Слуцкая жаночая гімназія

0

95 гадоў таму, у 1912 годзе ў Слуцку распачала дзейнасць дзяржаўная жаночая гімназія. Мясцовыя дзяўчаты ў правах атрымання сярэдняй адукацыі былі ўраўнаваны з хлопчыкамі, якія мелі магчымасць займацца ў дзяржаўнай мужчынскай гімназіі (раней кальвінская гімназія, заснаваная ў 1617 годзе).

У гімназіі было сем асноўных і адзін падрыхтоўчы клас. Дзяўчаты атрымлівалі веды, якія дазвалялі працягваць вучобу далей або заняцца выкладаннем засвоенных прадметаў у якасці хатняга выкладчыка. Вывучаліся Закон Божы, руская, нямецкая і французская мовы (дадаткова быў платны курс яўрэйскай), матэматыка, фізіка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, асновы педагогікі, касмагонія, спевы, маляванне, гімнастыка, рукадзелле. Заняткі вялі трынаццаць выкладчыкаў - выхаванцаў Пецярбургскага і Харкаўскага універсітэтаў, Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў і яўрэйскага настаўніцкага інстытута, Мінскай духоўнай семінарыі і Пецярбургскай духоўнай акадэміі, Строганаўскага мастацка-прамысловага вучылішча, іншых устаноў. Працавалі таксама ўрач і дантыст, сем класных наглядчыц, пяць законанастаўнікаў, галоўны наглядчык і начальнік установы. Адзначым, што з’явілася гімназія не на пустым месцы: ужо пяць гадоў як у горадзе дзейнічала прыватная жаночая гімназія Антона Струкоўскага, дзе вывучаліся практычна тыя ж прадметы. Не стала яе ў сувязі са з’яўленнем дзяржаўнай, куды перайшлі на працу многія выкладчыкі гімназіі Струкоўскага.

Крыху гісторыі
У адрозненне ад хлопчыкаў, якія з часам павінны былі заняць дзяржаўныя, вайсковыя, духоўныя і іншыя пасады, і для якіх здаўна існавалі адпаведныя навучальныя ўстановы, адукацыя дзяўчынак абмяжоўвалася пераважна хатнім выхаваннем. У многіх жаночых каталіцкіх кляштарах, што дзейнічалі ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях у гарадах Беларусі, існавалі жаночыя пансіёны, дзе выкладаліся найбольш неабходныя прадметы.
У Слуцку ў 1-й палове ХІХ стагоддзя выхаваннем дзяўчат-сірот займаліся манахіні праваслаўнага жаночага Ільінскага манастыра. На працягу 1819−1840 гадоў на базе закрытага Свята-Духаўскага кляштара працавалі каталіцкія манахіні-марыявіткі, галоўнай справай якіх было выхаванне дзяўчат.
У сувязі з індустрыялізацыяй і павелічэннем насельніцтва гарадоў у 2-й палове ХІХ стагоддзя, з’яўлення новых прафесій, што дазвалялі прымяняць працу жанчын, а таксама распаўсюджаннем ідэй эмансіпацыі, з’явілася неабходнасць у пашырэнні і ўдасканаленні жаночай адукацыі. З-за адсутнасці ініцыятывы ў гэтай справе дзяржавы, спачатку дзейнічалі пераважна прыватныя ўстановы. У Слуцку акрамя прыватнай жаночай гімназіі Струкоўскага, на Трайчанах быў адкрыты прыватны жаночы пансіён.

Реклама

Лёс установы
Размяшчалася жаночая гімназія на рагу вуліц Зімняй і Фарскай (цяпер Зімняя і Піянерская, побач з Маладзёжным цэнтрам). На ўтрыманне выкарыстоўваліся сродкі ад вучнёўскай платы за навучанне (50−80 рублёў штогод) і казённыя, што выдзяляла дзяржава. Займалася прыблізна чатыраста дзяўчат. Класы размяшчаліся ў двух, стаяўшых побач адзін з адным аднапавярховых драўляным і мураваным карпусах, якія злучаліся ўзведзенным паміж імі з цэглы ўваходным тамбурам. У мураванага корпуса з часам з’явіўся другі драўляны паверх.
Дзейнічала гімназія да 1918 года. Пасля ўсталявання Савецкай улады ў будынку былой жаночай гімназіі размясцілася гарадская агульнаадукацыйная яўрэйская школа, якой прысвоілі № 3 (у тыя часы ў БССР былі 4 дзяржаўныя мовы: беларуская, руская, польская, яўрэйская). У Слуцку ўжо мелася адна яўрэйская школа, у 1935 годзе з’явілася руская, іншыя былі беларускімі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэты будынак быў зруйнаваны. Цяперашнюю школу № 3 узвялі на новым месцы ў 1957 годзе.

P. S. У Савецкім Саюзе нейкі час прытрымліваліся прынцыпу раздзельнага навучання. Такі падыход да выхавання, верагодна, мае рацыю, нездарма яго прыхільнікі ёсць і цяпер. Таму магчыма, што напрацоўкі навучання ў даўнейшых мужчынскіх і жаночых гіманазіях яшчэ будуць выкарыстаны.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии