Кандуктар аўтобуса кажа: «Калі ласка»

0

Была сярэдзіна дня. У маршрутным аўтобусе «шасцёрка» пасажыраў ехала не шмат. Кандуктар, маладая жанчына, абілечваючы іх, гаварыла «Калі ласка», «Вазьміце рэшту», што парадавала не толькі мяне, а і іншых пасажыраў пажылога ўзросту.
Не дзіва: адвыклі людзі ў горадзе ад беларускамоўнай размовы не толькі ў аўтобусах, а і на вуліцы, у дварах між суседзямі. У мяне нават замроілася ў галаве думка: вось бы гэтай мілай кандуктаршы ды прыбаўку да заробку даць — за вернасць роднай мове.
Пазваніў па тэлефоне Анатолю Мяцельскаму, начальніку аддзела перавозак Слуцкага аўтобуснага парка, каб падзяліцца такой прыемнай навіной і даведацца, хто ж тая кандуктарша. Ён назваў - Галіна Мялешка. Шчырая ў рабоце, пакуль што адна з 53 кандуктароў, абслугоўваючых пасажыраў на 22 гарадскіх маршрутах, хто карыстаецца ў рабоце беларускай мовай.
Дарэчы, сам Анатоль Мяцельскі нядрэнна размаўляе на ёй. Ён паведаў яшчэ, што на ўсіх 219 прыпынках гарадскіх маршрутаў шыльды абноўлены па-беларуску, на саміх аўтобусах гэта было зроблена яшчэ раней.
А з нядаўняга часу, зазначыў начальнік аддзела перавозак, вадзіцелі аўтобусаў на ўсіх маршрутах сталі аб’яўляць прыпынкі па-беларуску — як у Мінскім метро.
Трэба думаць, што і паслядоўнікаў шаноўнай Галіны Мялешка пасля гэтага прыбавіцца.

Міхась Тычына,
член Слуцкай суполкі
Таварыства беларускай
мовы імя Ф. Скарыны
Будзе добры плён
Ад рэдакцыі. Тое, што Слуцкі аўтобусны парк зараз значна павысіў узровень свайго абслугоўвання, сведчаць і тэлефонныя званкі, і пісьмы на адрас рэдакцыі газеты. З чым гэта звязана — доўга гадаць не даводзіцца. Аддзел пісем «Кур'ера» на мінулым тыдні меў магчымасць пазнаёміцца з адной са складаючых гэтых перамен.
Адразу пасля публікацыі невялікай хронікі «Автобус-призрак ездит по Слуцку» («Кур'ер» № 27 ад 5 ліпеня 2007 года) у рэдакцыю пазваніў дырэктар аўтобуснага парка Мікалай Валетка з вялікім жаданнем разабрацца ў тых абставінах, што мелі месца на маршруце, і прыцягнуць да адказнасці вадзіцеля, які кіраваў «аўтобусам-прызракам». Па ўсім было бачна, што кіраўнік вельмі перажывае за тое, які імідж у горадзе мае ўзначальваемае ім прадпрыемства. Шчыра прызнаемся, такія адносіны (асабліва сярод кіраўнікоў дзяржаўных ці камунальных прадпрыемстваў) сустракаеш, на жаль, пакуль яшчэ даволі рэдка. А па тым, з якой хуткасцю на прадпрыемстве па названым часе і даце «вылічылі» вадзіцеля аўтобуса, быў бачны ўзровень арганізацыі працы там.
З аднаго боку, прызнаемся, мы трошкі пашкадавалі, што матэрыял па падказцы чытача выклікаў такі рэзананс. Як пазначыў сведка выпадку (з ім мы звязаліся дадаткова), у тым, што дрэнна быў бачны нумар маршрута аўтобуса, ніяк не праглядваліся абыякавасць вадзіцеля ці яго недапрацоўкі: хутчэй меў месца нейкі збег абставін.
З другога боку, мы далучыліся да зваротаў чытачоў і парадаваліся, што сёння аўтобусны парк у Слуцку ўзначальвае прыстойны чалавек і добры кіраўнік. Парадаваліся, бо, упэўнены, што такія адказнасць, падыход да працы і да людзей толькі варты пераймання, і яны дадуць добры плён.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии