Святло пагаслай зоркі

0

У Любанскім дзяржаўным музеі Народнай славы летам адкрылася выстава карцін мясцовага самадзейнага мастака Анатоля Ярмака. Якраз у гэты дзень Анатолю Мікалаевічу споўнілася б сорак гадоў…

Вельмі часта, на вялікі жаль, мастацкі талент атрымлівае шырокае прызнанне толькі пасля смерці яго носьбіта. А тым талентам, варта адзначыць, Анатоля Ярмака прырода надзяліла надзвычай шчодра. Каб зразумець гэта, дастаткова зірнуць на жывапісныя работы Анатоля Мікалаевіча (іх дваццаць сем), якія выстаўлены ў музеі. Яны адразу ж заварожваюць. Заварожваюць сваёй прыгажосцю, адухатварэннем, асаблівым душэўным цяплом, настроем, які дакладна ўхапіў і перадаў на палатне аўтар.
Яго пейзажы з любанскімі краявідамі не проста напоўнены святлом і паветрам: у тым паветры, здаецца, можна разлічыць асобныя пахі - то сакавітай летняй лясной зеляніны, то падточанага вясеннім цяплом снега, то прэлай восеньскай лістоты, то марознай зімовай свежасці. Яго нацюрморты вызначаюцца багаццем асацыяцый, уменнем стварыць ёмкі, шматслойны вобраз са складаным сэнсавым падтэкстам…
Нарадзіўся Анатоль Ярмак у вёсцы Рэдкавічы. Восем класаў скончыў у Сароцкай сярэдняй школе. Пасля лёгка паступіў у Мінскае мастацкае вулішча. Аднак давучыцца там да канца юнаку не давялося. У інтэрнаце вучылішча месца для яго не знайшлося. Таму жыў ён у нейкіх далёкіх сталічных сваякоў, для якіх быў нязручнай абузай. Гэта яму і давалі зразумець ледзь не штодня. Тое, нарэшце, хлопцу надакучыла, і ён, параіўшыся з маці, вырашыў пакінуць вучобу і вярнуцца дамоў.
Між тым, выкладчыкі вучылішча ўжо паспелі разгледзець у Ярмаку талент. Яны неаднаразова тэлефанавалі ў вёску, угаворвалі юнака прадоўжыць адукацыю, абяцалі дапамагчы з жыллём. Але Анатоль Мікалаевіч тым угаворам не паддаўся. Неўзабаве яго заклікалі на вайсковую службу. Лёс закінуў хлопца на Кольскі паўвостраў - у горад Манчагорск. Пасля ж дэмабілізацыі Ярмак планаваў займацца толькі маляваннем.
Дарэчы, у дзяцінстве асаблівай цягі да мастацкай творчасці Анатоль Мікалаевіч не выказваў. Аднак у шостым класе хлапчук моцна захварэў рэўматызмам. Маляваць ён пачаў, вярнуўшыся дамоў з бальніцы. Каб падтрымаць здольнасці сына, што так нечакана выявіліся, маці Марыя Фокаўна дазволіла яму распісваць пабеленыя сцены хаты. На тых сценах раз-пораз з’яўляліся цудоўныя кветкі. Радасці падлетка ў такія хвіліны не было канца…
Спачатку Ярмак уладкаваўся мастаком-афарміцелем у ДРБУ-193 — мяляваў, як кажуць, розную наглядную агітацыю ды дарожныя знакі. Потым перайшоў у РКБА. Ды, наогул, за якую толькі працу не браўся! І камяні распісваў, якія лясгасаўцы ўстанаўлівалі абапал дарог і ля лясных масіваў, і вывескі для першых любанскіх прадпрымальнікаў, як яго знакаміты калега Пірасмані рабіў.
Часу на творчасць заставалася не так і шмат. Чаго граха таіць: магчыма, таму, што даводзілася разменьваць свой талент на дробязі, хлопец папіваў. І, бывала, моцна. А гэта абарочвалася непаладкамі ў асабістым жыцці. Усё змянілася, калі Анатоль Мікалаевіч уладкаваўся ў Любанскі санаторый «Рассвет». Там, на трэцім паверсе корпуса, мастаку выдзялілі майстэрню, дзе ён апантана і тварыў.
Яго карцінамі ўпрыгожаны ледзь не ўсе памяшканні санаторыя. Налюбаваўшыся на такое хараство, з заказамі да Ярмака пачалі звяртацца адпачываючыя. Так работы мастака разыходзіліся па ўсёй Беларусі - і ў Мінск, і ў Брэст, і ў Магілёў (іх актыўна набываў дырэктар мясцовага музея) і ў многія іншыя гарады.
Праўда, асаблівага багацця на тым мастак не нажыў. Ад прыроды сціплы і добры, ён саромеўся прадаваць свае творы. Таму часцей проста дарыў карціны.
На прыступках той майстэрні Анатоль Мікалаевіч летась і памёр ад сардэчнай недастатковасці…
— Нам вельмі хацелася, — расказвае навуковы супрацоўнік Любанскага музея, адна з арганізатараў выставы Антаніна Сіманава, — каб усе любанчане адкрылі для сябе чароўны свет творчасці Анатоля Ярмака, каб угледзеліся ў той яркі след, які ён пасля сябе пакінуў, каб адчулі гордасць за свайго земляка. Бясконца шкада, што гэты безумоўна таленавіты мастак так мала пражыў. Колькі б яшчэ цудоўных карцін ён напісаў!
З тым нельга не пагадзіцца…

Сяргей Любшын

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии