Стары Тарас

0

З возера дзьмуў халодны вецер, ад парываў каторага вогнішча разгаралася. Тады адступала цемень, высвечвалася постаць майго субяседніка. Белая барада і вусы не хавалі яго рот, напоўнены белымі металічнымі зубамі. Калі ён пачынаў гаварыць, яны паблісквалі ад вогнішча. Субяседніку далёка за восем дзесяткаў гадоў. Ён жыхар суседняй вёскі, а я гарадскі аматар пабыць на прыродзе. Адчувалася, что субяседнік — чалавек яшчэ даволі рухавы, мае нейкую нявыказанную жыццёвую хітрасць, бо ад чаго ж так свецяцца яго вочы.
— Кажаш, любіш пабыць на прыродзе? Усё добра, што самаахвотна. Горш, калі цябе прымушаюць, але чаму адзін, без каханкі? — запытаўся дзед.
— Мяне жыццё застаўляе, — працягваў разважаць дзед на мае пярэчанні, быццам ён тут начуе па чыёйсьці прымусе. — Вось ранкам снасці праверу, рыбку збяру. Спадзяюся, што будзе чым юшку заправіць.
— А што, пенсіі не хапае?- спытаўся я.
Стары Тарас — Пенсія на Расіі разгублена. Ды не яна галоўнае. Як не пашанцуе чалавеку, дык на ўсё жыццё. У старасці будзеш сябе папракаць, за што такое пакаранне.
Я здзіўленна паглядзеў на яго.
— А пачалося ўсё напрыканцы Другой сусветнай вайны. Японія ляжала ў руінах, а наш полк перавялі ў Порт-Артур. Стаў я падбухторваць салдат выступіць з патрабаваннем адправіць нас дамоў. Хутка адправілі… у Архангельскую вобласць на дзесяць гадоў. Вакол тайга, ахова. Крок управа, крок улева — страляюць на паражэнне.
Ночы светлыя там, клуб будавалі. Кіно ў ім круцілі. Вось у тым клубе зноў напароўся на бяду. Сустрэўся з дзяўчынай, дачкою даглядальніка. Па закону сустракацца было забаронена. Ды што моладасці той закон! Так атрымалася само, што паглядзеў у вочы ёй, а яна мне, і зразумелі, што з клуба выйдзем і пойдзем у тайгу ад людзей далей. Сустракаліся таемна, зялёная тайга хавала нас ад закону, які забараняў жыццё і яго вечнае каханне.
Калі пра ўсё дазнаўся бацька, то вырашыў па-ваеннаму: адправіў дачку ў Архангельск. Прыйшоў час, калі ў лагерным пасёлку загаварылі, што яна выходзіць замуж. Бацька знік з пасёлку на некалькі дзён, на вяселле, а калі вярнуўся, мне вельмі хацелася запытацца пра дачку. Але не запытаўся, а ён стараўся не звяртаць на мяне ўвагі. Для яго я быў ніхто, казюлька. Ды не пашанцавала ні ёй, ні мне. Хутка ёй давялося вярнуцца да бацькі.
Доўга вышукваў я момант, каб сустрэцца з ёю. Мне было, што сказаць, але калі сустрэўся, не сказаў ні слова, акрамя аднаго: маўляў, вяселля не было, нічога не было, сустракацца будзем.
А на душы ў самога нешта нядобрае затаілася.
Нашы сустрэчы ўпотай былі рэдкімі, але запамінальнымі. Хутка яна прызналася, што зацяжарыла. Прасіла адправіць яе да маіх бацькоў, у Беларусь, і яна там будзе чакаць майго вызвалення, расціць дзіцятка. Бо калі даведаецца пра яе цяжарнасць бацька, выганіць з хаты. Я аднекваўся, маўчаў. Тая крыўда, нанесеная яе вяселлем, таптала маю душу, маё сэрца і не дазваляла шчыра дараваць усё тое, што так недарэчна адбылося.
Аднойчы нас высачылі бацька і тры салдаты з аўтаматамі і аўчаркай. Мяне павязалі, заканваіравалі і саслалі ў лагер строгага рэжыму. Пасля я даведаўся, што мая каханая некуды з’ехала з лагернага пасёлка. Так я сам загубіў сваё першае каханне і сваё дзіця.
Вецер пацянуў прахладаю. З другога боку возера чулася гармошка і бубен.
— Шчаслівыя маладыя, вёска гуляе. А ў мяне сэрца шчыміць, вось і сышоў з сяла. А маглі і мае тут дзеці жыць. А ты, хлопец, прыязджай з дзяўчынаю, заходзь да мяне, снасці рыбалоўныя для цябе заўсёды гатовы будуць. У аднаго Тараса такая старая хата, таму знойдзеш адразу.
Калі я праснуўся, дзед чысціў рыбу. З камышоў выплыла качка з качанятамі і громкім краканнем пазвала качанят бліжэй да сябе.
— Во сэнс жыцця. І ты хлопец не згубі яго, — сур’ёзна казаў дзед, паказваючы на качку.
На развітанне ён падарыў мне кілаграмовага ліня, а я абяцаў прыслухацца да яго парадаў.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии