Гісторыя з паясамі

0

Сенсацыяй для аматараў мастацтва і навукоўцаў сталі зробленыя напрыканцы мінулага году знаходкі: два рыцарскія паясы, знойдзеныя ў час работ каля адной з вёсак Маладзечанскага раёна.

Створаныя ў ХV стагоддзі ў Крыме, яны былі ханам крымскім падораны вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. Гэта ўнікальныя шэдэўры ўсходняга дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, каштоўныя для нашай айчыннай гісторыі. Адзін з «Паясоў Вітаўта» цяпер знаходзіцца ў дзяржаўным сховішчы. Другі трапіў у прыватныя рукі і знік. Сляды скрадзенага пояса выявілісяя ў Францыі, таму ёсць надзея, што і ён з часам будзе вернуты.

Реклама

«Пояс Альгерда»
З нагоды нечаканай знаходкі ўспомніўся яшчэ адзін старадаўні рарытэт — таксама рыцарскі пояс, які, калі верыць паданням, належыў папярэдніку слаўнага Вітаўта і не менш знакамітаму за яго вялікаму князю літоўскаму Альгерду. Калі цяперашняя гісторыя «Паясоў Вітаўта» на слыху, а папярэдняя ў многім невядома, то з «Поясам Альгерда» ўсё наадварот: дакладна вядома, што да пачатку ХХ стагоддзя быў ён у Слуцку, а што з ім стала потым і дзе ён цяпер — звестак няма.
Знаходзіўся «Пояс Альгерда» ў скарбніцы слуцкай Юр’еўскай царквы, аб чым сведчаць літаратурныя крыніцы і зроблены ў свой час фотаздымак, на якім ён прадстаўлены разам з іншымі старадаўнімі царкоўнымі прадметамі. Выкажам меркаванне, што ў царкву пояс трапіў ад аднаго з апошніх князёў Слуцкіх — Сімяона ІІІ (Яна-Сімяона) Алелькавіча (1560−1592). Вядома, што па завяшчанню іх бацькі Юрыя ІІ Юр’евіча, якое прадугледжвала падзел княства і горада паміж яго трыма сынамі, Сімяону ІІІ дасталася частка горада, галоўным храмам якой была Юр’еўская царква. Пояс той, магчыма, з’яўляўся сямейнай рэліквіяй Алелькавічаў. Іх род вёў пачатак ад Уладзіміра Альгердавіча — аднаго са старэйшых сыноў вялікага князя літоўскага, таму ёсць вялікая доля верагоднасці, што згаданы рыцарскі пояс на самой справе належыў некалі самому Альгерду, а потым перадаваўся ў спадчыну, пакуль не апынуўся ў Яна-Сімяона.

Царкоўныя скарбы
Для галоўнага храма Новага Слуцка Ян-Сімяон несумненна рабіў і іншыя ахвераванні. Урэшце за грошы князя ў 1587 годзе быў узведзены новы храмавы будынак, але не на старым месцы — беразе Случы, дзе стаяў з канца ХV стагоддзя, а на новым, бліжэй да вуліцы, якая цяпер вядома як вуліца імя Максіма Багдановіча. А вуліца, што адыходзіла ад яе, і на якую выходзіў царкоўны пляц, стала называцца Юр’еўскай (цяпер імя Льва Талстога).
У царкве з часам назбіралася значная колькасць самых розных прадметаў. Акрамя непасрэдна царкоўнага начыння і старых кніг, даследчыкаў уражваў дзіўны рэзаны з дрэва іканастас. Мелася некалькі жывапісных партрэтаў знатных прыхажан ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў - купцоў Мелентовічаў. Звесткі пра гэтыя партрэты губляюцца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Сама царква згарэла ў 1920 годзе, калі з горада адступалі палякі, тады ж згарэў і шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва разны іканастас. Верагодна, што ў агні прапалі і іншыя каштоўныя прадметы. Аднак, як сведчыць зроблены ў 1922 годзе інвентарны запіс музея імя Івана Луцкевіча Беларускага навуковага таварыства ў Вільні, адным з яго экспанатаў было сярэбранае звяно скуранага рыцарскага пояса князя Альгерда, атрыбутаванага ХІІ стагоддзем, які раней знаходзіўся ў слуцкай Юр’еўскай царкве. Звяно мела памеры чатыры з паловай на амаль шэсць сантыметраў. Мела выяву язычніцкага бога Сварога ў выглядзе сонца, вакол якога віўся змей з ваўчынымі галовамі. Гэта сведчыць, што «Пояс Альгерда» не прапаў у агні 1920 года. У часы грамадзянскай вайны ён быў, верагодна, вывезены або скрадзены, а потым прадаваўся калекцыянерам па частках. У тым жа інвентары дадаецца, што сам пояс у той час знаходзіўся ў Львове, але ў каго і ў якім зборы — не пазначана.
Пазней пра слуцкі рыцарскі пояс альбо пра яго часткі звесткі не сустракаюцца. Але хочацца падзявацца, што ён не прапаў і нас наперадзе чакае знаходка «Пояса Альгерда».

Роля рэліквій
Пасля набыцця нашай краінай сапраўднага суверынетэту паўстала пытанне захавання гістарычных рэліквій — сведчанняў нашай гісторыі. Мы спрабуем вярнуць страчанае, а калі гэта немагчыма — сабраць банк дадзеных пра зніклыя каштоўнасці. Да такіх каштоўнасцей належыць і пояс са слуцкай Юр’еўскай царквы.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии