Уладзімер Арлоў: «Мы — дзеці горшых»

1

Пісьменнік з дыпломам гісторыка Уладзімер Арлоў пад час сустрэчы са слуцкімі чытачамі (газета «Кур'ер», № 23) казаў, што ў свой час ён і яго аднакурснікі, студэнты гістарычнага факультэта БДУ, ведалі нацыянальную гісторыю горш, чым цяпер вучні малодшых класаў. «У нашых універсітэцкіх падручніках не было дзесяткаў ці сотняў імёнаў, якія цяпер ведаюць вучні сярэдняй школы. Каб уявiць узровень выкладання айчыннай гiсторыi, дастаткова сказаць, што асветніцу Ефрасiнню Полацкую наш прафесар Абецэдарскi называў на лекцыях царкоўнай цемрашалкай», — зазначыў пісьменнік.

Гэтым летам павінна выйсці новая кніга Арлова «Імёны свабоды», прысвечаная людзям, якія з часоў Касцюшкі і да нашых дзён змагаліся, пакутавалі і гінулі за свабоду. Чытачу «Кур'ера» цікава будзе даведацца, што ў кнізе будуць эсэ пра Альгерда Абуховіча, пра яго слуцкіх сяброў і пра слуцкіх паўстанцаў, магілы якіх у Кліўлендзе наведаў аўтар.
Прапануем увазе чытача маналог Уладзімера Арлова пра дзве Беларусі, якія існуюць на тэрыторыі нашай краіны, пра формулу гістарычнага аптымізму і пра тое, як Аляксандр Лукашэнка стаў чытачом пісьменніка.

Мары дзяцінства
Калі мне было тры гады, я марыў стаць дзяўчынкай. Я завязваў хустачку, хадзіў і гаварыў, што я Людачка. Так звалі суседскую дзяўчыну, якая мне падабалася. Значыць, я быў трансвестытам (усміхаецца).
Наступная мая мара была стаць вадалазам. У той час у Полацку вадалазы кожны дзень працавалі на дне Дзвіны. Мы, малыя, круціліся побач і марылі, як мы вырасцем і будзем надзяваць цяжэзныя чаравікі і шаломы на галаву, а да нас падплывуць дзвінскія шчупакі і самы і зазірнуць нам у вочы…
Мае дзіцячыя мары былі таксама звязаныя з гераічнымі прафесіямі - патолагаанатама, шпіёна (канешне, савецкага) і журналіста.

Реклама

Як Арлоў паліў у печы першыя вершы
Упершыню я закахаўся ў першым класе. Мая каханая Ірачка сядзела на першай парце, я — на другой. Большага шчасця я не ведаў, чым глядзець на яе шыйку з персікавым пушком. На жаль, гэта адбывалася не так часта, бо я рос хваравітым хлопчыкам. Сядзеў у нашым драўляным доме сярод здзічэлага саду, слухаў, як вые ў коміне вецер, браў сшытак у касую лінейку, хімічны аловак і складаў першыя вершы з прызнаннямі ў каханні.
Калі бацькі нечакана вярталіся з працы, я ліхаманкава кідаў лісты ў грубку і з салодкім болем глядзеў, як яны ператвараюцца ў попел. Хоць я тады не ведаў такіх слоў, як натхненне, каханне, але ўсё роўна ў душы жыло нейкае адчуванне таго, што паэзія — гэта такая інтымная рэч, пра якую, апрача аўтара, дазволена ведаць хіба толькі агню.

Сярод маіх чытачоў-прэзідэнт
Калі выйшла мая кніжка «Краіна Беларусь», у кабінет дырэктара мінскай кнігарні зайшлі два чалавекі, не вельмі падобныя на кнігалюбаў ці аматараў гісторыі, і запыталіся: «У вас ёсць кніга Арлова „Краіна Беларусь“?». Дырэктар думае: «Божа мой! Яшчэ нядаўна кнігу Арлова канфіскоўвалі, а тут ізноў ён нешта напісаў, а мы ўзялі на продаж…». Яны кажуць: «Нам трэба 50 экзэмпляраў па безнаяўнаму разліку».
Праз два дні Лукашэнка ўручаў узнагароды пераможцам школьных і студэнцкіх міжнародных алімпіяд. Падарунак складаўся з дыплома, медаля, кнігі Арлова і зборніка «Речи и доклады президента РБ А.Г. Лукашенко». Спадзяюся, што адзін асобнік майго цудоўнага надрукаванага ў Славакіі фаліянта Аляксандр Рыгоравіч пакінуў у сябе на працоўным стале.

Дзве Беларусі
Калі займаешся гісторыяй, глядзіш на жыццё і людзей з гістарычнай падсветкай, то бачыш усё па-іншаму. Нашы продкі на працягу ста гадоў пасля прыходу расейцаў паўставалі разам з палякамі супраць панавання расейскага, паўставалі, баронячы еўрапейскі выбар, еўрапейскія каштоўнасці. У паўстаннях натуральна гінулі лепшыя. Можа быць, я каго-небудзь пакрыўджу, але я лічу, што мы з вамі - дзеці не лепшых, а горшых. Тых, хто схаваўся, не загінуў. Але, тым не менш, нам ніхто не замінае стаць лепшымі.
Я лічу, што ў той самы час на адной тэрыторыі існуе дзве Беларусі. У кожнай з іх — свая мова, свая сімволіка, свая гісторыя і сваё ўяўленне пра будучыню. І нягледзячы ні на што, я перакананы, што гэта другая — беларуская Беларусь, з еўрапейскім выбарам, арыентаваная на нацыянальныя дэмакратычныя каштоўнасці, набірае свае пазіцыі. Ясна, што няма той крытычнай масы, якая здольная вырашыць сітуацыю, але яна павялічваецца. Прыйдзе час, калі дзве гэтыя Беларусі ператворацца ў адну.

Мы - дзецi горшых

Формула гістарычнага аптымізму
За 15 гадоў існавання незалежнасці ў Беларусі адбыўся працэс фармавання нацыі. Я перакананы, што пераважная большасць нашых суайчыннікаў усведамляюць сябе грамадзянамі менавіта Беларусі.
Я жыву каля стадыёна «Дынама», і калі наша нацыянальная каманда гуляе, футбольныя заўзятары, расфарбаваныя не ў тыя колеры, п’юць піва бясконца ад раніцы, але, тым не менш, яны крычаць: «Оле-оле-оле-оле! Беларусь! Жыве Беларусь». Яны адчуваюць сябе беларусамі. І гэта для мяне галоўнае. Хоць я, безумоўна, не ідэалізую нашых грамадзян. Ёсць сярод іх піцекантрапы і людзі надзвычай светлыя. Але моладзь усведамляе сябе з роднай краінай. І гэта цешыць.
Ёсць формула гістарычнага аптымізму, якая гучыць так: «Усё будзе добра, толькі мы да гэтага не дажывём». Але я ўсё-такі спадзяюся дажыць. Дзеля гэтага я пішу свае кніжкі.

Таццяна Гусева

Даведка «Кур'ера»
Уладзімер Арлоў - вядомы аўтар папулярных гістарычных кніг «Міласць князя Гераніма», «Сны імператара», «Каханак яе вялікасьці», «Час чумы», «Краіна Беларусь». Пісьменнік нарадзіўся ў найстаражытнейшым беларускім горадзе Полацку ў год Змяі паводле ўсходняга календара і ў год смерці Сталіна паводле календара савецкага. Як успамінае сам Арлоў: «Мяне хрысцілі ў той самай царкве копысьскай, дзе маглі хрысціць маленькага Сашу Лукашэнку, бо мая мама з суседняй з Александрыяй вёскі». Вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, якому ўдзячны не за атрыманыя веды з беларускай мінуўшчыны, а за разуменне таго, што якраз гэтых ведаў студэнтам там і не давалі.
Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», адкуль у 1997 годзе быў звольнены «за выпуск исторической и другой сомнительной литературы». Лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў, у тым ліку выдавецкай прэміі імя Уладзімера Караткевіча, прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру. У 1990-м узнагароджаны медалём імя Францішка Скарыны.

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии