Хаджэнне па сталовых

0

У адну з лістападаўскіх субот у 13-й гадзіне рашыў я паабедаць у кафэ «Колас», што месціцца ў будынку гасцініцы «Слуцк». Заходжу ў залу, а там на састаўленых у адзін шэраг сталах бутэлькі са спіртнымі напоямі, талеркі з закускамі. «У нас спецзаказ — свадьба», — патлумачыла мне афіцыянтка. Выходжу і саджуся на маршрутную «дзесятку» ля Дома культуры. Еду да рынку: там непадалёку ёсць сталовая. Аднак дзверы і тут былі на замку з абвесткай: «У нас спецобслуживание». Яшчэ адно вяселле.
Шыбую па лужынах праз рыначную плошчу да будынку сталовай, якая знаходзіцца па-за гандлёвымі шапікамі і палаткамі. Ля дзвярэй жанчына ў ладным фартушку перагароджвае шлях і папярэджвае: «У нас спецобслуживание, закрыто». А было толькі без пятнаццаці хвілінаў 14 гадзін. І тут вяселле? Адказвае, што не — памінкі. Невязуха — і толькі.
Пасля таго, як я сказаў жанчыне, што мяне з-за спецзаказаў не пусцілі ўжо ў дзьвух сталовых, яна адчыніла дзверы, падала абед з трох даволі смачных страў, да таго ж не дорага — усяго за 2 400 рублёў. Падзячыў ёй і выйшаў. Перад дзвярыма стаяла чалавек чатыры немаладых мужчынаў сялянскага выгляду, якія, пэўна, таксама хацелі паабедаць і спазніліся.
У той дзень, як мне засведчылі ў раённым ЗАГСе, было зарэгістравана аж 40 вясельных параў! І столькі ж у пятніцу. Лічбы гэтыя, вядома, радуюць, Случчына перажывае дэмаграфічны ўзнёсак. Але ж у той суботні (і ў нядзельны таксама) дзень пад вяселлі былі заняты, лічы, усе гарадскія рэстараны і кафэ, дзяржаўныя і прыватныя. Іх работнікам ёсць пэўная выгада — узносак за абслугоўванне, уключаючы закускі і спіртныя напоі, не ідзе ні ў якое параўнанне з выручкай ад выпадковых наведвальнікаў з вуліцы, што пажадалі паабедаць, як аўтар гэтых радкоў. Вялікая колькасць зарэгістраваных за два дні шлюбных параў тлумачыцца і паспешлівасцю маладажонаў перад Вялікім праваслаўным постам.
І тым не менш, наспела патрэба, каб у сталовых у дні масавых заказаў на «спецабслугоўванне» знаходзілі месца і для шэрагавых грамадзянаў, а гэта нярэдка адзінокія пенсіянеры, вяскоўцы, што наведвалі рынак. Трэба даць ім магчымасць спакойна паабедаць, а не шукаць па гораду сталовую, якая не зачынена ў абедзены час.
У перспектыве мне бачыцца дом з некалькімі заламі, дзе б за пэўную плату маладыя маглі спраўляць вяселле. З танцавальнай залай, аркестрам, з лепшымі паварамі на кухні. Можа, з цягам часу і знойдзецца багаты прадпрымальнік, які ўзвядзе такі Палац шлюбаў і кахання.

Міхась Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии