Апошняя сустрэча

0

Стары Андрэй Пятровіч з вечара рыхтаваўся да заўтрашняй паездкі на базар. Хоць на двары стаяла спякота, на яго агародзе ўсё «шыбала»: укропчык ужо распускаў свае парасончыкі, а паміж яго радкамі, у нізе, рос маладзенькі трускаўнік, адліваў зялёным бурштынам, што ні кайва — жывая капейка. Во трускаўкі падыходзяць — толькі паспявай збіраць. Вёдрамі адвозяць да Мар'і на базар. А там попыт ёсць. Бо яго трускаўкі надта прывабныя: вялікія і сочныя. Для іх ён стараецца, з апоўдня носіць воду ды палівае. Чуць свет заўтра яшчэ раз палье. Тады вядзёрца добра злітых трускавак на трэць цяжэй становіцца. Так з вады можна грошы рабіць. Толькі не лянуйся, палівай.
Ход яго думак перабіў гул матора аўтамашыны. Ён разагнуўся паглядзець на нечаканага госця і здзівіўся: з машыны вылез сынок.
Сынка даўно не бачыў. З таго часу як атрымаў апошні заробак. Запіў, загуляў. Ці бывае на рабоце, бацька ўжо не цікавіўся. Гэта раней за сынам бегаў, вельмі хацелася зрабіць разумнага чалавека. А што атрымалася — бомж.
Андрэй Пятровіч захваляваўся. Сын нездарма завітаў. Мусіць, будзе грошы прасіць.
Сын ішоў, хістаючыся, па разоры на агарод. Вось нахіснуўся, саступіў на градку з трускаўкамі. У бацькі ёкнула ў душы: патопча ягаду.
— Не тапчыся, — не вытрымаў стары.
А сын саступіў на градку другой нагою, нагнуўся і стаў збіраць ягады ды кідаць у рот.
— Занадта яны вільготныя, пагніюць, — буркнуў сагнуты сын.
— Не пагніюць. На базар іх трэба сочнымі адвезці.
— Сквапны ты, дурыш пакупнікоў, ваду прадаеш за ягаду, — талдычыў сын, набіўшы рот ягадамі.
Апошняя сустрэча Бацька стаяў і глядзеў на сына. Ён здагадваўся, што той галодны, папросіць пакарміць і заплаціць шафёру за тое, што прывёз яго да бацькі. Заставацца тут не будзе, пакорміцца і паедзе ў горад. А так патрэбна яго дапамога! Стары стаў даўно не спраўляцца з работаю.
А калі усё зрабіць у час ды адвезці трускаўкі на базар, то маці іх прадаць адна не ўправіцца. Вось тады можна было б і сына побач паставіць. Удваіх прадаваць завіхней. Стаяў стары Андрэй Пятровіч і мары свае неспадзяваныя бачыў у сваіх горкіх думках. Сын разагнуўся, праглынуў ягаду і да бацькі: — «Дай трыццаць рублёў, падзаляцеў я, расплаціцца трэба. "
— Не дам! Ты зарплату маеш. Ідзі працуй і жыві, як усе жывуць.
— Хопіць, я чуў не раз такое. Вось чалавецтва навучыцца з паветра грошы зарабляць, тады я перайму той вопыт і буду таксама грошы зарабляць. А пакуль прадаваць вадзяную ягаду ў мяне няма жадання. Дык дасі трыццатнік?
— Не дам, не дам, не клянчы! — грозна адказаў бацька.
Сын павярнуўся і пайшоў у дом. Бацька памкнуўся за сынам у хату. Але нешта яго астанавіла. Калі што паспрабуе вынесці з хаты, то ён будзе бачыць.
Сын не доўга затрымаўся. Выйшаў спакойна.
— Я спадзяваўся, што ты мяне выручыш, а ты жмот стаў страшэнны.
— Ідзі, ідзі, — адказаў стары.
Сын выйшаў на вуліцу. Машына развярнулася і памчалася ў бок горада.
— Чаго ён прыдумаў? Лепш не бачылі б яго вочы, не балела б душа. Але зрабіць так, каб сын жыў, як яму хацелася, было не пад сілу.
Да якіх лекараў не вазіў яго, сын праз нядзелю, а то і раней, браўся за сваё: зносіў з хаты, прапіваў. Цяпер ён жыў у інтэрнаце. Але жыллё яго было прыпынішчам такіх, як сам. Таму бацька, бываўшы ў горадзе, ніколі не заходзіў да яго.
Андрэй Пятровіч стаў насіць ваду, каб заўтра раніцаю зноў паліць трускаўкі, укропчык.
У ціхай працы ён не заўважыў, як стала цямнець. Трэба было яшчэ павячэраць ды прыгатовіць сняданак. Заўтрашні дзень пачынаецца зноў з паліву, пасля хуценька трэба сабраць ягады, набраць укропчыку, каб усё свежанькае адвезці ў горад. Жонка пасля базару заставалася ў гарадской кватэры: пакідаць жыллё без дагляду таксама боязна, залезуць злодзеі, не ўберажэ сігналізацыя.
Раптам заверашчаў мабільны тэлефон. Сусед па гаражу гаварыў:
— Твой сын прадаў з гаража чатыры зімнія колы з дыскамі за трыццаць тысяч незнаёмаму шафёру.
Андрэй Пятровіч кінуўся ў хату, каб глянуць на звязку ключоў.
Яны ляжалі, як звычайна, на стале. Але ключа ад гарадскога гаража на звязцы не было.
— Нягоднік!
Сказаць больш нічога не паспеў. Ён адчуў, як нешта востра пеканула ў грудзях, боль пацякла гарачай плынню пад левую лапатку, стала паднімацца да горла. Цемна стала ў вачах, захісталіся сцены. Андрэй Пятровіч паспрабаваў схапіцца за стул, але прамахнуўся і грымнуўся беспрытомна на пол.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии