Вяртанне да кнігі на схіле жыцця

0
Реклама

Напарнік па санаторнай палаце спадабаўся мне пры першым знаёмстве здаровым аптымізмам., зайздроснай памяццю на ўсё перажытае, убачанае за сорак гадоў працы шафёрам грузавіка на дальніх рэйсах. Нават не верылася, што чалавек размяняе дзевяты дзесятак веку. Удавец ужо дзевяць гадоў, пасля нечаканай смерці яшчэ не старой жонкі. У Любані мае двухпакаёвую кватэру. Але з вясны да позняй восені шчыруе на дачным участку, куды дабіраецца прыгарадным аўтобусам. Сын, два ўнукі - мінчане.
Неяк на другі дзень пасля прыезду я прынёс з санаторнай бібліятэкі томік Якуба Коласа і аповесць Васіля Быкава «Яго батальён». Пацікавіўся ў Рыгора Іванавіча (ініцыялы з этычных меркаванняў зменены — заўвага аўтара), ці чытаў ён што з твораў Быкава.
— Слышал такого писателя, но ничего не читал, — адказаў ён.
— І Коласа, Купалу не чыталі?
— Да я, дорогой, за всю жизнь может три или четыре книжки прочитал, даже не помню какие. До войны окончил пять классов, а потом отец впряг в работу на сотках, потом — колхозная повседневка за трудодни, три года службы в армии. Не до книг было.
І ўсё ж ён сам спытаў мяне, якую самую цікавую кніжку я прачытаў у сваім жыцці. Адказаў, што ў дзяцінстве аповесць «Рабінзон Круза».
— А кто такой был? — пачуў пытанне.
— Матрос, пасля караблякрушэння мора выкінула яго на бязлюдны востраў, дзе Круза пражыў звыш дваццаці гадоў. Няўжо і гэтую кніжку не чыталі?
— Не пришлось, — пачуў сумны адказ.
Вяртанне да кнігі на схіле жыццяЯк «чарнобылец» (вывозіў на грузавіку з забруджаных раёнаў жыхароў, іх жывёлу), Рыгор Іванавіч здолеў пабываць у адзінаццаці санаторыях былога СССР. Меўшы ўласныя «Жыгулі» аб’ездзіў з жонкай самыя цікавыя мясціны Поўдня ад Адэсы да Батума. І ніколі ў яго не паяўлялася жадання купіць на дарогу хоць якую-небудзь кніжачку, якія тады каштавалі капейкі. І вось што значыць не атрымаць да іх цікавасці ў раннім дзяцінстве. Я ледзь угаварыў яго зайсці ў бібліятэку і ўзяць кніжачку з дзвюмя аповесцямі Высіля Быкава ў перакладзе на рускую мову, бо беларускую ён забыў, хоць і разумеў мяне, калі я чытаў яму па памяці вершы Купалы ці «Новую зямлю» Коласа. Тую кніжку Быкава сусед па палаце чытаў амаль дваццаць дзён — да дня ад’езду дамоў. Адчужэнне ад кніжнага свету парадзіла само сабой абыякавасць да тэлеперадач пра цікавых людзей, малавядомыя гісторыі з часоў сталінскіх рэпрэсій.
У такія часіны ён альбо стрыг нажніцамі кіпці на нагах, альбо заварваў чай, а часцей драмаў ці клаўся спаць. І мне па-чалавечы было шкада гэтага ўвогулле добрага сэрцам, талковага, гаспадарлівага чалавека.

Мізась Залескі

Реклама