Ці думаў хто, як стрэл адзавецца

0

Артыкул чытача Міхаіла Тарасевіча ў «Кур'еры» «Кому мешал безрукий немец» закрануў балючыя для многіх старажыхароў раёна ўспаміны аб падчас неверагодных падзеях партызанскай вайны ў тыле ворага, калі нярэдка чалавек з вінтоўкай не задумваўся над тым, чым абернецца для мясцовых жыхароў яго паспешлівы стрэл па ворагу ці выбух міны каля вёскі.

Спашлюся на драматычную гісторыю с высяленнем зімой 1944 года жыхароў вёскі Курпенікі (90 двароў), паблізу якой знаходзіўся Урэцкі аэрадром. Там з восені 1943 года базірвалася штук пятнаццаць нямецкіх пікіруючых бамбардыроўшчыкаў, якія рабілі налёты днём на пазіцыі савецкіх войскаў за Бабруйскам, Жлобінам, Парычамі. На расчыстку ўзлётнай паласы ад снегу немцы з аэрадромнай абслугі выбралі чалавек пяць дужых вясковых мужчынаў. Аднаму з іх партызаны перадалі міну з наказам паставіць тайком на той паласе. Чалавек даў згоду, але ноччу па неасцярожнасці ці з-за страху пры пастаноўцы міны падарваўся на ёй.
Труп немцы апазналі. Праз два дні ў вёску наехала дзесятак грузавікоў. Усіх жыхароў, уключаючы старых і дзяцей, пагрузілі, адвезлі на станцыю Урэчча, там упіхнулі ў халодныя таварныя вагоны і адправілі ў Германію, як рабсілу. Вярнуліся адтуль пасля вайны не ўсе, многія, асабліва дзеці і старыя, паўміралі ад голаду і хваробаў.
Па вялікаму рахунку, то і не варта было пасылаць чалавека з той мінай, ад якой, у лепшым выпадку, падарваўся б адзін самалёт. Куды разумней было б даслаць на аэрадром эскадрыллю начных бамбардыроўшчыкаў, якія базіраваліся недалёка ад Урэчча — за Бабруйскам. Але ні адзін самалёт нават бомбы не скінуў на той аэрадром, які значыўся на ўсіх вайсковых картах.
Другая гісторыя адбылася паблізу вёскі Круглае Слуцкага раёна і была болей трагічнай. У сярэдзіне красавіка 1943 года раніцай дзевяць хлапчукоў ва ўзросце ад 13 да 17 гадоў разам з 32-гадовай жанчынай Анцяй Сушчынскай, якая ўзяла з сабою «козлы», пайшлі на гравельку, што пралягала метрах у ста ад вёскі, каб размерыць на дзялянкі пустуючае поле.
На грузавік, што спыніўся непадалёку ад іх, не звярнулі ўвагі. З кабіны выйшаў з пісталетам у руцэ афіцэр у эсэсаўскай форме і загадаў усім дзесяцярым падыйсці да яго, што яны і зрабілі. Нечакана афіцэр падыйшоў да крайняга хлопчыка, адвёў у канаву ўзбоч дарогі і выстраліў яму ў патыліцу. Тое самае зрабіў і з астатнімі, хоць Анця з нямым плачам і крыкам прасіла пашкадаваць іх. Апошнюю кулю кат пусціў у галаву жанчыне. Ніхто з паліцэйскіх, што неслі службу на блок-пасту ля гравелькі і былі сведкамі расстрэлу, не ўмяшаўся, каб спыніць лютага звяругу ў форме.
Некалькі гадоў таму я наведаў Круглае. Каля гранітнага помніка-абяліска з прозвішчамі дзесяці загінуўшых гутарыў з пенсіянеркай Ганнай Гаўрылаўнай Галагуцкай, якая памятае аб зверстве фашыста, пад час якога расстралялі і яе старэйшага 15-гадовага брата Лёню.
У той дзень метраў за чатырыста ад іх вёскі на партызанскай міне, пастаўленай на дарозе ноччу, падарваўся нямецкі легкавік, загінулі нейкі старшы афіцэр і яго вадзіцель. Следам за імі ехаў грузавік з салдатамі і афіцэрам у кабіне. Вось ён і рашыўся на растрэл ні ў чым не вінаватых вяскоўцаў.
Калі б тую міну партызаны паставілі кіламетры за два ад вёскі, у бок Кучына, то трагедыі магло і не быць. Але хто думаў пра гэта? Пра забітых афіцэра і вадзіцеля з легкавіка, напэўна, далажылі ў свой атрад, пра растрэляных хлапчукоў і жанчыну маглі паведаміць як пра чарговае зверства фашыстаў над мірнымі жыхарамі.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии