Кветка, што расцвіла ў Слуцку

0

На хвалі нацыянальна-адраджэнчаскага руху, што на пачатку ХХ стагоддзя ўзнялася на ўскраінах былой Расійскай імперыі, назіраліся з’явы, вызначальныя і ў справе фарміравання сучаснай беларускай культуры.

Случчына стала адным з ачагоў, у якім разгараўся агеньчык беларускай справы. У ліпені 1917 года па ініцыятыве Радаслава Астроўскага, камісара Слуцкага павету пры Часовым урадзе, у Слуцку была заснавана Беларуская гімназія. Для гімназіі, першым дырэктарам якой стаў Астроўскі, прыстасавалі будынак на Калоніі. А ў верасні 1917 года яе навучэнцамі было ўтворана культурна-асветнае таварыства «Папараць-кветка», мэтай дзейнасці якога аб’яўлялася вывучэнне і прапаганда беларускай мовы, культуры і мастацтва, далучэнне да культурных каштоўнасцяў шырокага кола насельніцтва праз стварэнне і падтрымку філіялаў, стацыянарных і перадвіжных бібліятэк, правядзенне лекцый і канцэртаў.
Звычайна ўлады, што ў паслярэвалюцыйныя часы мяняліся ў нашым краі даволі часта, да беларускай справы ставіліся нядобразычліва. Падчас нямецкай і польскіх купацый часам прыходзілася працаваць падпольна. А з-за таго, што многія актывісты аб’яднання прынялі ўдзел у антыбальшавісцкім Слуцкім збройным чыне 1920 года, то пасля ўсталявання Савецкай улады аб’яданне ўвогуле спыніла дзейнасць. Апошняе, магчыма, стала прычынай таго, што гісторыя «Папараць-кветкі» яшчэ і сёння не адлюстравана ў экспазіцыі мясцовага краязнаўчага музея, адсутнічаюць даступныя папулярныя матэрыялы ў літаратуры. Сціплыя звесткі пра аб’яднанне або асобных яго ўдзельнікаў можна знайсці толькі ў адпаведных даведніках.
Ініцыятарамі аб’яднання сталі вучні Слуцкай Беларускай гімназіі Сяргей Бусел і Янка Ракуцька (першы старшыня аб’яднання). Да іх далучыліся гімназіст Антон Коберц, пазней — звольнены з войска Васіль Русак. У кастрычніку 1919 года, калі ў аб’яднанні сталі пераважаць дарослыя, з маладзёжнай арганізацыі «Папараць-кветка» ператварылася ў грамадскую.
Складалася аб’яднанне з літаратурнай, краязнаўчай (культурна-асветнай), харавой і тэатральнай секцый. Сярод жыхароў павету папулярнасцю карысталіся выпушчаныя аб’яднаннем два нумары часопіса «Наша каляіна». Паступова з’яўляліся філіялы арганізацыі: гурток «Зарніца» у вёсцы Старыца (кіраўнік Алесь Каўпак), «Крыніца» у вёсцы Засялонне (кіраўнік Алесь Аніхоўскі), «Вясковая Зорка» у вёсках Ліпнікі і Ісерна (кіраўнік Улас Дубіна), гурткі ў вёсках Грозава і Сухая Міля. Былі закладзены чытальні ў вёсцы Заграддзе і ў слуцкім прадмесці Востраў. З дапамогай сябраў аб’яднання ў павеце адкрываліся беларускія школы, для настаўнікаў былі наладжаны настаўніцкія курсы.
У Слуцку харавая і тэатральная секцыі, якімі кіравалі Андрэй Бараноўскі і Васіль Русак, святочнымі вечарамі ставілі прадстаўленні, рабілі выезды з канцэртамі і пастаноўкамі ў вёскі і мястэчкі павета. Яе ўдзельнікі запрасілі з Мінска хор пад кіраўніцтвам нашага зямляка Уладзіміра Тэраўскага (1871−1938). Хор Тэраўскага даў вечар-канцэрт, на наступны дзень спектакль, але сапраўднай падзеяй для горада стала выступленне хора пад час абедні ў гарадскім Мікалаеўскім саборы. З тэатральнай секцыяй летам 1920 года працаваў прыехаўшы з Мінска выдатны тэатральны дзеяч, пісьменнік і рэжысёр Уладзіслаў Галубок (1882−1937).
Аўтарытэт і поспехі аб’яднання набылі такія памеры, што да яго ўрэшце далучылася практычна ўся слуцкая інтэлігенцыя, а колькасць удзельнікаў дасягнула больш трохсот чалавек.
У нашым краі «Папараць-кветка» стала першай сапраўды народнай нацыянальнай масавай культурна-асветнай арганізацыяй. Нягледзячы на адносна нядоўгі час існавання, яна стала прадвесніцай тых культурна-асветных і адукацыйных грамадскіх рухаў і аб’яднанняў Случчыны, якія у пазнейшыя часы працавалі на карысць нацыянальнай культуры і да якіх сёння можам далучыць шматлікія самадзейныя народныя харавыя, танцавальныя і тэатральныя калектывы, што працуюць пры гарадскіх і раённых установах культуры і на прадпрыемствах, літаратурнае аб’яднанне «Случ», адукацыйна-асветніцкі цэнтр «Вытокі», слуцкую філію Таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны.

Ігар Ціткоўскі

Реклама

Сілуэты ўдзельнікаў
Алесь Аніхоўскі (1897−1950)
Нарадзіўся ў вёсцы Старыца Слуцкага павета. Член «Папараць-кветкі», у 1920 г. скончыў Слуцкія настаўніцкія курсы. Вучыўся ў БДУ, у 1927−30 гг. — інспектар Наркамасветы БССР. Арыштаваны ў 1935 г., у 1943 г. — паўторна і асуджаны на 10 гадоў канцлагераў. Вызвалены ў 1956 г., жыў у горадзе Іванава.

Сяргей Бусел (1901−1940-я)
Нарадзіўся ў вёсцы Сухоўчыцы Слуцкага павета. Вучыўся ў Слуцкай беларускай гімназіі, заснавальнік «Папараць-кветкі». Удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 г. Пазней жыў у Літве, Празе, Заходняй Беларусі. У 1939 г. арыштаваны, атрымаў 15 гадоў лагераў.

Андрэй Бараноўскі (1895−1938)
Нарадзіўся ў засценку Вялікія Машыцы Слуцкага павета. Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, займаўся на настаўніцкіх курсах. Арганізоўваў беларускія школы ў Слуцкім павеце, узначальваў тэатральную секцыю «Папараць-кветкі», рэдагаваў часопіс «Наша каляіна». З 1920 г. загадчык школьнага аддзела Слуцкага рэўкома. З 1924 г. — на выкладчыцкай рабоце ў Мінску. У 1938 г. арыштаваны і прыгавораны да растрэлу. У 1960 г. рэабілітаваны.

Васіль Русак (1896−1950-я)
Нарадзіўся ў вёсцы Ячава Слуцкага павета. Удзельнік 1-й Сусветнай вайны, з 1918 г. на Случчыне. Працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце, кіраваў хорам у «Папараць-кветцы», разам з тэатральнай трупай выступаў у вёсках Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 г., пазней жыў у Заходняй Беларусі, Чэхаславакіі. Там у 1945 г. быў арыштаваны, вывезены ў Мінск і асуджаны на канцлагер, дзе ў пачатку 1950-х гг. памёр.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии