Кацька і два яе таты

0

Кацька сёння прачнулася, як ніколі вельмі рана. Сонечны прамень, які прабіўся ў пакой праз няшчыльна зацягнутыя шторы, спыніўся на сцяне, ля якой стаяў яе ложак. Дзяўчынка некалькі часу ляжала ціха, цікуючы за сонечным зайчыкам. Яна не ведала, колькі часу, таму што яшчэ не навучылася лічыць час па гадзінніку — ёй жа толькі чатыры гады.
Раптам, быццам нешта ўспомніўшы, яна хутка адкінула коўдру, сунула ногі ў мяккія тапачкі і пабегла ў ванную.
Сёння нават зубы пачысціла. Звычайна чысціць зубы яе прымушала мама, а сёння яна ўсё рабіла сама. Старанна выцершы твар маленькім ручнічком з зайчыкам, яна вярнулася ў пакой.
Яшчэ з вечара Кацька папрасіла, каб мама дазволіла надзець ёй чырвоную, з белымі пасачкамі ўнізе, сукенку, якую падарыў ёй тата Міша. Тата Міша не жыве з імі, ён недзе далёка, у другім горадзе. А калі нядаўна прыязджаў сюды, прывёз ёй у падарунак ляльку Наташку і сукенку. Кацька яе сёння надзене першы раз, таму што пойдзе ў сад з татам Колем. Яна заўсёды хадзіла ў сад з мамай. Тата Міша толькі два ці тры разы адведаў яе, а па Дашку і Пецьку заўсёды прыходзяць таты або мамы разам з татамі.
Кацька любіць тату Мішу, але тата Коля ёй таксама падабаецца: ён па вечарах чытае цікавыя кніжкі, расказвае казкі, а зусім нядаўна купіў ёй веласіпед.
Пецька не верыць, што тата Коля купіў ёй веласіпед. Ён наогул кажа, што ніякага таты Колі ў яе няма. А вось сёння пабачыць няхай.
Кацька адзелася, абула новыя белыя туфлі. Падыйшла да люстэрка, прычасалася, а вось шырокі белы бант завязаць не здолела. Пабудзіла маму, каб яна прыгожа завязала бант.
Кацька і два яе татыА потым яны ішлі па вуліцы. Была цёплая, сонечная, асенняя раніца. Кацька трымала тату за руку, яе кірпаты маленькі носік, здавалася, задраўся ўгору ад важнасці.
Раптам на тым баку вуліцы яна заўважыла Пецьку, які ішоў з мамай.
«Давай пяройдзем,» — сказала яна, прыспешыла крок, перагнала Пецьку і, не выпускаючы вялікай татавай рукі, азірнулася і паказала Пецьку язык.
Увесь дзень Кацька была вясёлая і добрая. Нават сваю любімую ляльку Наташу аддала Дашы, памірыла Ігара з Ванем, якія сварыліся з-за каня.
Ніна Іванаўна, выхавацельніца, назіраючы за дзяўчынкай, не магла даўмецца ніяк, што здарылася з задзірай і весялухай, якая заўсёды больш, чым хто іншы, давала ёй клопату: то пазабірае сабе ўсе цацкі і нікому не дае, то паб’ецца з Пецькам, бо той таксама не саступіць. А сёння Кацьку не пазнаць, быццам падмянілі.
Вечарам, калі па дзяцей сталі прыходзіць бацькі і Кацька пабегла насустрач нейкаму мужчыне ў лёгкай шэрай куртцы, напярэймы дзяўчынцы выскачыў з кустоў Пецька, спытаў: «Кацька, га Кацька, а чаму ў цябе два таты?» Тата Коля, — Кацька бачыла, — сумеўся, хутчэй узяў яе за руку і пачаў нешта гаварыць, нечаканае, паспешлівае і неразумнае.
Яна ішла разам з ім і думала, што дома абавязкова спытае ў мамы, чаму гэта ў яе два таты, калі ва ўсіх дзяцей па адным…

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии