Слуцкі педтэхнікум

0

80 гадоў таму ў Слуцку быў заснаваны педагагічны тэхнікум і тады ж, напрыканцы лета, арганізаваны першы набор навучэнцаў.

1920-я гады былі часам, калі на змену старой дарэвалюцыйнай сістэмы асветы прыходзіла новая, на якую ўскладвалася задача значна павысіць узровень адукацыі народа. Гэта быў час эксперыментаў, калі адмяталіся не толькі аджыўшыя, але і часам станоўчыя моманты старой сістэмы навучання, а на змену прыходзілі новыя, нярэдка даволі экстравагантныя і нават фантастычныя формы.
У горадзе і раёне пашыралася сетка пачатковых і сярэдніх школ. Новая педагагічная ўстанова павінна была ліквідаваць дэфіцыт настаўніцкіх кадраў, патрэба ў якіх узрастала.

Гісторыя ўстановы
1927 год — заснаванне педагагічнага тэхнікума. Яго асноўнай задачай стала падрыхтоўка настаўнікаў пачатковых класаў і пачатковых школ для горада і раёна. Тэрмін навучання складаў чатыры гады, у 1930 годзе быў скарочаны да трох.
У 1930-я гады педтэхнікум рэарганізаваны ў педагагічнае вучылішча. Колькасць навучэнцаў да 1937 года дасягнула 500 чалавек.
Перапынак дзейнасці ўстановы прыпадае на 1941−1944 гады, калі горад знаходіўся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.
Восенню 1944 года дзейнасць вучылішча аднавілася і працягвалася да 1954 года, калі было пераведзена ў Бабруйск.
Пасля вайны педвучылішча размяшчалася ў ацалелым корпусе былога духоўнага вучылішча на вуліцы Карла Лібкнехта (цяпер Віленская) побач з вайсковым гарадком. Цяпер яго займае медыцынскі коледж. А на пачатку, у 1927 годзе, для размяшчэння педтэхнікума быў выбраны адзін з самых знакамітых гарадскіх будынкаў - корпус былога камерцыйнага вучылішча, якое спыніла сваю дзейнасць падчас Грамадзянскай вайны.

Реклама

Значнасць гістарычнай пабудовы
З-за таго, што Слуцк быў моцна разбураны пад час апошняй вайны, а таксама з-за свядомага знішчэння старадаўніх будынкаў, горад аказаўся ў такім стане, што цяпер любы стары будынак у нашым горадзе можна разглядаць як помнік яго архітэктуры і гісторыі.
Сярод іх корпус былога камерцыйнага вучылішча, які цяпер больш вядомы як чырвоны корпус кансервавага завода, мае свае асаблівасці і значнасць. Ён непасрэдным чынам звязаны з цікавымі старонкамі гісторыі адукацыі ў нашым горадзе. Як помнік архітэктуры, уяўляе на сёння адзіны прыклад пабудовы ў стылі мадэрн. У свой час ён мог мець славу мясцовага хмарачоса — у 1910- 1940-я гады з’яўляўся самым высакім будынкам горада. Да таго ж цяпер гэта адзіны дарэвалюцыйны будынак на правым баку галоўнай гарадской вуліцы. Ён сведка значных гістарычных падзей: «бачыў» рух бежанцаў ад вайны 1914 года, неаднаразовую змену ўлады пад час Грамадзянскай вайны, адступленне пад націскам фашыстаў Чырвонай Арміі і яе вяртанне.
Ён «памятае» многіх дзеячаў, якімі цяпер ганарыцца Случчына: у яго сценах некалі вучыліся выдатны канструктар Сямён Косберг, кандыдат гістарычных навук Яўхім Шулякоўскі, доктар медыцынскіх навук Аляксандр Гладкі, пісьменнікі Антон Алешка, Алена Васілевіч, Лявон Случчанін. У знак пашаны да кожнага з іх на сцяне будынка можна было б усталяваць мемарыяльную дошку.

Гісторыя будынка
Будынак ад пачатку праектаваўся як вучэбны корпус камерцыйнага вучылішча. Заснавана яно было ў 1910 годзе і спачатку заняткі праводзіліся ў прыстасаваным аднапавярховым драўляным доме. Адначасова на вуліцы Шасейнай пачалося ўзвядзенне з цэглы капітальнага вучэбнага корпуса, якое практычна скончылася да 1912 года.
У 1920 годзе, калі пад націскам Чырвонай Арміі з горада адступалі польскія легіянеры, яны разам з шэрагам іншых будынкаў спалілі і корпус камерцыйнага вучылішча.
Да 1924 года корпус быў адноўлены. Там размясцілася школа-сямігодка. Асобныя памяшканні былі адведзены для гарадскога Дома культуры, камітэтаў прафсаюзаў, краязнаўчага музея.
У 1927 годзе на змену школе-сямігодцы прыйшоў педтэхнікум.
Падчас нямецкай акупацыі ў яго актавай зале працягвалі праводзіцца культурныя мерапрыемствы, але цяпер замест ухвалы Савецкай улады і Камуністычнай партыі тут ужо можна было пачуць словы падзякі Гітлеру і высьмейваўся правадыр народаў Сталін.
У чэрвені 1944 года будынак быў моцна разбураны пад час вайсковай аперацыі па вызваленні горада ад немцаў.
Пасля вайны педвучылішча аднавіла дзейнасць у будынку былога духоўнага вучылішча, а яго ранейшы корпус да 1960 года быў адноўлены і перададзены сокаваму заводу, пазней пераіменаванаму ў кансервавы завод.
У знак гістарычнай каштоўнасці будынка на яго сцяне цяпер усталявана мемарыяльная дошка.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии