Вярталіся «кулакі» да пустых сядзібаў

0

Пра калектывізацыю і раскулачванне самых працавітых сялян з высылкай на Поўнач, у тайгу за Котласам, а то і ў Сібір, пасля распаду СССР пісалася нямала. Стала вядома нават, што такі лёс напаткаў каля 60 тысяч сем’яў з БССР (без заходніх раёнаў, якія ў 30-я гады былі пад Польшчай. — М.Т.) з улікам старых, дзяцей…
А колькі іх засталося пасля вайны, калі да састарэлых і нягожых для лесанарыхтоўкі, «кулакоў», мужчын і жанчын, адміністрацыя паселішчаў, дзе яны жылі, адносілася болей цярпіма, з дазволам на вяртанне ў Беларусь, такой статыстыкі штосьці я не сустракаў.
ВярталісяЎ вёсцы Боркі такія «шчасліўчыкі», хто вярнуўся з-за Котласа, былі, хоць і адзінкі. Ужо пасля дэмабілізацыі з флоту ў 1951 годзе, праведаўшы бацькоў, сустрэўся на вуліцы з хударлявым дзядком з кійком у руцэ, з густой сівой бародкай. Мы прывіталіся, хоць ні ён мяне не ведаў, ні я яго — такі ўжо вясковы звычай. Дзядок адказаў на маё «добры дзень» — «добрага здароўя». Ад бацькі даведаўся, што гэта быў Язэп Малевіч. Яго адным з першых «кулакоў» у вёсцы з жонкай Марыляй, з жанатым сынам Пятром і яго жонкай Анютай выслалі за Котлас. Унучку Нілу, чатырох гадкоў, пакінулі на выхаванне роднаму брату Анюты — Мацвею Валатковічу.
У вайну дарослых сыноў раскулачаных сялян прызывалі на фронт, трапіў туды і сын Язэпа — Пётр, ён загінуў пад Сталінградам у 1942 годзе. Яго бацькі пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў у 1944 годзе, ужо маючы ўзрост 77 і 74 гады, вярнуліся спярша да сваякоў у вёску Дараганава Асіповіцкага раёна, дзе пражылі з год. А потым — ў Боркі, дзе на сваёй сядзібе ўбачылі чужую хатку, бо іхнюю пасля раскулачвання разабралі і вывезлі ў суседнюю вёску. Сустрэла іх 18-гадовая ўнучка Ніла, якую яны з цяжкасцю пазналі. Старшыня тутэйшага калгаса памяркоўна, па-чалавечы, аднёсся да абоіх Малевічаў. Ім дазволілі прыстасаваць пад жыллё хляўчук паблізу закінутай свінафермы. Язэп, меўшы нямалы вопыт работы з сякерай і пілой, сам склаў печ, выразаў у сцяне два вакны, змайстраваў дзверы, перакрыў дах свежай саломай.
Па ўспамінах іх унучкі Нілы Пятроўны Масюк, якой сёння ўжо споўнілася 80 гадоў, калгас дазволіў старым апрацоўваць паблізу іх хаткі 20 сотак зямлі.
Унучка тым часам выйшла замуж за дэмабілізаванага сяльчаніна, які збудаваў свой дом, насіла дзядулі і бабулі то бохан хлеба, то збан малака — яны не галадалі.
— Ніколі не забуду, — са слязьмі на вачах успамінае Ніла Пятроўна, — як паспела збажына на ўчастку і я сярпом зжала яе, павязала ў снапы. Калі яны падсохлі, бабуля Марыля разаслала некалькі пасцілак і дзядуля цэпам змалаціў іх, правеяў на ветры зерне з рэшата, потым змалоў яго ў жорнах аднавяскоўца Івана Жаўрыда, і сказаў мне: «Бог даў, што мы з жонкай дачакаліся, калі ўнучка зжала наша жыта, дай Бог ёй здароўя». З таго змеленага жыта бабуля ў печы пякла на дубовых лістах духмяныя боханы хлеба, смачнейшы за які я потым не ела.
У той хаціне на выгане, узбоч вёскі, старыя дажылі свой доўгі - да 85 і 83-х гадоў - век.
Хто яшчэ з вяскоўцаў-«кулакоў» вярнуўся ў вёску восенню 1946 года? Сусед Язэпа — яго родны брат Васіль Малевіч, якому ўжо было 69 гадоў. Даў яму прытулак той жа Мацвей Валатковіч, бо і на яго пляцы жыў ужо ў сваёй новай хаце чужы чалавек. Высылалі Васіля як удаўца, бо за пяць годоў да калектывізацыі памерла яго жонка, пакінуўшы дваіх дачок-малалетак. Камбедчыкаў, што чысцілі «вёску», гэта не засмуціла. Добра, што ўпотай ад іх суседка Васіля — Таццяна Малевіч — схавала тых дзяўчынак у запечку, а потым, калі іх бацьку павезлі ў Слуцк на зборны пункт, адправіла да добрых людзей у Мінск, дзе ім далі прытулак.
З раскулачаных сем’яў Ёсіпа Жаўрыда, Хведара Забелы, Аляксандра Перагуда, Кастуся Кунцэвіча ніхто з мужчын і іх жонак назад пасля вайны не вярнуўся, нават іх дзеці, якія падраслі за час высылкі.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии