Луста духмянага хлеба

0

З вялікай радасцю бяру на далоні трошкі зерня, і мне здаецца, што ў кожным зярнятку, якое пераліваецца цьмяным старым золатам, б’ецца сэрца. Пакладзі яго ў цёплую вільготную зямлю і пачне дыхаць яно, праклюнецца танюсенькім зялёным парасткам, пацягнецца ў гору да яркага сонца. Непаўторная і прыгожая кожная пара хлебнай нівы: і асенняя рунь, пасярэбраная першым замаразкам, і дні красавіцкай сяўбы, калі палі яшчэ чорныя, напоўненныя трактарным гулам, і на схіле лета, калі над паспяваючымі хлябамі ўспыхваюць бязгучныя зарніцы. У гэты час зерне, налітае густым клейкім малачком, пахне хлебам.
Хлеб — паняцце шматзначнае. Пшаніца, жыта, ячмень… Калі ж яны растуць, цвітуць і паспяваюць, мы гаворым: «Хлеб на корані». Сажнуць, абмалоцяць — атрымаецца «хлеб у зерні». Ну, а што такое «печаны хлеб», напэўна, тлумачыць нікому не трэба.
Я і цяпер часта ўспамінаю роднае сяло. Хлеб, які так хораша, з любоўю, з замілаваннем рашчыняла, мясіла і пякла маці. Калі раніцаю прачыналіся, то на ўслоне, чыста выскабленым, ляжала пяць-сем боханаў хлеба, пышных, зарумяных, злёгку асвежаных вадою, яны даспявалі, укрытыя даматканым ручніком. Хлебны дух паступова запаўняў усю хату, сенцы, вырываўся праз вокны і дзверы на двор і вуліцу. Ласавацца хлебам было нашай найвялікай асалодай. Кожны ладзіўся цішком адламаць кавалачак хрусткай скарынкі.
З даўніх часоў людзі адносяцца да хлеба па-асобаму, як да самога жыцця. Словы «жыццё» і «хлеб» заўсёды ідуць побач. І мы, гаражане і вяскоўцы, сталі больш сур’ёзна і грунтоўна ўсведамляць глыбокую непахісную ісціну, закладзеную народам у простыя словы: «Хлеб — усяму галава».
Так, хлеб заслугоўвае паклону, але хіба меньшай пашаны заслугоўваюць самі людзі? Выйдзі ў поле, паглядзі, як нізка кланяюцца каласы не толькі сонцу і дажджу, а перш-наперш чалавеку, як вырасціў іх. Хлебароб заўсёды заслугоўвае самых добрых слоў і вялікай павагі. Хвала рукам, што пахнуць хлебам.
Я ведаю шмат сціплых хлебаробаў, якія маюць працоўны стаж паўстагоддзя, бо ў дзесяць-трынаццаць гадкоў ад роду яны ўзяліся за ручкі плуга. А баразна ад плуга ўсё ішла і ішла міма дзяцінства і малалецтва, без адпачынку ў лагерах, праз вёсны і зімы, гады… Усе перамогі, шчасце і страты звязаны ёю ў адно — у чалавечае жыццё і надзеі…

Міхаіл Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии