Страх застаўся назаўсёды

0

У той дзень па расейскім тэлеканалам паказвалі Хросны ход, які ўсчаўся на Салавецкіх астравах, дзе ў 1921 годзе ў манастырскіх будынках адкрылі першы савецкі канцлагер для святароў і буржуазнай інтэлегенцыі. Закончыўся той Хросны ход з вялікім драўляным крыжам наперадзе ў Падмаскоўі. Тут у 1937−1938-я гады было растраляна звыш 20 тысяч чалавек, пераважна масквічоў.
Надвячоркам на лаўцы каля суседскага дому сабралася купка пенсіянерак. Адной з іх тая тэлеперадача нагадала трагедыю яе невялікай, двароў на сорак, вёскі непадалёку ад Чырвонай Слабады. За дзве ночы з вёскі ў 1937 годзе «чорны воран «забраў аж дваццаць трох чалавек, пераважна мужчын сталага ўзросту. Была і сямейная пара, шасцёра малых яе дзяцей асірацелі і трапілі ў нейкі прытулак за межамі раёна. Пацярпеў ад рэпрэсій кожны другі двор. Расказчыцы тады было сем гадкоў. Пазней яе маці, калі ўжо дачка стала дарослай, пералічыла прозвішчы высланых. Сярод іх былі дзядуля і бабуля жанчыны.
Мяне яе сповед зацікавіў, і я дамовіўся аб новай сустрэчы, не ў кампаніі, каб даведацца аб вытоках той масавай высылкі вяскоўцаў. Надвячоркам мы і сустрэліся. Побач з жанчынай на лаўцы сядзела другая пенсіянерка яе ўзросту, як стала вядома пазней, зямлячка. Аказваецца, вёска тая знаходзілася ў дванаццаці кіламетрах ад былой дзяржаўнай мяжы з Польшчай, і энкавэдысты стараліся «прачысціць» яе ад «нядобранадзейных элементаў». Мелі на ўвазе, перш за ўсё, сялян-аднаасобнікаў, хто не пажадаў пайсці ў калгас, а таксама тых, у каго пасля 1920 года за мяжой засталіся блізкія сваякі. Сёй-той сустракаўся зрэдку з імі цішком ноччу, перайшоўшы праз лес ці балота мяжу, каб потым вярнуцца назад. На жаль, у вёсцы былі «стукачы». Ніхто ж не разбіраўся ў праўдзівасці іх даносаў. Верылі і прымалі меры. На пытанне, колькі чалавек вярнулася ў веску пасля ХХ з’езду КПСС, калі пачалася рэабілітацыя зняволеных, жанчына назвала толькі трох чалавек. Яе дзядулю-лясніка і бабулю, хатнюю гаспадыню, растралялі ў снежні 1937-га.
А далей жанчына, якая пры першай сустрэчы назвала сябе Надзеяй Пятроўнай, не толькі здзівіла затоеным з дзяцінства страхам, але і недаверам да мяне. Хоць я адразу сказаў, што, як журналіста, тое, аб чым яна паведала, мяне кранула за жывое. На просьбу назваць сваю дапенсійную прафесію і прозвішча, яна з недаверам адказала: «А зачем это вам надо? Не желаю, чтобы фамилию мою упоминали». Я адказаў, што магу не называць яе сапраўдныя ініцыялы, усё паведанае ёю зацікавіць многіх чытачоў. Але тут яна кінула нечаканую рэпліку: «А, можа, вы які бэнээфавец? Вельмі па-іхнему гаварыце».
Страх застаўся назаўсёдыМаўчу, раздумваю, што адказаць. Затым дзялюся, што ні да якой партыі не належу, а бэнээфаўцы, каб яна ведала, першымі ў 1989 годзе выступілі ў былым Вярхоўным Савеце за незалежнасць Беларусі ў гарачых спрэчках з дэпутатамі ад КПСС. Не падзейнічала. У падтрымку расказчыцы падключылася суседка, жанчына з хударлявым, нядобразычлівым тварам, і ўдваіх яны пачалі бэсціць Шушкевіча і Гарбачова. Маўлялі: «Гэта яны развалілі СССР». Пра тое, што распад дзяржавы пачынаўся да іх прыходу ва ўладу, з самых вярхоў правячай КПСС, жанчыны не хацелі слухаць. І мы развіталіся.
Мне падумалася, што той страх, у якім вырасла жанчына ў сваёй вёсцы, і цяпер з ёю, з яе суседкай — таксама. Попел загубленых ад масавых рэпрэсій у 30−50-я гады землякоў, мусіць, не стукае ім у сэрца.

Міхаіл Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии