Слуцкая гарадская арганiзацыя Грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны» абвяшчае конкурс.
Заснаванае ў 1617 годзе князем Янушам VI Радзiвiлам у Слуцку кальвiнiсцкае вучылiшча дало пачатак Слуцкай гiмназii, якая ўжо 390 год працуе на карысць Бацькаўшчыны.
Дзякуючы найвыдатнейшым педагогам, Слуцкая школа з’яўлялася перадавым цэнтрам педагагiчнай думкi еўрапейскага ўзору. » Не ўладарыць над свядомасцю, а выхоўваць норавы i прыцягваць моладзь да навукi», — такой была фiласофiя «бастыёну гуманiзму» ва ўмовах шматканфесiйнасцi Слуцкага княства часоў ВКЛ.
Гiстарычная i культурная спадчына тых асобаў, якiя жылi i працавалі ў нашай малой айчыне, тых, хто ў змаганнi, працы, творчасцi здабываў славу i гонар школе, наш неацэнны скарб, якi мы не маем права згубiць.
***
Тэматыка конкурсу ахоплiвае гiсторыю Слуцкай гiмназii i асабiстую гiсторыю яе выпускнiкоў, а таксама ментальнасць нашага народу, яго дзяржаўныя традыцыi, прававыя i культурныя нормы i iнстытуты.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца вучнi школ, лiцэяў, гiмназiй, а таксама навучэнцы каледжаў, ПТВ, тэхнiкумаў i г.д. Прымаюцца мастацкiя i дакументальна-публiцыстычныя пiсьмовыя творы розных жанраў, а менавiта: апавяданнi, нарысы, вершы, паэмы, песнi, эсэ i iншыя.
Прымаюцца таксама жывапiсныя i графiчныя творы выяўленчага мастацтва: партрэты, пейзажы, гiстарычныя i батальныя карцiны, шаржы, малюнкi, рэпрадукцыi мапаў, гербы i iншае. Да графiчнай працы фармату А-3 цi А-4 неабходна дадаць пiсьмовае тлумачэнне сэнсу твору.
Удзельнiкi могуць прапанаваць i iншыя тыпы твораў, якiя будуць мець дачыненне да гiсторыi Слуцкай гiмназii.
Праца можа быць выканана як iндывiдуальна, так i групай; як самастойна, так i з дапамогай кiраўнiка. Кiраўнiком (куратарам) працы можа быць настаўнiк, выхавацель, бiблiятэкар альбо хтосьцi з сям’i аўтара. Адзiн куратар можа прымаць удзел у падрыхтоўцы некалькiх прац. Мова пiсьмовай працы — беларуская.
Журы конкурсу вызначыць па 3 лепшыя работы ў кожным жанры. Пераможцы будуць узнагароджаны сувенiрамi. Кожны ўдзельнiк конкурсу атрымае кнiгу з аўтографам аўтара.
Прыём прац з паметкай «Конкурс — гiмназiя» ажыццяўляецца да 10 снежня 2007 г. Грунтоўныя працы прымаюцца i ў больш познi тэрмiн.
Мікалай Курыльчык, старшыня гарадской арганізацыі
Дасылайце лісты
Працы дасылаць на адрас: 223610 Слуцк, Галоўпаштамт, п/с 23
Даведкi па тэлефонах: 657-90-45, 854-31-53