Дзве радзімы пані Марыі

0

У гэтым годзе галандскі дабрачынны фонд Stichting Weeshuizen Belarus («Дзіцячыя дамы Беларусі») укладзе ў развіццё дзяржаўнай установы адукацыі «Капыльская агульнаадукацыйная дапаможная школа-інтэрнат для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю» каля 170 тысяч еўра. Грошы будуць патрачаны на асфальтаванне тэрыторыі, рамонт некаторых памяшканняў, пакупку новай мэблі, розных інструментаў для майстэрань, гаспадарчага і спартыўнага інвентару, мноства вучэбных дапаможнікаў, шматлікага раздатачнага і нагляднага матэрыялу. Акрамя таго, значную частку сумы скарыстаюць для аздараўленння выхаванцаў, а таксама на арганізацыю экскурсійных паездак.

Варта адзначыць, што згаданы фонд стварыла і ўзначаліла пані Марыя Элізабет Схаверус. Для сяброў проста Рыя.
Яна нарадзілася ў Амстэрдаме. З гэтым горадам звязана яе дзяцінства, якое прыпала на цяжкія пасляваенныя гады, вучоба ў школе, а пасля і ў педагагічным інстытуце. Тут на адным са святаў яна сустрэла суджанага.
Потым разам з мужам пані Марыя жыла ў розных іншых гарадах і гарадках Галандыі. Працавала настаўніцай пачатковых класаў, была дырэктарам школы.
Нарэшце лёс занёс іх у Элфарт — па нашых мерках пасёлак гарадскога тыпу. Праўда, тут работы па спецыяльнасці для Марыі Схаверус не знайшлося. Тады яна набыла другую спецыяльнасць: закончыла касметычную школу. Паралельна вельмі зацікавілася скуранымі хваробамі і навучылася іх лячыць. Зараз у жанчыны ўласная практыка, даволі шырокае кола пацыентаў.
Здавалася б, чаго яшчэ? Але штосьці не давала ёй існаваць спакойна.

Ад уражанняў да Фонда
Доўгі тэрмін пані Марыя разам з сяброўкай адпраўляла пасылкі з гуманітарнай дапамогай сям'і ў Клімавічах. І неяк жанчын запрасілі наведаць Беларусь. Падчас той паездкі Марыя Схаверус выпадкова трапіла ў Дзіцячы дом у вёсцы Нагорнае, што на Клеччыне. Убачанае там моцна ўразіла галандку. Сама педагог і маці (у яе двое дзяцей — сын Роланд і дачка Сінція), яна надзвычай востра адчула бяду мясцовых выхаванцаў.
Тады, бадай, і выспела магутнае жаданне дапамагаць беларускім хлопчыкам і дзяўчынкам, пазбаўленым у сілу розных прычын бацькоўскай любві ды клопату.
У 2001 годзе пані Марыя стварыла дабрачынны фонд «Дзіцячыя дамы Беларусі». Яна не ведала ні нашай мовы, ні нашых законаў, ні звычаяў. Зрэшты, ці можа гэта стаць перашкодай для чалавека, які намераны прысвяціць сябе высакароднай справе?! Не цвёрда рашыла галандка. Але на той момант Дзіцячы дом у Нагорным закрылі…
«Мяне вельмі падтрымала спадарыня Данілевіч — начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкома, — расказвае Марыя Схаверус. — Яна падказала мне і Капыльскую дапаможную школу-інтэрнат. За тое я шчыра ўдзячна гэтай чулай і разумнай жанчыне».

Реклама

Першы праект
Шэфства над юнымі капылянамі пачалося са знаёмства. Пані Марыя адразу заўважыла, што ў школе не толькі займаюцца глыбокай карэкцыяй псіха-фізічнага развіцця выхаванцаў, а і вучаць іх абслугоўваць сябе. Напрыклад, прыбіраць, прасаваць бялізну, гатаваць самыя розныя стравы, адмыслова шыць, апрацоўваць драўніну і многаму іншаму. Аднак пералічанага для далейшай сацыялізацыі, інтэграцыі ў грамадства вельмі мала. Для гэтага неабходны яшчэ і нейкія прафесійныя навыкі, каб, уладкаваўшыся на працу, чалавек меў магчымасць забяспечыць і ўласны дабрабыт, і дабрабыт сваіх родных. Так з’явілася ідэя сельскагаспадарчага праекта.
Сутнасць яго даволі простая: падрыхтаваць старшакласнікаў да работы ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, садавіна- і гароднінаводстве — у тых галінах, дзе адчуваецца пастаянны дэфіцыт кадраў. Пры фінансавай падтрымцы Марыі Схаверус і яе фонда ў школе пабудавалі кароўнік на дзесяць рагуль, свінарнік на два дзесяткі свінак і птушнік, рэканструявалі цяпліцу (тут зараз дружна растуць памідоры і агуркі), заклалі малады сад, абзавяліся самазвалам, двума трактарамі МТЗ-82, сякім-такім прычапным і навясным інвентаром.
Акрамя таго, пані Марыя запрасіла наведаць інтэрнат двух галандскіх кансультантаў - талковага педагога Марка Янсена і паспяховага фермера Яна дэ Корта. Яны падзяліліся вопытам, дапамаглі наладзіць дзейнасць вучэбнай гаспадаркі, распрацаваць тэарэтычны матэрыял.
Праект яшчэ поўнасцю не завершаны (яго частковая рэалізацыя працягваецца і сёлета), аднак ён ужо дае станоўчы эфект у справе набыцця выхаванцамі школы прафесійных навыкаў. У сумесных жа планах дырэкцыі і Марыі Схаверус стварыць тут своеасаблівы міні-заапарк з поні, паўлінамі і іншымі жывёламі, якіх маглі б даглядаць і малодшыя дзеці. І таксама вучыцца.

Адкуль грошы
Падчас увасаблення першага нарадзіўся другі праект, накіраваны на падрыхтоўку тутэйшых вучняў да самастойнага жыцця. Пані Марыя прафінансавала пакупку дома ў Калінаўцы (у гэтай вёсцы і размешчана школа-інтэрнат), яго рамонт і аснашчэнне належнай мэбляй. У такі дом ужо з першага верасня будуць сяліць на тыдзень-два групы старшакласнікаў (натуральна, пад наглядам педагогаў). Там дзеці і атрымаюць вельмі каштоўны для іх вопыт вядзення хатняй гаспадаркі, абслугоўвання саміх сябе, выканання распарадку дня (дзеля таго Марыя Схаверус паабяцала кожнаму падарыць гадзіннік).
За тэрмін шэфства над Капыльскай дапаможнай школай фонд «Дзіцячыя дамы Беларусі» ўклаў у яе каля пяцісот тысяч еўра. Згадзіцеся, вельмі значная лічба, асабліва ў пераліку на беларускія рублі. Дзе пані Марыя вышуквае грошы?
Аказваецца, у Галандыі вельмі шмат добрых людзей — і малых, і дарослых, якім не абываякавы лёс беларускіх дзяцей, тым больш з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Гэтыя людзі з ахвотай ахвяруюць свае зберажэнні для іх падтрымкі. Не шкадуюць сродкаў на такую высакародную справу ні прадпрыемствы, ні грамадскія аб’яднанні.
Аднак асноўную частку грошай фонду даводзіцца зарабляць. Дзеля таго Марыя Схаверус штогод праводзіць мноства самых разнастайных дабрачынных акцый. І не толькі ў Элфарце, а і ў іншых суседніх гарадах і гарадках.
«Памятаю такі выпадак, — прыгадвае пані Марыя. — Адной з апошніх нашых акцый была дабрачынная латарэя. Разыгрывалася каля трохсот розных рэчаў, самай дарагой з якіх быў цудоўны веласіпед. І вось падыходзіць мужчына і кажа: «Я хачу гэты веласіпед выйграць». «Дзеля таго, -тлумачу, — вам трэба набыць латарэйны білет». А кожны з іх каштаваў еўра. Мужчына купіў адразу дзесятак. Але марна. Тады ён раскашэліўся яшчэ на шэсцьдзесят штук. І яму нарэшце пашанцавала. Я хацела аддаць чалавеку выйгрыш, аднак ён адмовіўся. «Няхай, — гаворыць, — той веласіпед застанецца беларускім дзецям».

Аўкцыён малюнкаў
Аднойчы выхаванцы дапаможнай школы-інтэрната падарымі пані Марыі мноства сваіх малюнкаў. Яна завезла іх у Галандыю. Там, дома, у Схаверус з’явілася цудоўная ідэя: жанчына звярнулася да вучняў малодшых класаў адной з мясцовых навучальных устаноў з прапановай дамаляваць работы юных беларусаў. Знайшлося прадпрыемства, якое бясплатна зрабіла для пані Марыі вялізныя рамы. На тыя рамы нацягнулі палотны. І справа закіпела!
Галандскія дзеці наклейвалі на палотны малюнкі сваіх беларускіх аднагодкаў, а далей ужо самастойна развівалі сюжэт. Вынікам такой сумеснай творчасці сталі арыгінальныя і надзвычай прыгожыя карціны, якія пані Марыя выставіла на дабрачынны аўкцыён.
На гэтае мерапрыемства прыйшлі бацькі вучняў, іх сябры і знаёмыя. Торг разгарнуўся не жартоўны: кошт некаторых работ у выніку пераваліў за тры сотні еўра! Агульная ж сума выручаных тады фондам грошай склала звыш чатырох тысяч еўра.

Фуры ў Калінаўку
Прыкладаў такой вось работы Марыі Схаверус можна прыводзіць дзесяткі. Акрамя фінансавай дапамогі, жанчына ледзь не штогод адпраўляе ў школу-інтэрнат фуры з гуманітарным грузам, які збірае, запакоўвае і грузіць сама разам з мужам і яшчэ некалькімі добраахвотнымі памочнікамі.
Апошняя фура прыбыла ў Калінаўку сёлета ў маі. Яна прывезла аддзенне, абутак, дзве важкія клеткі для парасят (іх устанавілі ў свінарніку), веласіпеды, цацкі і шмат чаго іншага. А яшчэ машына даставіла вялічэзную сетку рознакаляровых мячоў.
З імі, дарэчы, звязана такая гісторыя. Неяк магазінчык, што гандлюе віном і рознымі другімі напоямі, праводзіў акцыю: купіш пляшку якога-небудзь пітва — табе ў падарунак прыгожы мяч. Пасля акцыі тых мячоў засталося яшчэ каля сотні. Адзін і папрасіла пані Марыя: маўляў, адпраўлю дзецям у Беларусь. Пачуўшы пра гэта, работнікі магазінчыка і напакавалі жанчыне цэлую сетку.

* * *
«У мяне цяпер дзве радзімы — Галандыя і Беларусь, — на добрай рускай мове прызнаецца Марыя Схаверус. — Абедзьве дарагія, любімыя і жаданыя. І я ўжо з трывогай думаю, што буду рабіць, калі нашы праекты поўнасцю здзейсняцца. А потым супакойваю сябе: нічога, мы з дырэктарам гэтай школы Генадзем Ермаком абавязкова сачынім нешта новае».
Што ж, у добры час!

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии