Гоцкае вяселле даражэй за Амерыку

0

Так сказалі муж і жонка Дзямідовічы — Прахор Канстанцінавіч і Наталля Браніславаўна. Таму кінулі яны ў Амерыцы сваю гаспадарку і хутчэй на вяселле.

Вёска Гоцк і яе наваколле адрозніваецца ад другіх вёсак Салігорскага раёна. Тут мова свая — гоцкая; архітэктура ў пабудове хат і двароў, вядзенне дамашняй гаспадаркі больш палескае. І засталося ўсё такім да нашых дзён. Што ні падвор’е, дык сапраўдны калгас: конь (а мо і два), карова, вяпручкі стадам, а курэй ды гусей не лічана. У хаце дзяцей па адзінаццаць і болей. Ведаў я сям’ю, дзе выгадавалася васемнаццаць дзяцей. Іх маці не здолела назваць па імёнам сваіх нашчадкаў у парадку нараджэння. Зараз большасць гэтых дзяцей ужо самастойна вядуць жыццё ў розных кутках Беларусі.
Гоцк — гэта сталіца асобнага дыялекта, асобнага парадку жыцця сялян на Салігоршчыне.
Вось сюды і прыляцелі на вяселле з Амерыкі Прахор Канстанцінавіч і Наталля Браніславаўна з дачкою Карынай.
Прахор Канстанцінавіч тут нарадзіўся, жыў да васемнаццаці гадоў. Пасля быў Урал, Цюмень — гнала з вёскі бясхлебіца. Але яму заўсёды хацелася ў родную вёску, дзе ў двары дровы стаяць, як копны сена, і пасвяцца парасята.
Наталля Браніславаўна нарадзілася ў суседней вёсцы Добрая Лука. У час аднаго з прыездаў Прахора ў вёску яны пазнаёміліся, пажаніліся. Калі выпала магчымасць выехаць у Злучаныя Штаты Амерыкі, не гайдаліся.
Ужо чатыры гады жывуць Дзямідовічы ў горадзе Портланд штата Арыгон. З беларусаў там яны не адзіныя. Нават з Гоцка сваякоў, па евангелісцкай царкве сясцер і братоў, шмат.
Практыка жыцця на Урале, Цюмені спатрэбілася. Вось толькі з мовай чужой трохі цяжэй. Але, як сказала Наталля Браніславаўна, пачалі яе разумець, таму асілят хутка і гаворку.
У плане працоўнага жыцця уладкаваліся Дзямідовічы някепска. За чатыры гады купілі дом за 140 тысяч «зялёных», два аўтобусы і тры легкавыя машыны. У сваім доме адкрылі дзіцячы садзік. У гэтым рэгіёне жыве вельмі шмат выхадцаў з былога СССР. Вось для іх дзетак і працуе садзік.
«Я працую выхавацелем, а Прахор мне дапамагае, — расказвае Наталля Браніславаўна. — Мне вельмі хочацца, каб як можна больш беларусаў пабывала ў мяне ў гасцях. Трэба не баяцца перамен. Усюды жывуць людзі. За чатыры гады мы прыслалі ў Гоцк больш за чатыры сотні пасылак. У Прахора тут вельмі вялікая радня, усім трэба дапамагчы». «Мяне вельмі маніць дамоў гоцкі беспарадак у падвор’ях, — дадае Прахор Канстанцінавіч. — На ўсё жыццё туга па радзіме засталася. А Гоцкае вяселле даражэй Амерыкі».
Праз дзень пасля вяселля Дзямідовічы пакінулі Гоцк, каб ляцець у далёкі Арыгон. Ляцець і спадзявацца, што ў Гоцку давядзецца гуляць не адно вяселле.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии