Уцёкі дадому

0

Сашка бег з усяе моцы, з апошніх сіл, баяўся, што за ім цікуе хто-небудзь з інтэрната, нагоніць і паверне назад. А ён жа так знудзіўся па дому, па маці і сястрычцы Валі. Малой пяць гадоў. Яна ходзіць у садзік. Раней ён, Сашка, яе вадзіў туды і ўвечары забіраў. А цяпер хто яе водзіць? Мамцы няма калі. Яна працуе зараз. А сястрычка такая пацешная, як скажа што — памрэш ад смеху. Усё пытаецца, куды тата паехаў…
Сашка уцёк са школы-інтэрната. Днём не было як, дык дачакаўся пакуль паклаліся спаць і пабег.
На вуліцах ужо запаліліся ліхтары. Першыя сняжынкі апускаюцца да долу і снег зіхаціць. Бегчы яшчэ далёка, кіламетры два. А сесці ў аўтобус — грошай няма. Дома Валька кінецца да яго, абхопіць за шыю ручаняткамі, і мамка таксама любіць яго. Праўда, мінулым разам яна не вельмі ўзрадавалася, убачыўшы яго, чамусьці раззлавалася:
— Ну скідай паліто, хадзем у пакой…
Маці была ў новай сукенцы, акуратна прычасаныя валасы, а вочы бліскучыя і… нейкія не родныя.
Сашка моўчкі прайшоў у пакой. Але Валькі не было. За сталом, засланым чыстым абрусам і застаўленым ежаю, сядзеў чалавек і круціў ручку тэлевізара. На Сашку нават вачэй не ўзняў.
— Дзе Валька? — у адчаі, які хлынуў на яго, хлопчык зірнуў на маці.
— Сыночак, яна захварэла, у бальніцу паклалі… Алё ёй ужо лепей. Сядай з намі.
Сашка схапіў паліто, шапку, моўчкі грукнуў дзвярыма. У інтэрнат не пайшоў. Пастукаўся да Колькі. Яны сябравалі, вучыліся раней у адным класе. Жылі побач, на адным паверсе, на адной лесвічнай пляцоўцы.
Сашку ўсяго трынаццаць гадоў, вучыцца добра, у сёмым класе. Толькі не хоча ён быць у інтэрнаце, не падабаецца: усё па камандзе — і вучыцца, і есці, і спаць.
Бегчы засталося мала. Хочацца дадому, пабачыць маці, Вальку. Ён любіць і шкадуе маці. Калі пазалетась яе забралі ў бальніцу, ён кожны дзень адведваў яе. Сам варыў і насіў ёй кампоты. І Вальку даглядаў, нікога не прасіў аб дапамозе. А яму быў тады ўсяго адзінаццаты год.
Уцёкі дадомуПра бацьку Сашка не ўспамінае, не любіць, хоць і жыве ён у іх жа мікрараёне. Да іх бацька ніколі не прыходзіць … Чаму? Невядома … Сашка быў некалькі разоў у бацькі. Ну і сапраўды, чаго ён туды пойдзе? У бацькі новая жонка, і сам бацька нейкі чужы, памаладзелы. Праўда, калі-некалі ён праводзіў у бацькі ўвесь дзень. Разам абедалі, хадзілі ў кіно, ездзілі ў лес, збіралі грыбы. Бацька тады трымаўся бліжэй да яго і час ад часу падкідваў яму ў кошык грыбы. Рабіў так, каб жонка ягоная ня бачыла. А Сашку непрыемна гэта. Сашка не любіў адведваць бацьку. Чамусьці ў яго яму хочацца падняцца, каб пайсці, але нешта цісне да крэсла. У кватэры тут чыста, парадак, прыбрана. У іх з маці і кватэра маленькая, аднапакаёвая, і мэблі такой няма.
Калі бацька яшчэ жыў дома, з імі, яны з маці моцна сварыліся, лаяліся. Маці тады не працавала, усё чытала кніжкі, вывязвала свае любімыя карункі і любіла яшчэ хадзіць па магазінах… Панакупляе розных слоікаў, кавалкаў тканіны, шклянкаў, кубкаў …
— У цябе ж дзеці, няўжо іх не шкада! Хіба нельга было за дзень зварыць ежы? — крычаў бацька.
— Валька ж у садзе, а Сашка еў у школе.
І праўда, Сашка кожны дзень еў у школе. У яго заўсёды былі грошы ў кішэні. Сябры зайздросцілі, і ён быў вельмі не задаволены такой акалічнасцю …
Хутчэй бы ўжо дабегчы! А можа малая спіць, а маці альбо чытае, альбо вяжа. Ён прабег ужо большую палову шляху дадому, і рушыў подбегам у расхістаным паліто. Рыжая чупрына валасоў выбілася з-пад вушанкі, твар расчырванеўся, а па носе выступілі кропелькі поту. Хлопчык так прагнуў хутчэй дадому… Ён столькі добрых слоў сказаў бы маці, папрасіў бы яе забраць яго з інтэрната. Ён стане ёй ва ўсім дапамагаць, у хаце будзе прыбіраць, нават есці калі-некалі зварыць. А як вырасце і будзе сам зарабляць грошы, ён усяго-усяго панакупляе маці і Вальцы. І пабудуе шмат дамоў, як тата. Усё будзе сапраўдным, і будзе весела, і яшчэ радасна.
Вось нарэшце іхняя вуліца, іхні дом. Ён нічым не вызначаецца сярод іншых, гэткіх жа дамоў-блізнят у мікрараёне. Хіба толькі тым, што ля самога дома расце ліпа, а ўвесь першы паверх займае прадуктовы магазін. Сашка спыніўся ля пад’езда. Яму было так хораша. Ён у гэтыя хвіліны так любіў сваіх радных, так прагнуў іх убачыць! Толькі вось кепска — час позні, прыдзецца пабудзіць.
Хлопчык задраў галаву, паглядзеў на вокны сваёй кватэры на трэцім паверсе. Вокны былі ярка асветленыя. З адчыненай форткі даносіўся гоман і чулася музыка. Ён быццам прырос да зямлі і ўсё глядзеў і глядзеў у вокны. Разгледзець што-небудзь было немагчыма. Толькі сноўдаліся за фіранкамі нейкія цені, мітусіліся і адразу ж знікалі.
Усе добрыя словы, якія ён збіраўся казаць маці, некуды раптоўна зніклі… Сашка павярнуўся, і цяжка ступаючы, пайшоў назад.

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии