Сустрэлі роднае за мяжой

0

Мяркую, не памылюся, калі вазьму на сябе смеласць зазначыць, што, будучы за мяжой і сустрэўшы там нешта роднае ці з роднай назвай, вас абавязкова ахопіць там, па меншай меры, хваляванне. А калі вы сустракаеце гэтае роднае і наогул на другім кантыненце, то вас ужо хутчэй ахіне гонар за сваю, хай і маленькую, радзіму.

Сыр «Слуцкі» ў Канадзе
Ніяк не думаў і не спадзяваўся, што на прылаўках адной з крамаў канадскага Лондана пад час наведвання там родных, змагу сустрэць, што б вы думалі, — сыр пад назвай «Слуцкі» нашага Слуцкага сыркамбіната.

А адбылося гэта ў магазіне «Slavyanski Market-deli». Уласнік крамы спадар Васілій родам са Столінскага раёна. У трынаццаць гадоў яго бацькі пераехалі на месца жыхарства ў Амерыку. Дзесяць гадоў таму ён стаў грамадзянінам Амерыкі, а чацвёрты год ужо жыве разам з жонкай у Канадзе. Займаецца бізнесам, арандуе даволі прасторнае памяшканне ў гандлёвым цэнтры і трымае там прыватны прадуктовы магазін.
«Прызвычаіўся і вось раблю сваю справу, — паведаў Васілій. — Не скажу, што лёгка ўсё ідзе, але працаваць можна. Наогул, у Канадзе, лічу, той, хто хоча зарабіць, калі не лянуецца, гэтага абавязкова дасягне. Кліентаў-пакупнікоў тут у нашым Лондане хапае. Задаволіць іх патрэбы не заўсёды ўдаецца, але ж вы бачыце, што асартымент тавараў у нас не благі. Больш расейскага і ўкраінскага тавару. Ёсць нават хлеб з Літвы і з Гомельскага хлебзавода». Тут, сапраўды, асартымент прадуктаў добры. Смела можна зазначыць, што, робячы стаўку на славянскія тавары, ён пераўзыходзіць і асартымент нашых слуцкіх дзяржаўных крамаў. Распаўсюджвае і рускамоўную прэсу, відэадыскі, некаторыя медыцынскія прэпараты. Тавары ўласнік завозіць з аптовых фірмаў Таронта. «Сыр „Слуцкі“ нам паставіў аптавік з Польшчы, — расказвае Васілій. — Ад яго ж атрымалі і сыр „Манастырскі“, які ўжо паспелі прадаць. Людзі казалі, што якасны і смачны. Перадавайце падзяку сваім вытворцам».
Пакупнік-галандац адзначыў, што па смаку «Слуцкi» сыр можна ўпэўнена паставiць памiж гаўдай и швейцарскiм, i калі будзе вытрымлівацца такая якасць сыру «Слуцкі», то ён прэтэндуе не саступіць лепшым сартам.

Реклама

Спадар Васілій: «Перадаю падзяку вытворцам за сыр „Слуцкі“, купляюць яго нядрэнна»
Спадар Васілій

Здымак маркету, гаспадаром якого з’яўляецца Васілій
Здымак маркету, гаспадаром якого з’яўляецца Васілій

«Слуцак» — база пад Таронта
Як аказалася, слуцкае атрымала прапіску ў Канадзе не толькі ў якасці прадуктаў. Ёсць тут месцы, назвы якіх прысвечаны гісторыі нашага края.

У 1966 годзе сябры Згуртаванння беларусаў Канады (ЗБК) скінуліся сваімі грашыма ў агульную касу і купілі ферму за 150 міляў на поўнач ад Таронта (212 акраў зямлі, з якой 80 акраў складала ворная зямля, а астатняе — лес). Ферма размяшчалася ў прыгожым месцы над вялікім возерам Манітовабінг.
Будынак перабудавалі сваімі рукамі дзеля ўтульнага мястэчка і сядзібы для адпачынку. Сядзіба з навакольнымі землямі (лес, луг, рака, возера) належаць Парафіі царквы св. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы горада Таронта і ўтрымліваецца высілкамі сябраў ЗБК.
У сваім дакладзе на 50-я ўгодкі ЗБК у 1998 годзе Кастусь Акула ў паэтычнай форме даў характарыстыку загараднага дому: «З аднаго боку — вялізнае рыбнае возера, з іншага — пушча. Некалі, прыгадваецца, нават чорны мядзведзь з той пушчы адведваў новых гаспадароў, а лес аблюбавалі бабры, што пабудавалі адпаведныя шчыльныя запруды навокал і ўтварылі возера. З гэтымі празорлівымі шкоднікамі цяжка было змагацца, але абхітрыў іх наш высокапачэсны ўладыка архіяпіскап Мікалай. Ужываючы сваю палескую вынаходлівасць і кемлівасць, ён асушыў тое бабрамі створанае возера і выратаваў наш Слуцкі лес».
У «Слуцаку» ёсць сяння некалькі катэджаў, а найбольш увыдатняецца сваёй велічнасцю хароміна блізка каля возера — двухпавярховы катэдж з пакоямі (з двухспальнымі ложкамі), з агульнай кухняй, электраплiтамi, лядоўнямі, посудам, вадаправодам з гарачай вадой, душам. Ёсць культурна арганізаванае месца для вогнішча, печ для шашлыкоў, лавы, сталы. Пабудавана лазня на беразе возера. Можна добра парыбачыць, пазбіраць грыбы, правесці бяссонныя ночы пад гітару і піва… Прырода надта нагадвае беларускія краявіды. Чыстае возера, чыстая рэчачка.
Што да назвы. «Слуцак» — гэта ўшанаванне памяці Слуцкага Збройнага Чыну — паўстання беларусаў супраць нашэсця Савецкай улады ў лістападзе 1920 года. Паўстанне было вельмі шырокім і шматлікім, пад сцягам БНР, але назву атрымала ад найбольш актыўнага атрада слуцкіх сялянаў. ЗБК штогод адзначае гадавіну Слуцкага Збройнага Чыну.

Часам сябры ЗБК ладзяць агульныя святы ў «Слуцаку». Традыцыйным стала святкаванне Купалля.

Мікола Грабянюк

База «Слуцак» — беларускі куток сярод азёр канадскай правінцыі Антарыя

База

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии