Майскія шыбеніцы 1942-га

0

Той позняй вясной май выдаўся халодным. Кароў на пашу вяскоўцы на Юр’еў дзень — шостага мая — не выганялі - не было там ні травінкі.

Недзе ў сярэдзіне месяца мы з бацькам у бліжэйшым лесе нарыхтоўвалі дровы. Да нас падышоў малады мужчына ў паношанай ватоўцы, кірзавых ботах, худы, бледнатвары. Разгаварыліся, калі ён прысеў на пянёк. Паведаў нам, што ўчора збег з лагера для ваеннапалонных у Слуцку.
Трапіў ён туды зімой пасля таго, як яго танк Т-34 падбілі на Смаленшчыне. З экіпажа ён адзін выжыў, бо быў механікам-вадзіцелем і паспеў выскачыць праз пярэдні люк з пылаючай машыны. Тут жа яго схапілі немцы, адправілі ў лагер. Цяпер вось ён мае намер прабрацца на Палессе, хоча адшукаць там партызанаў.
Але больш здзівіў яго расказ пра ўбачаных на галоўнай вуліцы Слуцка 33-х павешаных, у тым ліку дзвух жанчын. На кожнай перакладзіне тэлеграфнага слупа вісела па два-тры трупы з дошкамі на грудзях, дзе было напісана: «Я — партизан», «Я помогал партизанам», «Я укрывал паризан». Па ўзросту і адзенню можна было дагадацца, што няшчасныя ў большасці сваей не былі байцамі-партызанамі, а з’яўляліся звычайнымі сялянамі.
Развітаўшыся, танкіст пайшоў сваей дарогай у бок вёскі Паўстынь.
Дні праз два да нашай вёскі дайшлі чуткі, што павешаных людзей не знімалі з шыбеніц аж тры дні - для ўстрашэння жыхароў горада, сярод якіх ужо былі падпольшчыкі-патрыёты, хто ненавідзеў акупантаў. Гаварылі яшчэ, быццам камандзір нейкай вайсковай часткі, якая аўтакалонай рухалася праз горад на ўсход, убачыўшы трупы на слупах, спыніў машыны, а сам зайшоў у будынак, дзе змяшчаўся гэбітскамісар і выказаў незадавальненне ўбачаным, бо яго салдаты не чакалі сустрэць такое у глыбокім тыле.
Звестку гэту я асабіста чуў ад вядомага слуцкага краязнаўцы, былога партызана Рыгора Родчанкі. Так яно было на самой справе ці не, але на наступны дзень паліцаі трупы павешаных знялі і вывезлі за горад, магчыма і ва ўрочышча Гараваха…
На працягу ваенных гадоў случчане не ведалі, адкуль былі прывезены на расправу тыя людзі. Вясной 1942 года партызанскія групоўкі ўжо складваліся ў Вераб’ёўскіх лясах Грэскага раёна, але значнымі баявымі аперацыямі супраць акупантаў яны аб сабе не заяўлялі. Не хапала зброі, патронаў. Палявая Случчына ад Лядна-Танежыц да Паўстыня-Набушава той вясной наогул не бачыла партызанаў.
Іншая справа Капыльшчына. Выдадзеная ў 1974 годзе кніжачка «Капыль» (з нагоды 700-годдзя горада) у пэўнай меры пралівае святло і на трагічную падзею з павешаннем 33-х патрыётаў.
Аказваецца, ў сакавіку 1942 года з тамашніх невялікіх партызанскіх груп былі створаны аж чатыры атрады. Ужо ў тым месяцы ў Старыцкім лесе яны разграмілі буйны атрад карнікаў. Аднойчы сярод белага дня ўварваліся ў Капыль і занялі маслазавод, вывелі яго са строю, трымалі пад кантролем дарогі, што вялі адсюль у бок Слуцка, Нясвіжа, Мінска.
Майскія шыбеніцы 1942-гаПасля налёту на маслазавод начальнік капыльскага гарнізона паведамляў у Мінск, што 9 мая 1942 года горад Капыль быў акружаны партызанскай групай да 300 чалавек. Толькі праз два тыдні паліцэйскія і нямецкія часткі змаглі адагнаць партызан. 18 з іх было захоплена ў палон і публічна павешана".
За гэтым данясеннем праглядваецца лухта: захапіць у палон столькі партызанаў акупанты ніяк не маглі, таму што лясныя салдаты біліся да апошняга патрона, ведаючы, што іх пры здачы чакае смерць, таму нярэдка апошнюю кулю пускалі ў сябе.
З тых 33-х павешаных большасць былі мірныя жыхары навакольных ад Капыля вёсак, якія безумоўна давалі прытулак, ежу партызанам на працягу двух тыдняў аблогі, у час якой акупанты абстрэльвалі вёскі не толькі з кулямётаў, але і з мінамётаў.
Вязняў на шыбеніцы выводзілі са Слуцкай акруговай турмы, куды, акрамя 18 дастаўленых акупантамі з Капыля арыштаваных і асуджаных на смерць патрыётаў, трапілі і 15 чалавек са Случчыны і Старобіншчыны, якія мелі сувязь з мясцовымі падпольнымі ячэйкамі і першымі партызанскімі групамі.
Іншая справа — наколькі мэтазгодна было ў тую пару, на зачатку партызанскага руху, траціць сілы на аблогу горада, які не меў ні чыгуначнай станцыі, ні прамысловых прадпрыемстваў, вартых увагі падрыўнікоў. Тут праглядваецца болей чыстая дэманстрацыя сілы толькі што створанымі атрадамі з мэтай захапіць трафеі - зброю, баепрыпасы, якія тады з-за фронту яшчэ не дастаўлялі сюды для партызанаў.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии