Шпацыр па краіне спакою

1

Заканчэнне. Пачатак у № 32

Могілкі за горадам
У канцы ХVІ - 1-й палове ХVІІ стагоддзя ў Слуцку склалася этна-канфесійная структура насельніцтва, якая захоўвалася і пазней. Галоўнымі групамі былі праваслаўныя, католікі, іўдзеі і пратэстанты. Гэта адбілася на арганізацыі новых могілак. Іўдзейская абшчына атрымала месца за горадам насупраць Трайчанаў, на ўзвышаным левым беразе Случы. Увага на іх звярталася ў артыкуле «Слуцкія яўрэі» («Інфа-Кур'ер, № 2, 2006), таму цяпер абмяжуемся толькі кароткімі звесткамі. Кніга запісаў яўрэйскай абшчыны фіксавала там пахаванні з 1679 па 1924 год. Дзейнічалі могілкі да Вялікай Айчыннай вайны. На пачатку 1970-х гадоў іх ліквідавалі, тая тэрыторыя адышла пад жылы масіў, які называецца раён вуліцы Будаўнікоў.
Хрысціянскі некропаль з’явіўся ў пэўнай адлегласці ад горада на паўночны ўсход. Сюды вяла дарога, якая ў ХІХ стагоддзі стала вуліцай Кладбішчанскай (цяпер вуліца 14 Партызан). Могілкі мелі праваслаўную, каталіцкую, пратэстантскую (складалася з кальвінскай і лютэранскай) часткі, раздзеленыя рвамі. На праваслаўнай частцы напрыканцы ХVІІІ стагоддзя пабудавалі драўляную Варварынскую царкву. Ад уваходнай брамы, побач з якой стаяла званіца, да храма вяла дарожка, што існуе і цяпер. Уваход на каталіцкую частку з Кладбішчанскай пачынаўся мураванай брамай. У 1820 годзе непадалёку ад яе з’явіўся драўляны касцёл. Ён прастаяў дваццаць гадоў, а ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на яго месцы з’явілася драўляная капліца ў гонар «Зняцця з Крыжа Збавіцеля». Былі могілкі, верагодна, і на прадмесці «Востраў», але з ХVІІ стагоддзя яго жыхары ўжо карысталіся агульнагарадскім некропалем. Да першай паловы ХХ стагоддзя існавалі могілкі на Трайчанах. Цяпер гэта тэрыторыя вайсковага гарадка па левы бок вуліцы Віленскай, непадалёку ад развілкі вуліц Тутарынава і Салігорскай.

Царкоўныя некропалі
Былі пахаванні на царкоўных і манастырскіх пагостах. Напрыклад, і сёння некалькі адзначаных крыжамі пахаванняў можам заўважыць побач з Свята-Міхайлаўскім саборам. Меўся пагост пры Юр’еўскай царкве (цяпер раён вуліцы Талстога), а таксама каля гарадскога сабора. Там, дарэчы, каля правага кліраса сабора ў 1586 годзе быў пахаваны князь Юрый Алелькавіч.
Большымі былі манастырскія некропалі. У цэнтры горада на беразе Случы з 1600 па 1797 год знаходзіўся Праабражэнскі манастыр. Яго будынкі згарэлі ў 1810 годзе, могілкі засталіся пакінутымі і з часам зніклі.
З ХV да ХІХ стагоддзя на вуліцы Віленскай размяшчаўся Ільінскі манастыр. Цяпер вуліца спрамлена і праходзіць як раз па былому манастырскаму некропалю. Частка былых могілак аказалася паміж «КэНээСкай» і «Чортавым» мосцікам. Як раз там былі адкрыты пахаванні падчас земляных работ гадоў дзесяць таму.
Меліся пахаванні на тэрыторыі каталіцкага Бернардзінскага кляштара. Цяпер там маслабаза, і за даўнасцю гадоў мала што там засталося.
Найбольш значнымі з’яўляліся могілкі праваслаўнага Троіцкага манастыра. Тут напрацягу многіх стагоддзяў хаваліся манахі і царкоўныя іерархі, чые імёны ўвашлі ў гісторыю. Адзін з іх — архімандрыт Міхаіл Казачынскі, якога да гэтага часу помняць не толькі ў нашай краіне, але і на Украіне і Сербіі. Хавалі тут знакамітых гараджан. Тут былі пахаваны княгіня Сафія Алелькавіч і яе дзядзька князь Аляксандр, жонка вялікага гетмана Літоўскага Януша Радзівіла княгіня Марыя і іх сын. Знайшоў свой спакой першы генерал-губернатар далучаных у канцы ХVІІІ стагоддзя да Расіі зямель Міхаіл Крачэтнікаў. Гэтыя могілкі пачалі разбураць у 1930-я гады пасля закрыцця манастыра, калі на той тэрыторыі размясціўся вайсковы гарадок.

Реклама

Пахаванні ахвяр вайны
На тэрыторыі 1-га вайсковага гарадка ў часы Вялікай Айчыннай вайны нямецкія захопнікі арганізавалі канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных, куды пачалі змяшчаць і мірных грамадзян. Для многіх ён стаў месцам смерці, там жа іх і хавалі. Пасля вайны пэўная частка загінуўшых была перапахавана ў брацкай магіле на тэрыторыі побач з гарадскімі могілкамі, там з’явіўся мемарыяльны комплекс. Аднак значная частка пахаванняў засталася некранутай. Пасля раскопак, якія ў 2005 годзе правялі вайсковыя спецыялісты, на іх месцы быў адкрыты помнік.
На паўночнай ускраіне горада, у раёне металааб’яднання, знаходзіцца помнік, дзе пахаваны ахвяры слуцкага гетта, знішчанага фашыстамі ў 1943 годзе.
Загінуўшыя ў 1944 годзе вызваліцелі горада і ахвяры вайны пахаваны ў брацкіх магілах, якія размешчаны на тэрыторыі старых могілак. Адзначаны яны абеліскамі. На паўднёва-заходняй частцы могілак у 1975 быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс, які ўключае брацкую магілу, архітэктурна-скульптурны ансамбль і добраўпарадкаваную навакольную тэрыторыю. Гэты мемарыяльны комплекс стаў месцам правядзення ўрачыстасцяў, звязаных з памяццю аб падзеях апошняй вайны, у гонар вызвалення краіны і Дня Перамогі.
Трэба дадаць, што мемарыяльная мясціна, прысвечаная ваенным ахвярам, з’явілася яшчэ ў 1920-я гады, калі на вуліцы Шырокай былі перапахаваны загінуўшыя ад польскіх акупантаў тыя, каго мы цяпер называем «Чатырнаццаць Слуцкіх партызан». Тады ж у іх гонар была пераіменавана і вуліца Кладбішчанская, а Шырокая атрымала назву Камсамольскай.
Цяпер старыя гарадскія могілкі па вуліцы 14 Партызан закрыты. Яны засталіся адзіным значным некропалем, ад многіх даўнейшых пахаванняў, як бачым, не засталося і слядоў. Нажаль, найбольш дагледжанымі там з’яўляюцца мемарыяльны комплекс, брацкія магілы і пахаванні пераважна 1970−80-х гадоў. Але ж гэта гісторыка-мемарыяльны комплекс, якому не менш чатырох соцен гадоў. Таму вельмі шкада, што стан шматлікіх старадаўніх помнікаў, многія з якіх з’яўляюцца своеасаблівымі захавальнікамі гісторыі краю, а таксама сапраўднымі творамі мастацтва, дэманстрыруе сёння варварскія адносіны да той жа гісторыі.

Ігар Ціткоўскі

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии