Пра лекарскую справу

0

Сёлета споўнілася 165 гадоў з часу заснавання ў Слуцку земскай бальніцы. Побач з яе першым корпусам пазней вырас бальнічны гарадок. Цяпер комплекс Цэнтральнай раённай бальніцы знаходзіцца ў іншым месцы.

У склад Слуцкага РТМА яшчэ ўваходзяць спецыялізаваныя медыцынскія ўстановы, размешчаныя ў розных частках горада. Развіваецца сетка медыцынскіх паслуг недзяржаўнай формы ўласнасці. Жыццё ідзе, многае мяняецца, тым не менш, карэннаму слуцаку сталага ўзросту цяжка ўявіць свой горад як даваеннага, так і пасляваеннага перыяду без той старой бальніцы па вуліцы Манахава.

Даўнейшыя звесткі
Сказаць, што заснаванне земскай бальніцы стала ў Слуцку «адкрыццём Амерыкі» нельга. Звесткі пра існаванне ў горадзе ўстаноў, дзе даглядаліся састарэлыя, хворыя і «ўбогія», адносяцца яшчэ да ХVІ стагоддзя. Гэта былі шпіталі (багадзельні). Іх утрымлівалі царкоўныя прыходы, рамесныя аб’яднанні, магнаты.
Пачатак жа лекарскай справы сягае ў часы глыбейшыя. У язычніцкія часы за дапамогай звярталіся да валхвоў-кудзеснікаў. З пашырэннем хрысціянства з’явіліся манастырскія бальніцы, лячэннем заняліся людзі духоўнага звання.
У гістарычнай літаратуры да 1582 году адносіцца ўпамінанне пра шпіталь на слуцкім прадмесці Востраў, які існаваў на сродкі мясцовых жыхароў і князёў Алелькавічаў. Пра шпіталь на Трайчанах першыя звесткі адносяцца да 1661 году, трымаў яго прыход тамтэйшай Стэфанаўскай царквы. У Новым горадзе шпіталі меліся пры праваслаўнай Юраўскай царкве і рэфармацкім зборы. А ў Старым горадзе ў ХVІІ стагоддзі іх было некалькі: на вуліцы Віленскай, насупраць Праабражэнскага манастыра, побач з ратушай — шпіталь святога Спаса, ім апекавалася Спаса-Праабражэнскае брацтва; на той жа вуліцы, бліжэй да Віленскай брамы, знаходзіўся шпіталь Ільінскага манастыра. На вуліцы Мыльніцкай на Школішчы знаходзіўся «рускі шпіталь». Для католікаў шпіталь быў закладзены ў 1666 годзе пры фарным касцёле. Ён стаяў на Падзамчышчы на беразе Бычка. Свае шпіталі мелі яўрэйская і лютэранская абшчыны. Такая форма арганізацыі ўстаноў лячэбнай і сацыяльнай дапамогі існавала да першай паловы XIX стагоддзя. «Ідучы паўз былы замак, бачым невялікі дом з капліцай — то шпіталь каталіцкі для састарэлых абоега полу», — так напрыканцы ХІХ стагоддзя ўспамінаў Слуцк 1830-х гадоў яго колішні жыхар, былы слуцкі гараднічы барон Стаэль.
У шпіталях даглядаліся мяшчане. Магнаты карысталіся дапамогай дактароў з еўрапейскай адукацыяй. У Слуцку звычайна працаваў адзін такі спецыяліст. Таму, як пра з’яву неардынарную, ў гістарычнай літаратуры прыводзіцца факт, што ў 1580 годзе «…у Слуцку на той час былі 4 дактары: сандамірскі Бартэлян, кракаўскі Марцін Фокс, люблінскі Лаўрэнцыўм і слуцкі - стары і добры. Сюды многа паноў і пань і рознага стану людзей на лячэнне з’ехаліся. І калі каму пан Бог дараваў, папраўляліся». Слуцкі доктар быў, верагодна, усім добра знаёмы, таму яго прозвішча аўтар не прыводзіць, хаця звычайна іх прозвішчы, як спецыялістаў паважаных і рэдкіх, крыніцы даносяць. Напрыклад, вядома, што з 1589 года ў Слуцку жыў Пётр Умястоўскі, які быў не толькі лекарам, але і доктарам філасофіі. А ў 1728 годзе ў Слуцку было нават два дактары.

Реклама

ХІХ стагоддзе
У ХІХ стагоддзі пытанні лекарскай справы пачалі пераходзіць у кампетэнцыю дзяржавы. У 1828 годзе за Цытадэллю (цяпер раён вуліцы Вечаркевіча) для салдат і жыхароў места быў пабудаваны лазарэт на 15 ложкаў.
Размяшчаўся ён у казённых памяшканнях і знаходзіўся пад наглядам прыказа грамадскага прызрэння. Пазней быў залічаны да этапных ваенных бальніц і павялічыўся да 100−150 ложкаў. Сюды маглі паступаць інваліды і хворыя з этапных і праходзячых цераз Слуцк вайсковых каманд. Утрыманне кожнага ваеннага каштавала 44 капейкі ў дзень. З хворых грамадзянскага ведамства бралася 5 рублёў 15 капеек у месяц, немаёмасныя ўтрымліваліся бясплатна.
Акрамя гэтай казённай бальніцы, якая стала першым слуцкім вайсковым лазарэтам, меўся і разлічаны на 14 ложкаў гарадскі шпіталь (багадзельня). За ім наглядалі члены заснаванага ў 1816−20-х гадах (раней, чым у іншых беларускіх гарадах) слуцкага аддзялення Расійскага Імператарскага чалавекалюбівага таварыства. Дзейнічаў і яўрэйскі шпіталь, які ў тыя часы згадваўся як яўрэйская бальніца.

Земская бальніца
Комплекс земскай бальніцы фарміраваўся на працягу 2-й паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Яго тэрыторыя знаходзілася па левы бок вуліцы, што са знешняга боку гарадскога вала прайшла паралельна Падвальнай (цяпер Канановіча) ад Шасейнай (цяпер Леніна) да Капыльскай.
На яе пачатку знаходзілася турма (ад чаго вуліца атрымала назву Турэмнай), далей — мураваны корпус пажарнай аховы. А цераз дарогу, якая цяпер называецца вуліцай Ленінскай, пачыналася бальнічная тэрыторыя. Яна была абшырнай, тут расло шмат дрэў. У паслярэвалюцыйныя часы частку яе ператварылі ў парк імя пахаванага там героя Грамадзянскай вайны Аляксандра Манахава, тады ў яго імя была пераіменавана і вуліца.
Адкрылася Слуцкая гарадская бальніца ў 1842 годзе. Спачатку была разлічана на 15−25 ложкаў. Першыя будынкі былі драўлянымі. У 1886 годзе ўзвялі двухпавярховы, у 1904 годзе — аднаэтажны мураваныя карпусы.
Адметным быў аднапавярховы драўляны корпус, пабудаваны ў стылі класіцызма: прамавугольны ў плане, складзены з круглых бярвенняў, з бакавымі рызалітамі і з уваходным тамбурам пасярэдзіне, а з супрацьлеглага боку меўшы гранёны выступ. Яго ўпрыгожвалі аконныя разныя ліштвы і разныя карнізы.
Лекары былі людзьмі паважанымі. Самым знакамітым доктарам апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ стагоддзя стаў Францыскевіч.
Пра яго аставіў успаміны пісьменнік Давід Вендроўскі: «Ведаў у врача было столькі, што яму трэба было-б быць прафесарам у самой Варшаве. Але, як удзельніка польскага паўстання, яго выслалі на пасяленне ў Слуцк, дзе ён і застаўся. Увесь горад ведаў Францыскевіча, а Францыскевіч ведаў усіх у горадзе, ведаў хваробы кожнага».
Пасля рэвалюцыі будынкі былой земскай бальніцы ўваходзілі ў склад бальнічнага гарадка, дзе з’яўляліся і новыя карпусы. Драўляны будынак, у якім пасля Вялікай Айчыннай вайны размяшчалася хірургічнае, а ў 1980−90-я гады — радзільнае аддзяленне, разабралі ў 1996 годзе. Мураваныя, у адным з якіх пасля вайны мясцілася дзіцячае аддзяленне, потым кожвендыспансер і жаночая кансультацыя, а ў другім інфекцыйнае аддзяленне, былі разбураны ў 2005 годзе.
Такім чынам, канулі ў Лету пабудовы, што нагадвалі аб існаванні некалі ў Слуцку земскай бальніцы. Цяпер на гэтай тэрыторыі застаюцца некалькі бальнічных аб’ектаў, галоўны з якіх — узведзены ў 1959−63 гады трохпавярховы мураваны корпус, які займае цяпер радзільнае аддзяленне.

Ігар Ціткоўскі

У 1904 годзе ў Слуцку было 3 бальніцы на 55 месцаў, працавалі 7 урачоў, 6 акушэрак, 11 фельчараў, 1 ветырынар.
На пачатку 1930-х гадоў мелася 100 ложкаў, працавалі 17 урачоў. У 1936 годзе было ўжо 36 урачоў, арганізавана школа медсясцёр. З’явіўся корпус раддома на 40 ложкаў, агульная іх колькасць у бальніцы дасягнула 265.
У 1948 годзе бальніца мела 250 ложкаў.
У 1959 годзе было 17 урачоў і 258 работнікаў сярэдняга медперсаналу, у 1964 годзе адпаведна 22 і 393 работнікі. У 1961 годзе здадзены ў эксплуатацыю цагляны трохпавярховы будынак, разлічаны на 425 месцаў, які стаў галоўным корпусам
У 1974 годзе працавала 172 урачы і 467 чалавек сярэдняга медперсаналу. Напрыканцы ХХ стагоддзя ў Слуцкім тэрытарыяльным аб’яднанні працавала 267 урачоў.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии