Вольга Іпатава: “Я шукаю Беларусь у сабе”

0

Вядомая аўтарка гістарычнай прозы Вольга Іпатава параўноўвае сябе з археолагам. “Я быццам сашкрабаю з даўніны пласты гісторыі і паказваю чытачам Беларусь XIV стагоддзя часоў Альгерда, калі наша радзіма была велізарнай сярэднявечнай краінай — ад Чорнага да Балтыйскага мора”, — распавядала пісьменніца слуцкім чытачам на сустрэчы, якая адбылася нядаўна ў літаратурнай гасцёўні Слуцкай філіі Таварыства беларускай мовы.

Вольга Іпатава не стала расказваць пра свой жыццёвы і творчы шлях, а падзялілася ўспамінамі пра вандроўкі па могілкам славутых людзей нашай краіны, якія былі змагарамі і набліжалі да нас свабоду, і пра тое, як яна знайшла Беларусь ў літоўскай кнігарні. Найбольш цікавыя фрагменты гутаркі прапануем увазе чытачоў “Кур’ера”.

Туфелькі для паэткі
— Я была маладая паэтка, заканчвала універсітэт і працавала на Гродзенскай студыі тэлебачання. Аднойчы я прыехала ў Коўна, каб купіць сабе туфелькі. У мяне Вольга Іпатаванестандартны памер – 33-ці, і знайсці ў Гародні абутак было немагчыма. Я падыйшла да крамы, калі яна зачынілася на абедзенны перапынак. Гуляючы па вуліцы, ўбачыла букіністычны магазін. Я зайшла ў глыб кнігарні, як быццам мяне нехта вёў, і позірк мой спыніўся на тоўстай кнізе, на вокладцы якой стаяла невядомае мне імя — В. Ластоўскі “Гісторыя беларуска- крыўскай кнігі”. Ведаеце, якое было тады забыццё, што я, не горшая студэнтка БДУ, не ведала, хто гэта! І калі яе гартанула, то яна адкрылася якраз на выяве Еўфрасінні Полацкай. Я памятаю сваё здзіўленне: Полацкая? Значыць, з Полацка? А чаму я пра яе не ведаю? Я павінна была дазнацца пра яе. Кніга каштавала 50 рублёў, а мая зарплата — 180. Туфелькі, якія я ўбачыла на вітрыне, таксама пяцьдзесят.У мяне толькі ёсць гэтыя пяцьдзесят рублёў і білет да Гародні. Жанчыны мяне зразумеюць: я ж бачыла ўжо на вітрыне туфелькі, якія мне так хацелася! Я была яшчэ маладая. Цяпер не раздумвала б над гэтым. Мне хацелася добра выглядаць у жыцці і на экране. Я зразумела, што мне жыццё дае выбар. Я прывезла дадому кніжку і напісала повесць пра Еўфрасінню Полацкую.

Реклама

Як наша слова адгукнецца…
— У 1973 годзе, калі мая аповесць “Прадыслава” была надрукавана ў “Маладосці”, у “Савецкай Беларусі” з’явіўся артыкул гісторыка № 1 Абецэдарскага. “Как могла молодая белорусская поэтесса, комсомолка, обратиться к образу реакционной монашки? Нужно немедленно её остановить, иначе она чего доброго займётся и другими черноризцами”, — абураўся ён.
Гэта быў сігнал. Усе абласныя газеты і вялікая частка раённых цалкам перадрукавалі разгромны артыкул. Яны даказвалі, што я не ведаю гісторыі. А ў “Гродзенскай праўдзе” выйшла рэцэнзія памочніка сакратара райкама партыі. “Эта Ипатова настолько не знает историю, что даже написала, что 12-летняя княжна была обручена”, — звяртаўся да чытачоў партыйны чыноўнік.
Калі б мне далі слова, я б адказала, што гэта ты не ведаеш гісторыю, бо княжых дзяцей маглі і ў чатыры гады абручыць бацькі і пасля чакалі, пакуль яны вырастуць. Але ніхто мне слова натуральна не даваў. Сектар атэізма ЦК праводзіў спецыяльнае паседжанне па маёй кніжке. Столькі сур’ёзных людзей займаліся маёй сціплай персонай.
Мне было ўсяго 23 гады, калі супраць мяне пайшла цяжкая артылерыя. Мяне проста перасталі друкаваць. Прыношу я вершы ў “Чырвоную змену” — мне кажуць: “Трэба тут пашырыць, а вось тут паглыбіць”. Я бяру, пашырю там нешта, паглыбляю. Зноў нясу. “Ну, ведаеш, Оля, трэба яшчэ дапрацаваць”. Праз нейкі час я нарэшце разумею ў чым справа.
Уладзімір Караткевіч, прачытаўшы маю першую аповесць, сказаў толькі адно: “Шкада, што жанчыны не могуць пісаць гістарычных раманаў, і наўрад ці ў яе таксама атрымаецца”. І я старалася аправергнуць словы Караткевіча, бо не ведала, адкуль у яго ішоў такі недавер да жанчын-празаікаў, гістарычных пісьменніц. Валодзя быў заўсёды галантным мужчынам, рыцарам. Пасля яго прагнозу я, як упартая беларуска (дарэчы характэрная рыса нашай нацыі), імкнулася даказаць, калі не Караткевічу, дык самой сабе, што гэта магчыма.
Пасля людзі гаварылі мне, што, прачытаўшы маю аповесць “Прадыслава”, яны адчулі сябе беларусамі. Сярод іх была і Святлана Зелянкоўская, актрыса, якая выканала галоўную ролю ў фільме “Анастасія Слуцкая”.

Падарожжа ў мінулае
— Калі я прыязджаю ў Вільню, заўсёды прыходжу на могілкі Роса, на Літарацкую горку. Я прыбіраю магілы, змятаю смецце, стаўлю свечку, размаўляю з тымі, хто пахаваны, і на душы становіцца добра. Гэта сувязь пакаленняў. Я гэта адчуваю. І вось калі я прыбірала магілу Уладзіслава Сыракомлі, падыйшлі з экскурсіяй палякі. Гід тлумачыць: “Тут пахаваны наш польскі пісьменнік”. Я не вытрымала і звярнулася: “Чаму пан не гаворыць пра беларускія карані Сыракомлі”. Ён пытаецца: “А хто пані есць?”. Я кажу: “Я беларуска і ведаю, што ён усе свае творы напісаў менавіта на Беларусі”.
Мяне здзівіла, што палякі акружылі мяне, пачалі гаварыць пра Беларусь, пра тое, што сёння там робіцца. Здзівіла так шчыра выказаная прыязнасць. Так у мяне нарадзілася ідэя кнігі “Свабода да апошняга дыхання”.
Мы з мужам паехалі па Беларусі, наведалі магілы тых людзей, у якіх я ніколі не была. Душа чалавека, яго энергетыка застаюцца, нікуды не знікаюць. Калі стаіш ля магілы, успамінаеш усе справы, якія чалавек зрабіў і ахвяраваў дзеля Беларусі. Ці думаў Сыракомля, што пасля 180 гадоў пасля яго смерці столькі людзей будуць прыходзіць на яго магілу. Я хачу звярнуцца да чытачоў, у якіх ёсць жаданне і неабходнасць прычасціцца да памяці вялікіх людзей Беларусі, сабраць у адно звесткі пра іх і, вобразна кажучы, пракласці маршруты для тых, у кім жывыя душа і памяць. У нас ёсць магчымасць адшукаць іх магілы і апекаваць за імі.

Беларуска Марыя
Адзін з артыкулаў у кнізе “Свабода да апошняга дыхання” Вольга Іпатава прысвяціла нашай зямлячцы Марыі Мацюкевіч.
“Настаўніца адной з Салігорскіх школ, яна была апантанай аматаркай роднага слова. Літаратура была яе стыхіяй, краінай яе душы.
Колькі гадоў запар яна рыхтавала і праводзіла на Салігоршчыне літаратурныя святы, адкрытыя ўрокі па творах любімых паэтаў, класікаў. І заўсёды лейтматывам на гэтых імпрэзах была Свабода, таму што Марыя заўсёды запрашала да сябе толькі тых літаратараў, чые душы не падтачыла іржа ліслівасці і імкнення “падладжвацца” пад кан’юнктуру.
…Яна памерла вельмі хутка пасля сынавай смерці – не вытрымала збалелае сэрца. І лягла ў замерзлую студзеньскую зямлю побач з ім.
Калі мы апошнім разам былі на яе магіле, там ляжалі кветкі. Мабыць, адліга рэзка змянілася марозам, і яны, у ледзяных футаралах, гарэлі чырвонымі ліхтарыкамі на белым заснежаным грудочку скалелай зямлі.
Мне здалося, гэта гарэлі незгасальным агнём свечкі нашай памяці…”.

***

Для маладых случчан пабачыць Іпатаву было тое ж, што сустрэцца з жывым класікам, творы якога добра памятаюць па школьнай праграме. Уражанні ад сустрэчы сталага пакалення найлепш адлюстроўваюць словы былой настаўніцы Зінаіды Цімошык: “Я ніколі раней не бачыла Вольгу Іпатаву, але чытала яе артыкулы ў свабоднай прэсе і ўяўляла яе як волата духу, больш прадстаўнічай і эпатажнай. На маё здзіўленне, яна аказалася зусім не такой – маленькая, сціплая жанчына, з жывымі цёплымі вачыма, прыязнай усмешкай на твары. З першай хвіліны здаецца, што такога чалавека ты ведаў усё сваё жыццё – да таленту пісьменніка і дзеяча можна дапоўніць і талент чалавека”.

Падрыхтавала Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии