Пшанічна-жытнёвы пояс Кутнева

0

Вёска Кутнеў Старобінскага раёна. На 1-е студзеня 1941 года двароў - 97, жыхароў - 400 чалавек.
(З архіваў былога раёна)

Нават дзеля таго, каб убачыць гэты шыкоўны пояс, пачуць знаёмае з далёкага дзяцінства шапаценне спелых каласоў, падыхаць хлебным водарам ад іх цвіцення, варта было ехаць сюды здалёку міжгароднім аўтобусам. А пояс той — неаглядны, нібы абсяг марскі. Справа ад дарогі, што вядзе з шашы на Любань, на гектарах пяцісот ці мо і болей, раскінуўся жытнёвы палетак, дальні край якога падступіў да суседняй вёскі Застарыне, што ў двух кіламетрах. Злева ад дарогі, як акінуць вокам, гектараў чатырыста занята пад азімай пшаніцай, а на паўночны бок ад вёскі Кутнёў, куды я прыехаў пагасцяваць, на былых гнілых балотах, дзе летам тапіліся каровы і коні, яшчэ адзін «адрэзак» таго пояса — мо з трыста гектараў пшаніцы яравой! Ажно дух захапіла ад гэтага раздолля збожжавай нівы. Акінеш поглядам ушыркі - і душа напаўняецца нейчым светлым, добрым, нібы стаіш на бажэнстве ў царкве. Усё гэта багацце зямное належыць сельгаскааператыву «Гарняк», цэнтральная сядзіба якога зараз знаходзіцца ў няблізкай вёсцы Жабінка, — так парашылі ўлады раёна.
А вось гэтая старажытная вёска, як толькі ступіў на вузкую гравельную вуліцу, здзівіла цішынёй, стала навяваць сум і горыч — ад застарэлага запусцення падворкаў. Пшанічна-жытнёвы пояс КутневаЛя крайняй ад шашы хаты на лаўцы сядзеў дзядуля. Цімафей Дзялендзік, яму пад восемдзесят, столькі і жонцы Вользе. Двор чысты, агарод засеяны. Не без дапамогі сына, нявесткі, што жывуць у Салігорску. Ад хаты Дзялендзікаў і далей па вуліцы справа (злева праглядваліся мо тры ці чатыры катэджы дачнікаў з горада) налічыў дзесяткаў з два апусцелых, не надта старых хатаў з заросшымі быльнягом і кустоўем дварамі, агародамі. Гэта ўжо «нічые» хаты: дзеці, што з’ехалі ў гарады, блізкія і дальнія, сюды ўжо не заглядваюць. Такія ж хаты я сустракаў і далей, на ўсім паўтаракіламетровым прасцягу вуліцы, выгнутай літарай «Г». Ёсць і рэдкія выключэнні з гэтай карціны вымірання вёскі. Вось Антось Кунцэвіч, пенсіянер, жыве ў бацькавай хаце адзін, трымае свінчо, трусоў, абрабляе сядзібу. А жонка Марыля засталася ў Салігорску: не жадае гнуцца над градкамі (магчыма, па стану здароўя), але зімой прыязджае аўтобусам да мужа-аднаасобніка, прывозіць прадукты, купленыя ў магазіне, калі ёсць патрэба, то і лякарствы. Яны не ў разводзе — проста кожны мае свой родны кут, які ім любы. А непадалёку жывуць 80-гадовая Вольга Рэўт і 90-гадовая Кацярына Бараноўская. Бабулі садзяць сёе-тое на градках, а хлеб і іншыя прадукты купляюць у аўталаўцы, што праведвае вёску.
З маладзейшых пенсіянераў - Мікалай Муравіцкі і яго жонка Ніна: яму летась споўнілася 70 гадоў, жонка на шэсць ці восем гадоў маладзейшая за яго. Трымаюць на падворку парася, курэй, дзвух сабак. А яшчэ Муравіцкія вырошчваюць вінаград — летась быў добры ўраджай, то націснулі соку і атрымалася, з дабаўкай цукру, нядрыннае віно, якім і мяне пачаставалі.
Чытач, напэўна, заўважыў, што ў поле майго зроку трапляюць усе састарэлыя жыхары. Што ж, маладых людзей тут не засталося. Як зазначыў мне адзін дзядуля, Салігорск «высмактаў усю моладзь».
За вёскай, на Міфодзіевай гары (там да вайны стаяў ветравы млын), на яе заходнім абсягу на гектарах двух, шуміць лістотай густы бярэзнік, туды старыя і дачнікі ходзяць восенню па грыбы.
Прабач, шаноўны чытач, я ледзь не забыў паведаць пра самую старэйшую (ёй болей за 100 гадоў) жыхарку Кутнёва — ліпу Дубоўскага. Такой не бачыў ні ў адной вёсцы: ствол — у два абхваты, вышыня дрэва — метраў пятнаццаць, крона ўшырыню такога памеру, што пад ёй у цяньку летам маглі б прыпыніцца не меней паўсотні чалавек. Чаму ліпа мае такую назву ў вяскоўцаў? Па прозвішчу небагатага селяніна Сцяпана Дубоўскага, якога ў пачатку 30-х гадоў мінулага веку раскулачылі і выслалі з жонкай на Поўнач, там яны недзе і паўміралі. А ліпа, што і пры іх жыцці тут была ўжо даволі рослай, так і засталася ўзбоч вуліцы — як помнік ім, гаротнікам той таталітарнай сістэмы, што калечыла лёсы людзей.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии