Горкі мёд

0

У Салігорску яна перасела з цягніка ў аўтобус. Пасажыраў было няшмат, усім хапіла месца на сядзеннях. Яна прысела і адразу ўспомніла той час, калі ўціснуцца ў аўтобус было за шчасце. Як жа ўсё змянілася за гэтыя гады?! Новы вакзал, новыя аўтобусы. Ехала яна зараз у родную вёску, з якой у пачатку пяцідзясятых пасля сямігодкі пайшла вучыцца ў Слуцкае педвучылішча. Пайшла, а не паехала, бо ехаць не было за што і на чым.
Перад вачыма сядзела маладая пара. Не звяртаючы на людзей увагі, яны часта абнімаліся і цалаваліся. Гэтыя мілаванні навялі на ўспамін юнацтва.
У педвучылішчы быў суседскі Юрась, які неадступна хадзіў за ёю. Вучыўся ён добра, асабліва захапляўся нямецкай мовай, чым здзіўляў як студэнтаў, так і выкладчыкаў. Многія сяброўкі зайздросцілі ёй. Але яна засяроджвалася на думцы — які з яго будзе гаспадар? Хацелася сямейнага дабрабыту. Сама жыла з мамаю, без бацькі. Часта дні праходзілі ў голадзе і холадзе. А праз вуліцу жыў яго бацька, які быў брыгадзірам і дамашнюю гаспадарку не глядзеў. Таму двор вызначаўся паваленымі платамі, як у беднай жанчыны-удавы. Юрасеў бацька што ранку крычаў пад вокнамі: «Парасачка, пара на работу! Што ты корпаешся?» Маці плакала, праклінала брыгадзіра, але збіралася, ішла на работу. Як не пайсці? Прыйдзе восень, трэба каня прасіць у лес па дровы.
Чым бы скончыліся адносіны з Юрасем невядома, каб на яе гарызонце не з’явіўся Павел. Ён быў студэнтам паралельнай групы. Неяк перад заканчэннем вучобы, вясною, хлопец прыйшоў у пакой інтэрната са слоікам мёду. Частаваў яе і сябровак. А пасля запрасіў на Першамай да сябе пад Баранавічы ў госці.
Яе ўразіла гаспадарка: прасторны дом, вялікі прыбраны двор. Вечарам з поля прыйшлі дзве каровы. У хляве рохкалі парсюкі. Павел без напамінаў дапамагаў бацьку па гаспадарцы. Усюды панаваў дабрабыт.
Да заканчэння вучобы на руках было пасведчанне аб шлюбе. На святочную вечарынку не з’явіўся толькі Юрась. Ён не паказваўся некалькі дзён у вучылішчы. З таго дня, як атрымалі дыпломы, яна яго больш так і не бачыла. Лічы, жыццё прайшло. Таго дабрабыту і шчасця, пра што так марыла, не адбылося. Павел пакінуў яе адну з дзеткамі. Неяк перажыла гора, дачок вывучыла. Тыя жывуць далёка. Што цяпер ёй адной? Вось едзе ў родную вёску пасля столькіх гадоў адсутнасці, каб схадзіць на вясковыя могілкі. Там травой, мабыць, зарасла маміна магілка.
У роздуме не заўважыла, як голас з дынаміка абвясціў яе прыпынак. Аўтобус пайшоў далей, а яна стаяла і глядзела на сваю вёску, якая стала значна бліжэй да дарогі. Ні на вуліцы, ні ў дварах нікога не відаць. Не чутно ні сабачага брэху, ні кукарэкання пеўняў. А калі скончыла вучыцца, у калгасе было ажно дзве брыгады.
Сцежкаю адразу пайшла да могілак. На іх рос сапраўдны лес. Голыя, без лісця, бярозы гаманілі з небам. На ўскрайку ля могілак стаяў прыгожы аўтамабіль. На такіх сёння ездзяць новыя беларусы. Неяк мільганула думка: «Хто гэта такі прыехаў?», — ды згасла без настойлівай цікавасці.
Горкі мёдУ глубіне могілак усюду панавала запусценне. Выбіўшыся на заросшую сцежку, знайшла маміну магілку па трохвугольнаму камню. Ён ледзь выдзяляўся над зямлёю пад тоўстым покрывам засохшай крапівы. Што тут можна зрабіць? Не паспела прыняць рашэнне, як ззаду пачуліся крокі. Да яе ішоў мужчына невясковага выгляду, мусіць, з такіх прыезджых, як сама. Калі той павітаўся, загаварыў - пазнала. Гэта ён, Юрась, ад якога зведала першыя пацалункі. Разгубілася так, што не заўважыла, калі ён узяў яе за руку. Нейкі момант не магла гаварыць, а калі ачомелася, спытала: «Адкуль ты? Я не бачыла цябе паўстагоддзя.»
«З Масквы», — адказаў Юрась, трымаючыся за руку. Яны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.
Аб чым гаварыць, што пытаць? Столькі часу прайшло. Але ўсё ж размова наладзілася. «Куды ты знік, атрымаўшы дыплом», — спытала яна. «Падаўся ў Маскву ў інстытут міжнародных адносін. Стаў дыпламатам. Амаль ўсё жыццё пражыў за мяжой. Спадзяюся і тваё жыццё, замешанае на мёдзе, было салодкім», — сказаў Юрась.
Яна неяк затрымалася з адказам, заплюшчыла вочы і ціха адказала: «Не, мёд той быў горкім»…
Ён падвёз яе ў Салігорск да цягніка на Баранавічы, на развітанне зняў са сваей рукі пярсцёнак і надзеў на яе палец. «Шкадую, што не зрабіў гэта раней. Будзеш у Маскве, звані і заходзь».
У вагоне цягніка яна не раз пералістала ў думках старонкі свайго жыцця: чаму такім горкім стаў той мёд?

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии