Салдат мінулай вайны

0

На долю тых, каго сёння мы называем ветэранамі, выпалі цяжкія выпрабаванні: вярнуўшыся з вайны, выжыць у мірным жыцці, застацца чалавекам і выхаваць дзяцей. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, майму бацьку было сорак гадоў, а мне ішоў шосты. Таму я добра памятаю многія старонкі жыцця таго часу. Хочацца распавесці пра апошнюю яго вайну.

У 1944 годзе бацька быў мабілізаваны ваенна-палевым ваенкаматам у адзін дзень з другімі мужчынамі. У роднай вёске Лескі, што на Старадарожчыне, ён быў знакамітым чалавекам дзякуючы яго самагоннаму апарату, якім карысталіся жыхары нават суседніх вёсак. Наша хата была заўсёды багатай на гарэлку, а бацька ніколі не скупіўся наліць чарку аматару выпіць, з чаго і слыў добрым чалавекам.
Калі прыйшоў час ісці на вайну, ён запрасіў у двор усіх мабілізаваных аднавяскоўцаў. З імі былі і некалькі салдат Чырвонай Арміі, адказваючых за мабілізацыю. Напіліся ўсе не надта, бо пайшлі са двара ў бок Слуцка сваімі нагамі. Бацька ішоў апошнім.
Ён цяжка кульгаў і карыстаўся кіёчкам. У нямецкую акупацыю пры пераходзе чыгункі з партызанамі ён быў ранены ў ногу. Ісці разам з усімі ён не мог. Таму ў камандзіра каманды ён узяў номер ваеннай часці, куды павінны былі з’явіцца мабілізаваныя.
Праз нейкі час, стаміўшыся, бацька прысеў пры дарозе адпачнуць. Пасядзеў, падумаў і вырашыў вярнуцца дамоў, каб запрагці кабылку і на ёй паехаць у часць. Дома ён зноў прывітаўся з чаркай, з чаго заснуў. Калі наступіў новы дзень, бацька паехаў даганяць свой атрад. У вёсцы Вялікая Сліва яго воз нейкія ваенныя загрузілі скрынкамі і павязлі на Ячава. Там і засталіся на начлег. У той вечар на Слуцк наляцелі тры нямецкія самалёты і разбамбілі казарму, што знаходзілася на 95-м кіламетры. Як потым высветлілася, у ёй і знайшлі брацкую магілу амаль усе мабілізаваныя аднавяскоўцы, якія там начавалі. Іх трымалі закрытымі, як арыштантаў, за тое, што знаходзіліся пад акупацыяй. Не было ім за гэта даверу.

Салдат мiнулай вайны
Бацька з Ячава назіраў за той бамбёжкай. Але ж ён не ведаў, што гінуць яго землякі, так і не дайшоўшыя да фронту.
У лесе пад Несвіжам бацьку пераапранулі, далі вінтоўку і разлучылі з кабылай. Цяпер ён быў салдатам.
Нага балела, хадзіць было немагчыма, і бацька звярнуўся да камандзіра, каб той направіў яго ў шпіталь. Камандзір не прамянуў напомніць яму, што той быў пад нямецкай акупацыяй і мусіць сімуліраваць. Але ж вызваў салдата і прыказаў адвезці бацьку ў шпіталь.
Пайшлі яны ўдвох па лясной сцяжынцы. Бацька — уперадзе, салдат з вінтоўкай — ззаду, на невялічкай адлегласці. Здавалася, што салдат быццам канваіраваў яго. Раптам бацька пачуў лязг затвора. Аглянуўся і ўбачыў, што той падняў на яго вінтоўку. Бацька хутка ўскінуў сваю стрэльбу на салдата. «Давай, страляй, — кажа, — ты — мяне, я — цябе». Салдат вінтоўку апусціў, развярнуўся і пайшоў назад. Бацька адзін дайшоў да шпіталя. Там яму зрабілі аперацыю, і рана стала загойвацца. Застаць бацьку ў шпіталі нам, яго сям'і, не давялося. Пакуль мы прыехалі, то яго ўжо там не было.
Далейшы шлях бацькі ляжаў праз Маладзечна, Вільнюс, Каунас. Пад цяперашнім Калінінградам асколкам нямецкай міны знесла яму частку чэрапа. Гэта месца ён па-ліхвацку прыкрыў пілоткай (глядзі фота). У маскоўскім шпіталі, што знаходзіўся ў школе каля Кіеўскага чыгуначнага вакзала, прабыў ён да 1946 года. Адтуль і вярнуўся дамоў.
Гэты дзень быў сонечным і цёплым. Зрабіўшы набег на агуркі ў суседскі агарод, я сядзеў у каноплях. Я здагадаўся, што ваенны, які ідзе к хаце па агародзе, — гэта мой бацька, якога мы так чакалі. Самым прыемным падарункам для мяне быў кавалачак колатага цукру з яго заплечнага мяшка.
Вясковае жыццё было цяжкім. Бацька хутка зноў зрабіў самагонны аппарат, які пераязджаў з вёскі ў вёску. За гэта кожнай раніцай у нядзелю, калі людзі ішлі на базар, заходзілі да нас і прыносілі натурплату за карыстанне самагонным апаратам.
Гэту гарэлку бацька зліваў у алюмініевы бідон. Потым, калі выпадала якая бяседа, гэты бідон з’яўляўся з-пад падлогі. Госці садзіліся за стол, на якім з закусак былі толькі вараная бульбу ды салёны агурок.
Гарэлкі піў кожны столькі, сколькі хацеў, але ніколі не быў п’яным. Потым дарослыя спявалі, танцавалі, але часцей успаміналі вайну.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии