Узыходжанне па пяску

0

Перад Пакроўкай завітў у невялікую, двароў на дваццаць, вёсачку, што тулілася адным краем да лесу. Хатаў з дзесяць у ёй паныла глядзеліся забітымі вокнамі. Ля крайняй ад лесу хаты на лаўцы сядзеў дзядуля ў паношаным пінжачку і кірзавых ботах. На сівой яго галаве ліпела шэранькая кепачка. Прывітаўшыся, я прысеў побач.
— Адкуль будзеш сам? — спытаў дзядуля.
Я адказаў, што з горада, а пацягнулі сюды лес, цішыня, чыстае паветра і надзея сабраць трохі грыбоў.
— Няма сёлета грыбоў. Суша цэлае лета, у лесе нават мох пасох, — адказаў дзядуля.
Узыходжанне па пяскуНа парозе хаты, у глыбіні двара, я убачыў жанчыну пенсіённага ўзросту, у ватоўцы і светлай хустачцы.
— Мо хопіць ужо табе лясы тачыць, знайшоў сабе кампанію, — пачуўся недабразычлівы голас жанчыны, якая тут жа знікла за дзвярыма хаты.
— Мая Ганна голас падала. Пры вас паскупілася на папрокі ў мой адрас. А мне ў вёсцы няма з кім і пагаварыць — з мужчынаў толькі двое засталіся. Паўміралі нашы мужчыны, што яшчэ дваццаць гадоў назад цягнулі воз калгасных клопатаў у полі і на ферме. Хто па старасці, а хто і ад лішкаў самагону скараціў сабе век. А вы вось завітали сюды, і мне на душы пасвятлела. Ёсць з кім падзяліцца жыццём-быццём.
Дзядуля тым часам звярнуў самакрутку, цыркнуў запальнічкай, зацягнуўся і загаварыў:
— Не палічыце мяне занудай, але, калі па праўдзе, то цяжка мне стала жыць са сваёй палавінай, скорай на злое слова, прыдзірлівай да дробязяў. Хоць і ў маладыя гады жонка не раз выкідвала дурныя конікі, але перажываў,  дараваў, бо ў маладосці крыўды хутчэй забываюцца за работай, клопатамі аб дзецях… Уяўляеце, як на старасці ўжо не адзін год не чуеш ад жонкі нават добрага слова — толькі «падай», «прынясі», «зрабі», «схадзі ў магазін». А калі завядзецца, то не праміне абазваць мяне «дзярэўняй». У слова гэтае Ганна ўкладвае сваю пагарду да вёскі, дзе я вырас, бо сама гараджанка. Пенсію мы маем невысокую, але калі па-добраму, з розумам і, як кажуць, з Богам у сэрцы і галаве, то маглі б дажываць век спакойна. Не выйшла. Адно суцяшэнне — наведваю зрэдку царкву ў суседняй вёсцы. На старасці душа да Бога схілілася. У храме забываеш жончыны свары, кпіны, абразы. Сама Ганна ня веруючая. Калі я збіраюся да царквы, здзекваецца: «Ты там хоць аб падлогу лоб не разбі». Там, у царкве, просіш Усявышняга дараваць ёй і мне ўсе грахі зямныя. Хочаш не хочаш — сямейны воз трэба цягнуць разам да скону дзён.
Дзядуля прыціх, потым са скрухай у голасе дадаў:
— Паверыце, за сорак восем гадоў сумеснага жыцця ні разу не пачуў ад жонкі прабачэння за нанесеную мне абразу. А калі напамінаў ёй аб гэтым, чуў у адказ: «Ты лепшага не заслугоўваеш». Быццам бы, я не муж, а нейкі наёмны батрак, слуга. Калі ж, бывала, сам у адказ на яе кпіны кіну балючае слова і потым папрашу прабачэння, то чую ад яе непрымірымае: «Не нужны мне твои извинения!». Не хачу выстаўляцца перад вамі гэткім дабрачынцам сямейным, але выпіўкамі не захапляўся, як мае калегі, мог пры выпадку застолля ці якога свята выпіць шклянку-другую кагору. Не болей.
З парогу зноў пачуўся жаночы голас:
— Можа, цябе за каршэль цягнуць у хату? Ці сам здагадаешся, што пара канчаць балбатню з незнаёмым чалавекам? Дроў прынясі і вады!
Стары развітаўся і паволі пайшоў да хаты. І прыпомнілася мне прытча цара Саламона з Бібліі, у якой трапна сказана: «Что восхождение по песку для ног старика, то сварливая жена для такого». За 83 гады гэты мудры цар памяняў нямала жонак і спазнаў сярод іх добрых і міласэрных, ласкавых і злосных. Яго прытчы не страцілі сваёй актуальнасці і па сённяшні дзень.

Міхась Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии