Браты

0

Яны часта прыязджаюць у родную вёску да бацькоў. Малодшы Сямён — на ўласнай імпартнай легкавушцы, старшы Іван — ранішнім маршрутным аўтобусом, хоць і жывуць у адным горадзе. Кожны раз Іван прыязджае як чалавек, які добра ведае бацькоўскія патрэбы. Ў ягоных сумках ды авоськах усяго многа: сода і мыла, ліст лаўровы і карыца, перц, цагарэты… — тое, што не заўсёды бывае ў вясковай краме. Гледзячы на пакупкі старэйшага, малодшы толькі моршчыць лоб, апраўдваецца перад бацькамі і братам:
— Адкуль жа я мог ведаць, што тут вам трэба. Цяпер жа ў вас працуе крама. Павінна быць усё ў продажы.
— Чаму ж не разам вам ехаць? — злуючыся, заўсёды гаворыць маці, калі браты сядуць за абедзены стол.
— У мяне нечаканая паездка атрымалася, - апраўдваецца Сямён.
Затое ад’язджаюць браты разам. Малодшы кладзе ў багажнік усё, што толькі можа даць матуля.
— Свежая радыска, морква, цыбуля, бульбачка. Як-ніяк вітаміны. І клубніка смачная у вас. Няхай жонка і дзеці ласуюцца, — кажа ён.
БратыСтарэйшы аднекваецца:
— Ды ў мяне ж рынак пад бокам, гэта Сямёну да яго далёка.
— Мяне перад нявесткай не саромь! — кіпяціцца бацька.
Легкавушка ад’язджае. Бацькі стаяць пасярод вуліцы і ўсё машуць і машуць услед машыны.
Падышоўшая суседка гаворыць: «Меньшы, бач, на легкавушцы. Мусіць, вучоны. А Івану, значыцца, навука ў голаву не палезла. От два браты, а быццам, як не ад адных бацькоў.»
Маці Ганна паварочваецца да суседкі, вочы наліваюцца гневам, і нейкім не сваім голасам адказвае:
«Можа б, мой Іван быў дзесяць раз вучоны, каб замест яго хто-небудзь за плугам хадзіў, сеяў і касіў… Сямён гэтага не ведаў і не бачыў за ягонай спіною…»
Бацькі ідуць таропка ў двор. Маці моцна бразгае новымі веснічкамі, якія раніцай зрабіў Іван, калі яшчэ ўсе дамачадцы адпачывалі.

Мікалай Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии