Праваслаўны святы Гаўрыіл

1

На адметнасць культуры і духоўнага жыцця Случчыны напрацягу ўсёй гісторыі асаблівы ўплыў аказвала Праваслаўе. Прычынай гэтаму былі яго пазіцыі, якія заставаліся моцнымі, дзякуючы апецы ўладароў краю, стойкасці святароў слуцкіх праваслаўных храмаў у цяжкія для іх ХVІІ-ХVІІІ стагоддзі, адданасці мяшчан і сялян веры сваіх продкаў.

Сёння можна назваць многіх, чые імёны засталіся ў гісторыі краю дзякуючы працы на ніве праваслаўнай веры.

Слуцкія святыя
Найбольш вядома цяпер імя святой праведнай княгіні Сафіі Слуцкай (1585−1612) — апошняй прадстаўніцы слаўнага роду князёў Алелькавічаў. У Слуцку ёй усталяваны помнік, у Мінску існуе праваслаўны прыход у яе гонар і будуецца храм.
На працягу трохсот гадоў як мясцовапачытаемая нябесная абаронца краю, хаця афіцыйна і не кананізаваная, шанавалася яшчэ адна слуцкая княгіня Анастасія Слуцкая (1473−1524). Яе іканапісная ў поўны рост выява (дарэчы, разам з падобнай выявай мужа — князя Сімяона Алелькавіча, якому аддавалася аналагічнае шанаванне) да пачатку ХХ стагоддзя размяшчалася ў саборы слуцкага Троіцкага манастыра.
У літаратуры можам сустрэць імя яшчэ аднаго праваслаўнага святога — Гаўрыіла Слуцкага (1684−1690).

Реклама

З жыцця Гаўрыіла
У літаратуры ўпамінаецца імя гэтага святога як Гаўрыіла Заблудаўскага, Гаўрыіла Слуцкага, апошнім часам пераважна як Гаўрыіла Беластоцкага. Памылкі тут няма, гэтаму ёсць прычыны. Іншым разам недасведчаныя аўтары ў цяперашніх папулярных або навукова-папулярных творах памылкова прыводзяць усе прозвішчы як назвы трох асобных святых.
Святы мучанік Гаўрыіл з’яўляецца адным з пачытаемых у ліку Сабора беларускіх святых, святкаванне якіх распачалося з 1984 года па благаславенні патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена і прыпадае на трэццюю нядзелю Пяцідзесятніцы (Тройцы). Асобна памяць святога Гаўрыіла Беластоцкага адзначаецца 20 красавіка (3 мая па новым стылі).
Нарадзіўся Гаўрыіл 22 сакавіка 1684 года. Яго бацькамі былі жыхары сяла Зверкі, што непадалёку ад Заблудава, — Анастасія і Пятро Гаўдзель. Калі яму мінула шэсць гадоў, адбылося няшчасце. 11 красавіка 1690 года ён прапаў, а праз нейкі час цела замучанага дзіцяці было знойдзена ў полі каля Беластока. Правялі следства, якое прыйшло да высновы, што зладзейства ўчыніў жыхар Зверкаў арандатар Шутко. Улады, пасля правядзення следства, вырашылі, што гэта былі дзеянні прадстаўніка ізуверскай секты. Быў пахаваны Гаўрыіл 20 красавіка на цвінтары заблудаўскай царквы.
Праз трыццаць гадоў, калі на тым жа месцы адбываліся новыя пахаванні, труна з целам дзіцяткі была адкрыта. Яго неспарахнелыя мошчы відавочна сведчылі аб асобай благадаці Божай да маленькага пакутніка. Труну з яго целам перанеслі ў царкоўны склеп, і з тога часу пачалося ўшанаванне мучаніка Гаўрыіла.

ХVІІІ стагоддзе
У ХVІІІ стагоддзі ў ліку іншых тэрыторый, што з’яўляліся ўласнасцю гаспадароў Случчыны, было Заблудаўскае графства. У 1746 годзе ў Заблудаве адбыўся пажар, і царква згарэла. Але мошчы святога засталіся непашкоджанымі. Праз нейкі час архімандрыт Слуцкага Троіцкага манастыра Міхаіл Казачынскі звярнуўся да князя слуцкага Гераніма Фларыяна Радзівіла з просьбай дазволіць перанесці мошчы святога Гаўрыіла з Заблудава, дзе ўмоў для іх захавання не стала, у Слуцк.
Постаць Міхаіла Казачынскага (1699−1755) у гэтай сувязі заслугоўвае таксама нашай увагі. Родам ён быў з Украіны. Пасля вучобы ў славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве правёў вандроўку па заходнееўрапейскіх краінах. Добрую памяць па сабе аставіў у Сербіі, дзе займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, заснаваў школу, праславіўся як духоўны і літаратурны дзеяч. Перад тым, як прыбыць у Слуцк, быў манахам Кіеўскага Выдубіцкага манастыра, займаўся выкладчыцкай і літаратурнай дзейнасцю.
Непасрэдна да спраў у новай якасці прыступіў у 1750 годзе. Архімандрыт Міхаіл імкнуўся пашырыць славу і вядомасць Слуцкага Троіцкага манастыра. Таму калі заблудаўская царква згарэла, Казачынскі дамогся княжацкага дазволу на перанос мошчаў святога Гаўрыіла ў Слуцк. Было атрымана благаслаўленне Кіеўскага мітрапаліта, справа ўзгаднялася з польскім каралём і канстанцінопальскім патрыярхам. Падзея адбылася ў маі 1755 года. Яна прыцягнула ўвагу насельніцтва ўсіх мясцін па шляху з Заблудава ў Слуцк. Архімандрытам Міхаілам быў напісаны верш, у якім расказвалася пра жыццё і смерць святога пакутніка-дзіцяткі. Аддрукаваным на асобных аркушах паперы гэты верш раздаваўся людзям па шляху ўрачыстай працэсіі. У работах некаторых даследчыкаў савецкіх часоў мы можам сустрэць выказванні, што Міхаіл Казачынскі ператварыў перанос мошчаў святога ў тэатралізаванае дзейства, своеасаблівае шоу. Аднак, адзначым, што мы разглядаем ХVІІІ стагоддзе — эпоху барока, эстэтыка якога як раз патрабавала незвычайнасці і пышнасці. У сапраўдныя тэатралізаваныя дзеянні ператвараліся не толькі шматлікія ўрачыстасці - вяселлі, прыёмы паважаных асобаў і гэтак далей, але нават і пахаванні магнатаў. Так што тут мы можам назваць Казачынскага не толькі добрым арганізатарам і кіраўніком, але і знаўцам культуры і эстэтычных запатрабаванняў свайго часу. Перанос з Заблудава ў Слуцк мошчаў святога Гаўрыіла стаў апошняй значнай справай архімандрыта Міхаіла. У тым жа 1755 годзе ён памёр. Пахавалі Казачынскага на цвінтары Троіцкага манастыра.

Слуцкая святыня
З 9 мая 1755 года, пасля пераносу ў Слуцк, мошчы святога Гаўрыіла сталі галоўнай святыняй Троіцкага манастыра. Рака з яго мошчамі размяшчалася ў цёплай Увядзенскай царкве. Калі напрыканцы ХVІІІ стагоддзя былі завершаны работы па адбудове мураванага манастырскага Троііцкага сабора, драўляная труна з целам святога ад Пасхі і да 22 кастрычніка размяшчалася ў левым прыдзеле сабора. А на зіму яе пераносілі ў цёплую дамавую царкву, якой, пасля пабудовы ў 1867 годзе двухпавярховага мураванага манастырскага будынка, стала размешчаная ў адным з яго пакояў Благавешчанская царква.
Праваслаўнай царквой памяць святога адзначаецца 20 красавіка (3 мая па новым стылі). Але ў Слуцку ў ХІХ стагоддзі ўрачыстасці было прынята праводзіць у дзень сашэсця Святога Духа. Мошчы святога Гаўрыіла ўрачыста абносілі вакол Троіцкага сабора, а потым ставілі пасярэдзіне храма на пакланенне вернікам. На богаслужэнне сцякалася насельніцтва не толькі са Слуцкага, але і з навакольных паветаў - і праваслаўныя, і католікі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў манастыры непадалёку ад уваходнай брамы была ўзведзена адмысловая драўляная капліца, і з гэтага часу тут на працягу цёплай пары года знаходзіліся мошчы святога.
Пасля закрыцця Слуцкага Троіцкага манастыра ў 1925 годзе мошчы святога Гаўрыіла трапілі ў Мінск, пазней, пад час вайны, у Гродна, а з 1992 года знаходзяцца на тэрыторыі цяперашняй Польшчы — у Мікалаеўскім саборы горада Беластока. У гэтым можам бачыць гістарычную справядлівасць — святы Гаўрыіл вярнуўся на сваю радзіму. Вернікамі пачытаецца святы Гаўрыіл як апякун і заступнік малалетніх хворых дзяцей.

Ігар Ціткоўскі

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии