Калi падаюць знічкі

0

Міша і Тамара крочылі памалу, шэптам размаўлялі, звонка, не асцярагаючыся, смяяліся. Выбраліся за аколіцу, куды ледзь далятала ад мясцовага клуба музыка, дзе панавалі цішыня і спакой.
— Вельмі хораша тут!
— Давай пастаім, памарым?
— Давай.
З бліжніх паплавоў, замжоных мяккім прыхмуркам, данёсся перапёлчын крык: «шыць-палоць, шыць-палоць»!
— Давай падкрадзёмся бліжэй, — хамянулася яна, любімая дзяўчына.
Міша запярэчыў: росна, вымакнем. Яна заўпарцілася, выслабіла руку, зняла туфлі-лодачкі.
— За мной на луг!
Ступала нячутна, што цень. На пакошы хутка спынілася, войкнула — нагу параніла — і затанцавала: баліць!
— Вельмі? — прысеў ён. — Пакажы.
Ярка асвятляючы паплавы, праз усё неба размашыста чыркула зорка і над вёскай згасла. У тое лета іх падала многа на зямлю. Кожную ноч сыпаліся яны. Здаралася, адразу па дзве зрываліся.
— От гэта метэарыт!
— А можа не метэарыт.
— Можа частка планеты, узаранай тымі, хто жыў на ёй, — зазначыў ён.
— Няпраўда!
— Хто ведае. Можа чужы варожы карабель, які нёсся з нейкай планеты. Яго пасажыры шукалі блізкіх, падобных да сябе. Заўважылі нашу Зямлю, нас з табою і скіравалі да нас. Але здарылася непрадбачнае, і яны… і іх не стала.
— Шкада! Столькі ляцелі, каб стрэцца. Былі побач — і няўдача. Не, не!
Дамой вярталіся ў абдымку і маўкліва.

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии