Вёска дала ёй імя Пракурор

0

Густы куст ляшчыны ля сцяны апусцелай хаты за доўгія гады дастаў канька даху з тарцовага боку — на дзіва ўсім вяскоўцам. А мяне кожны раз, як праведваю вёску, ён вяртае ў думках у часы ранняга дзяцінства, калі я, вучань пачатковых класаў, тры гады жыў у гэтай хаце пры бабулі Юлі Чайкоўскай, з дзядулем Якубам і іх сынам Мікалаем. Хадзіў летам з ёю ў лес па грыбы, ягады. Збіраць разам арэхі. Нярэдка бабуля прыносіла іх поўную торбу, лушчыла, седзячы на прызбе, сушыла і трымала на гарышчы. Пэўна адзін ядраны арэх трапіў у зямлю ўзбоч сцяны и прарос, раскусціўся, нібы жывы помнік гаспадарам дому.

Неяк на Радаўніцу я праведаў магілы сваіх родных і пачуў ад самай старэйшай, 90-гадовай жыхаркі вёскі, што маёй бабулі пры жыцці далі мянушку Пракурор. І падкрэсліла ў роздуме: «Баявая, смелая была жанчына».
У нашай вёсцы мала хто з дарослых мужчынаў не меў сваіх, прыпячатаных землякамі мянушак, якія ў той ці іншай меры былі адлюстраваннем пэўных рысаў іх характару, родавых каранёў: Полаз, Воўк, Грыцук, Шпунт, Таркованка, Хадзі сюды і г. д. Нехта даў мянушку і бабулі Юлі - Пракурор. За яе неабыякавасць да людзей, гатоўнасць прыйсці ім на дапамогу ў жыццёвых канфліктах з кіраўнікамі калгаса. Не раз быў сведкам, калі да яе ў хату заходзілі жанчыны і скардзіліся на брыгадзіра, які, на іх думку, не налічыў ім за месяц ўсе працадні. Ад іх, па восені, залежыў заробак натурай, нейкім мехам зерня ці возам бульбы. Бабуля заступалася за іх рашуча, смела, не думаючы, а наступствах такіх «разборак» для яе самой, таму нажыла і ворагаў. Брыгадзіры недалюблівалі бабулю, бо часта праўда ў іх канфліктах з вяскоўцамі была на баку апошніх. Але і ўхвалялі на сходках за ўвішнасць у працы: яна магла летам на збожжавай ніве зжаць сярпом за дзень паўгектара жыта і саставіць снапы ў бабкі! Гэта ў свае пяцьдзесят гадкоў з «гакам», на што і маладыя жанчыны не ўсе былі здатныя.
Ішлі да яе ў хату не толькі са скаргамі, а і за парадамі медыцынскага гарту: бабуля мела ў запасе мо тузін розных высушаных лекавых траў, а дзядуля Якуб умеў «адсякаць» рожу-пякучую чырвань на руках ці нагах. Бабуля так і гаварыла яму: «Якуб, адсячы жанчыне рожу і хутчэй, бо ёй у поле трэба ісці». Ён браў невялікі крэмень, кавалак металёвага напільніка і пачынаў над рожыстай плямай высякаць іскры, пры гэтым нешта шаптаў, магчыма, і малітву. І болей тая хворая не звярталася да яго, а суседкам хвалілася, што з аднаго разу дапамагло.
Дарэчы, вырасла бабуля Юля ў шматдзетнай сялянскай сям'і, у бацькоў было шасцёра дзяцей: чатыры дачкі і два сыны. Ніякіх класаў яны не канчалі, бо да школы было вельмі далёка, а палетак бацькоў чакаў памочнікаў у працы. Бог не пакрыўдзіў бабулю прыродным розумам, працавітасцю, набажнасцю з дзяцінства. Нават зімой, ужо пры немалых гадах, яна хадзіла ў Слуцк у царкву — за васемнаццаць кіламетраў. А мне неяк прызналася, што яе бабуля калісьці з дзвюмя вясковымі жанчынамі хадзіла пешша да святых мошчаў у Кіева-Пячэрскую Лаўру.
Рэпрэсіі, што пракаціліся на вёсцы ў 30-я гады, абмінулі сям’ю бабулі, але не мінавалі суседзяў. Летам 1937 года за адну ноч «чорны воран» з невялікай, на дваццаць пяць двароў, вёсачкі, забраў каваля Паўла Жаўрыда, немаладых, за пяцьдзесят кожнаму, калгаснікаў Пятруся Кунцэвіча і Тодара Жаўрыда, удаўца.
Бабуля па часці сваёй «пракурорскай» актыўнасці прыціхла. Напэўна, баялася, што могуць і па яе прыехаць, на гэта балі прычыны: у 1931 годзе трапілі ў спіс «кулакі» і былі высланы за Котлас два яе родныя браты, што жылі праз вуліцу — Андрэй і Ёсіп Жаўрыды. З жонкамі, малымі дзецьмі. Не забыць мне і той дзень 1935 года, калі бабуля ў слязах развітвалася са сваёй роднай сястрой Аўдыяй Кунцэвіч і яе мужам Іванам, што жылі паблізу. Сваю хату яны раптам прадалі і сказалі, што выязджаюць на пастаяннае пражыванне ў Сімферопаль да сына Фёдара, які там працуе інжынерам і абяцаў купіць ім невялікую хаціну ў горадзе. А рашыліся Кунцэвічы на такі крок ад страху: незадоўга перад тым на высылку адправілі з сям’ёй роднага брата Івана — Костуся Кунцэвіча. Збаяліся абое, што могуць і іх адправіць туды ж, за ім. Але ж гэта таксама была самавысылка — хоць і ў Крым.
Калі вясною 1942 года калгасную зямлю падзялілі на паі, бабулі, дзядулі і іх ўжо жанатаму сыну далі, як і ўсім, тры з паловай гектары ворыва і столькі сенажаці. То яна, меўшы ўжо 58 гадоў, а дзядуля 63, шчыравалі на надзеле з ранку да вечара, не ведаючы стомы — так мне тады здавалася. З вясны наступнага году вёску сталі наведваць па начах партызаны. Зрэдку прасілі паесці чаго ці ў сумку пакласці на дарогу. А то шнырылі па вуглах і каморках у пошуку самагону ці непрыхаванага адзення, абутку. Неяк бабуля, калі ўбачыла такога шустрага партызана, хапіла качаргу і заявіла, што калі ён не пакіне зараз яе хаты, то адмянташыць яго той качаргой. І той спужаўся, мусіць, бо выйшаў. А ў дрцгі раз познім зімовым вечарам, калі на вуліцы мяла завіруха, да бабулі Пракурора з вялікім мехам праз плячо зайшоў малады, гадоў васемнаццаць, партызан, родам з суседняй вёскі. Яго бабуля ўжо ведала да вайны як хулігана і неслуха. А той цяпер прапанаваў ёй мех белых гарбузікаў, якія нёс аж восем кіламетраў з вёскі Лясуны, дзе забраў у нейкай бабулі. І гаворыць: «Гані, цётка, бутэльку самагону і забірай гэтая гарбузікі, не несці ж мне іх у атрад». Яна падумала, потым у сенцах адшукала паўлітэрку самагону і наказала партызану болей не заходзіць з такімі падарункамі. А гарбузікі тыдзень сушыла на печы, а потым, калі ў хаце збіраліся на вячоркі жанчыны-суседкі, высыпала на стале вялікую кучу і іх лузалі да паўночы.
Пасля аднаўлення калгаса летам 1944 года, як вярнулася Чырвоная Армія, амаль усіх працаздольных мужчын з вёскі прызвалі ў дзеючую армію, то бабуля Юля — Пракурор, меўшы ўжо 60 гадоў, а муж — 66, дзень пры дні везлі нялёгкі воз калгасных клопатаў і справаў, фактычна за пустыя працадні, таму як восенню амаль усё збожжа дзяржава забрала для фронту — так гаварыў вяскоўцам старшыня. Пражылі яны абое па 78 гадоў, ні разу за ўсё жыццё не наведваючыся ў раённую паліклініку, таму лячыліся травамі. Ды і пенсію ім не паспелі налічыць упору. Сын і нявестка ўсё ж здолелі абоім паставіць на могілках сціплыя бетонныя помнікі.
…Іх даўно апусцелая, з выбітымі дзвярыма і вокнамі, хата хутка пойдзе пад знос — як і пяць іншых такіх у вёсцы. Не хацелася б, каб пры зносу высеклі той куст ляшчыны, што застаўся ўзбоч тарцовага боку сцяны — нібы жывы помнік маёй бабулі.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии