршэнне будаўніцтва новага корпусу СШ № 1.
1 верасня 1998 года — пачатак дзейнасці ўстановы ў статусе Слуцкай гарадской гімназіі № 1

«У гэтай школе ёсць усё, што неабходна для дасягнення найвышэйшай ступені ўдасканалення. Тое, што іншым ліцэям здабыло славу і значэнне, ёсць у дастатку і ў нас… Да гэтага трэба дадаць таленавітасць жыхароў…, якое ні ў чым не саступае хараству і замілаванню мясцовасці… Прыходзьце ж усе, каму дарагая радзіма, хто правільна ацэньвае мэтанакіраванасць сваіх учынкаў! Нікому не закрыты шлях! Адчынены дзверы, што вядуць да нашых грацый і муз, для ўсіх сумленных і шчырых людзей.»
Вытрымка са Статута Слуцкай школы 1628 года

Выпускнікі і навучэнцы
Януш Радзівіл (1612−1655). Сын Крыштофа Радзівіла. Знакаміты дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, кальвініст. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі, потым ва універсітэтах Германіі. Кіраваў падаўленнем антыфеадальнага паўстання 1648−1651 гадоў. Прымаў удзел у вайне з Расіяй 1654 -1667 гадоў. Быў ініцыятарам заключэння уніі ВКЛ са Швецыяй, якая не адбылася. З’яўляўся апекуном пратэстантаў у Вялікім княстве Літоўскім.

Ілья Фёдаравіч Капіевіч (1651−1714). Выпускнік, пазней настаўнік у Слуцкай гімназіі, вучыўся ў Амстэрдамскім універсітэце. Літаратар, перакладчык, асветнік і кнігавыдавец, садзейнічаў распаўсюджванню асветы і навуковых ведаў у Расіі. Аўтар першай на рускай мове зорнай карты.

Генрых Кулакоўскі. Выпускнік Слуцкага кальвінскага вучылішча 1825 года. Прафесар медыцынскіх навук, заснавальнік першай у Расіі клінікі па хваробах скуры.

А.А Непакайчыцкі. Выпускнік Слуцкай гімназіі, генерал-лейтэнант, удзельнік вайны з Турцыяй у 1853 годзе. Начальнік штаба Паўднёва-Дунайскай арміі, якая дапамагала ў вайне 1877−1878 гадоў вызваліцца Балгарыі ад турэцкага панавання.

Альгерд Рышардавіч Абуховіч (1840−1898). Пісьменнік-дэмакрат і перакладчык, педагог-асветнік, пачынальнік жанру байкі ў беларускай літаратуры. Адзін з заснавальнікаў метаду крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, удзельнік паўстання 1862 -1863 гадоў.

Адам Плуг (Антон Антонавіч Пяткевіч, 1823 -1903). Польскі і беларускі пісьменнік і журналіст.

А. Я. Красоўскі (1821- ?). Выпускнік Слуцкай гімназіі, скончыў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, класік расійскага акушэрства і гінекалогіі.

Вітольд Карлавіч Цераскі (1849−1925). Выпускнік гімназіі 1860-х гадоў, у 1890 — 1915 гады дырэктар Маскоўскай абсерваторыі, прафесар, аўтар тэарэтычных прац па астраноміі. Вылічыў велічыню Сонца і вызначыў ніжэйшую мяжу яго тэмпературы.

Л.С. Сеўрук. З залатым медалём скончыў гімназію ў 1885 годзе. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. Выкладчык Пецярбургскага сіроцкага інстытута. Аўтар падручнікаў па прыродазнаўству, аўтар кнігі па батаніцы на беларускай мове.

С.У. Ачапоўскі (1878−1945). Доктар медыцынскіх навук, акуліст. Скончыў Слуцкую гімназію з залатым медалём у 1896 годзе. Вучыўся ў Ваенна-медыцынскай акадэміі. Працаваў у Краснадарскай вайсковай бальніцы, арганізатар і кіраўнік кафедры вочных хвароб пры Краснадарскім універсітэце.

Уладзімір Аляксандравіч Дубовік (1903−1987). Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Генерал-лейтэнант, выкладчык ваеннай акадэміі імя Фрунзе, узначальваў ваенную дэлегацыю СССР у ААН, быў ваенным аташэ ў ЗША.

Анатоль Фядзюшын. Выпускнік гімназіі 1910-х гадоў. Доктар біялагічных навук, заслужаны дзеяч навук РСФСР, прафесар, працаваў у Омскім сельскагаспадарчым інстытуце. Аўтар манаграфіі «Птушкі беларусі».

І спіс славутых імён яшчэ можна доўга працягваць…

«Славу школе, як вядома, прыносяць не толькі педагогі, але і лепшыя вучні. Калі з гэтага боку глянуць на яе гісторыю, то пераканаемся, што са сцен школы выйшлі выдатныя вучоныя, пісьменнікі, мастакі і іншыя дзеячы, некаторыя з іх набылі сусветную вядомасць.»
З кнігі Рыгора Родчанкі «Старэйшая школа Беларусі»

З першых вуснаў: слова дырэктару
Яўгеній Рыгоравіч Жартун (дырэктар школы № 1 і гімназіі № 1 у 1977 — 1999 г. г)
Калі ў 1997 годзе Слуцкі гарвыканкам прыняў рашэнне аб утварэнні ў горадзе гімназіі, узнікла пытанне: на базе якой школы гэта зрабіць. Гісторыя падказвала, што лепшы кандыдат — сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 1. Мясцовая ўлада прыняла адзінае правільнае рашэнне, хоць на гэты конт былі розныя меркаванні, а сярод прэтэндэнтаў лічыліся яшчэ две ўстановы адукацыі.
Я ганаруся, што мне, дырэктару СШ № 1, давялося весці падрыхтоўчыя работы, афармляць дакументы, фарміраваць аснову педагагічнага калектыву, даводзіць да неабходных патрабаванняў матэрыяльна-тэхнічную базу адноўленнай гімназіі. У гэтым статусе яна пачала працаваць з 1 верасня 1998 года. Менш чым праз год мяне абралі старшынёй Слуцкага гарадскога Савета дэпутатаў. Прызнаюся, што пакідаць родную школу было шкада. Я там адпрацаваў 22 гады — лепшыя гады майго жыцця. Да гэтага часу я падтрымліваю добрыя сувязі з адміністрацыяй, настаўнікамі і выпускнікамі гімназіі, уважліва сачу за яе поспехамі. На маю думку, гімназія зацвердзіла сябе як вядучая вучэбная ўстанова Случчыны, і менавіта яна задае тон у адукацыйнай справе нашага славутага краю.
Віншую ўсіх яе настаўнікаў, вучняў і выпускнікоў са знамянальным святам — 390-годдзем установы. Жадаю ім здароўя і новых здзяйсненняў на карысць нашай роднай Беларусі.

Ларыса Васільеўна Ярмакова (дырэктар гімназіі № 1 з 1999 г.)
Я прыйшла ў гімназію ў якасці намесніка дырэктара па навуковай і метадычнай працы. Работа мяне захапіла. Сумесна з калектывам распрацоўваліся канцэпцыя гімназіі і яе статут. Трэба было ўкараніць і новыя падыходы да навучальнага працэса. Нам удалося згуртаваць настаўнікаў вакол гэтых мэтаў. Ужо на трэці год свайго існавання ў новай іпастасі гімназія заняла першае месца ў горадзе па прадметных алімпіядах. Гэтую пазіцыю мы трывала ўтрымліваем і сёння.
Адукацыйныя мадэлі, якіх мы прытрымліваемся, накіраваны на індывідуальную працу з навучэнцамі. Напрыклад, сёлета ў 11-х класах на 47 выпускнікоў прыпадае 32 навучальныя планы. Фактычна, кожнаму вучню мы забяспечваем індывідуальную траекторыю развіцця. Менавіта ў гэтым і ёсць падмурак нашых поспяхаў. За дзевяць гадоў існавання гімназіі нашы вучні здабылі шэсць медалёў і дыпломаў на міжнародных алімпіядах. На маю думку, гэта дастойны вынік.
Калі я ўпершыню знаёмілася са Статутам Слуцкай школы 1628 года, мяне да глыбіні душы кранулі радкі, дзе да случчан гучаў заклік: «Прыходзьце ж усе, каму дарагая радзіма, хто правільна ацэньвае мэтанакіраванасць сваіх учынкаў! Нікому не закрыты шлях!» Гэтыя словы натхняюць нас і сёння. Дакладней, яны нас абавязваюць да творчай працы.
Мяркую, што выпускнікі апошніх гадоў нашай гімназіі яшчэ скажуць важкае слова і сваёю працай прынясуць карысць радзіме, як і яе славутыя папярэднікі за гэтыя амаль чатыры стагоддзі гісторыі старэйшай школы Беларусі.

Ігар Ціткоўскі, Сяргей Багдашыч

Реклама