У літаратурнай гасцёўні Слуцкага Таварыства беларускай мовы 3 ліпеня адбылася сустрэча з пісьменніцай Вольгай Іпатавай, вядомай аўтаркай гістарычнай прозы.
Удзельнікі сустрэчы, у ліку якіх былі моладзь і людзі сталага узросту, змаглі даведацца пра пошукі Вольгай Іпатавай “Беларусі у сабе і сябе ў Беларусі”.
«Па сутнасці былі гады, калі здавалася, што ты як пісьменніца нешта пішаш, працуеш, жывеш, і гэта як у багне знікае, — падзялілася са слухачамі Вольга Іпатава. — І тым не менш, пражыўшы частку свайго жыцця, я бачу, як узыходзіць тое зерне, якое, здаецца, мы рассыпалі на камяністай глебе, а думалася, што яно ніколі не ўзыйдзе».
Шмат распавядала пісьменніца і пра тое, як пісаліся яе новыя гістарычныя раманы «Альгердава дзіда», «Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба». Зачараваная эпохай Альгерда Вольга Іпатава кажа: «Я быццам сашкрабаю з даўніны пласты гісторыі і паказваю чытачам Беларусь XIV стагоддзя, калі Беларусь была велізарнай сярэднявечнай краінай, калі прыдворныя князя гаварылі па-беларуску. Я хачу вярнуць беларусам гэтую старонку гісторыі».
Пад час сустрэчы пісьменніца ўспамінала пра былую настаўніцу адной з салігорскіх школ Марыю Мацюкевіч: «Калі я прыязджала да яе, адчувала сябе такой абласканай увагай, любоўю, што мне хацелася пісаць”. Адзін з артыкулаў у кнізе «Свабода да апошняга дыхання» Вольга Іпатава прысвяціла Марыі Мацюкевіч.
Случчане развітваліся з Вольгай Іпатавай на могілках, дзе наведвалі магілу Альгерда Абуховіча. Госця была непрыемна здзіўлена тым, што зачынены цэнтральны ўваход на могілкі каля брамы, побач з якім і знайшоў свой апошні прытулак пісьменнік-дэмакрат XIX стагоддзя.
Таццяна Гусева