Шпацыр па краіне спакою

1

На беразе ручая Бычок у цэнтры Слуцка нядаўна пад зламанай бяседкай, як паведамляў «Кур'ер» (№ 29 ад 19 ліпеня), была знойдзена авальнай формы металічная пліта ад памятніка з тэкстам на польскай мове. Несумненна, што трапіла яна сюды са старых гарадскіх могілак і гэта адбыўшаяся некалі падзея ўяўляе сабою прыклад варварскіх адносін да старых пахаванняў.

Аднак, калі мы прыйдзем на тыя старыя могілкі, то падобных прыкладаў варварства адносна памяці аб колішніх жыхарах нашага горада знойдзем зашмат. Вядома, што памяць аб мінулым і захаванне яго помнікаў з’яўляюцца прыкметай цывілізаванага грамадства. Могілкі непасрэдным чынам звязаны з паняццем «памяць», таму згаданая вышэй нечаканая знаходка стала падставай для прапануемай чытачу тэмы.

Першыя пахаванні
Не раз на месцы, якое займае гарадская плошча з будынкам Дома Саветаў, падчас будаўнічых работ у зямлі знаходзілі старадаўнія пахаванні. Іх адкрывалі на пачатку 1950-х гадоў, калі ўзводзіліся трохпавярховыя жылыя дамы, што цяпер фланкіруюць плошчу, і ў 2-й палове тых 50-х гадоў, калі перад помнікам Леніну капалі траншэю ўпоперак плошчы, і ў 1980-я гады пры рыцці катлавана пад залу пасяджэнняў для сучаснага Дома Саветаў - цяпер плошча з боку гарадской бібліятэкі. Пра такія знаходкі ў 30-я гады, калі ўзвадзілі першы будынак Дома Саветаў, сведчанняў не захавалася, але можна дапусціць, што былі яны і тады.
Некаторыя дамавіны былі выдзяўбаны з драўляных калод, а ўзрост іх адносіўся да пачатковага перыяду гісторыі нашага горада. Несумненна, што гэта ёсць тэрыторыя, дзе некалі размяшчаліся могілкі, але пра іх забыліся так даўно, што не захавалася ні пісьмовых, ні вусных сведчанняў. Таму гаварыць пра іх можна, абапіраючыся на нешматлікія археалагічныя знаходкі і ўскосныя сведчанні.
Вядома, што Слуцк пачынаўся з гарадзішча (цяпер Вялікая горка) і на працягу ХІІ-ХІV стагоддзяў пашыраўся ў паўночна-усходнім кірунку ў міжрэччы Случы і Бычка. Тады найбольш зручна было размясціць могілкі на другім — незаселеным беразе Бычка. Аднак насельніцтва павялічвалася, і з ХV стагоддзя людзі пачалі сяліцца за Бычком. У 1-й палове ХVІ стагоддзя туды перанеслі гандлёвую плошчу. Ад яе ў паўночным кірунку ішла дарога на Капыль, адрэзак якой у межах горада назвалі вуліцай Капыльскай. Могілкі размяшчаліся па правы бок дарогі, а пазней, разрастаючыся, магчыма і паабапал яе.
У 2-й палове ХVІ - пачатку ХVІІ стагоддзя фарміраваліся новыя жылыя кварталы. Адзін з іх заняў тэрыторыю на поўнач ад могілак, па правы бок вуліцы Капыльскай і цягнуўся да Бычка. Яго займала яўрэйская абшчына. Другі квартал, па левы бок ад Капыльскай, засялялі лютэране. Паволі жылая забудова абкружала могілкі.
Пры апошніх князях Алелькавічах, у 2-й палове ХVІ стагоддзя, тэрыторыю Старога Слуцка абнеслі земляным абарончым валам. У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, пры Багуславе Радзівіле, у сувязі з ваеннай небяспекай такое ўмацаванне з’явілася па ўсяму перыметру Слуцка. Гарадская тэрыторыя аказалася дакладна вызначанай і далей павялічвацца не магла. Тады паўстала пытанне аб пераносе могілак з цэнтра Старога Слуцка на новае месца. Такім чынам, гэта магло адбыцца ў перыяд канца ХVІ - сярэдзіны ХVІІ стагоддзў. Падцвярджэннем гэтаму сталі будаўнічыя работы сярэдзіны 1980-х гадоў побач з Домам Саветаў, калі разам з трунамі знайшлі манеты, на аснове якіх археолаг Лявон Калядзінскі зрабіў выснову, што тут маглі быць пахаванні сярэдзіны ХVІІ стагоддзя.
Пасля з’яўлення вынесеных за горад новых могілак старыя заставаліся некранутымі. Праз сотню гадоў ад іх, верагодна, мала што магло застацца, аднак пра пахаванні на тым месцы помнілі, таму асноўная частка тэрыторыі не забудоўвалася. Адмысловым чынам тая тэрыторыя пазначана на плане Слуцка 1704 года. На зробленым на пачатку ХІХ стагоддзя плане ў атачэнні жылой забудовы, на поўнач ад замка, паказаны значны па памерах незабудаваны пляц з адзнакай, што гэта «Новы сад князя Радзівіла». Пад тэрмінам «сад», несумненна, хаваецца цяперашняе паняцце зялёнай (паркавай) зоны. Ад жылых кварталаў яна аддзялялася прарытымі рвамі, па якіх працякала вада Бычка.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя праз Слуцк прайшла дарога, якая вяла з Масквы ў Варшаву. Яе адрэзак у межах горада стаў галоўнай магістраллю, атрымаў назву вуліцы Шасейнай (цяпер імя Леніна). Падчас яе будаўніцтва руйнавалася старадаўняя радыяльна-кальцавая планіроўка Старога Слуцка. Прайшла яна і па тэрыторыі колішняга «сада Радзівіла». Гандлёвую плошчу, што з часоў Анастасіі Алелькавіч знаходзілася бліжэй да Случы, перамясцілі ў месца злучэння вуліцы Капыльскай з Шасейнай. Па некалі пустынным беразе Бычка, дзе напрацягу ХІІ- ХV стагоддзяў было толькі царства мёртвых, цяпер імчалі брычкі і дыліжансы, грукацелі сялянскія колы, у базарныя дні шумеў кірмаш.
У 1930-я гады гандлёвую плошчу з цэнтра перанеслі туды, дзе яна знаходзіцца і цяпер. Вызвалены пляц добраўпарадкавалі, пабудавалі двухпавярховы Дом Саветаў. І толькі будаўнічыя работы, пра якія ішла гаворка напа чатку, калі былі адкрыты старажытныя пахаванні, сталі падставай для таго, каб успомніць сівыя стагоддзі. Тым не менш, апошнія пахаванні ў цэнтры Слуцка адбыліся і ў часы нядаўнія. Некалькі загінуўшых у чэрвені 1944 года вызваліцеляў Слуцка знайшлі спакой у невялікім скверыку непадалёку ад цяперашняга Дома дзіцячай творчасці. Магчыма, што парэшткі некаторых з іх былі знойдзены падчас падрыхтоўкі катлавана пад пастамент, калі помнік Леніну перад «Дажынкамі-2006» пераносілі з аднаго боку вуліцы Леніна на другі.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии