Ікона абараніла ад кулі

0

Гісторыя, дасланая нашым чытачом у рэдакцыю, распавядае аб тым, што многія б назвалі цудам — як звычайная папяровая іконка фактычна засланіла чалавека ад кулі, выратаваўшы яму жыццё. Дакладней, не дала ворагу стрэліць ў чалавека. Здарылася гэта на пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У кожнага свой шлях да Бога. Хтосьці стараецца выконваць усе каноны і пільна сочыць за выкананнем нават дробязі, хтосьці хавае сваю веру далёка ў сэрцы, падчас нават не ведаючы ні воднай малітвы, але стараючыся жыць па законам Божым. Хтосьці, адчуўшы цуд веры на сабе, да канца жыцця робіцца сумленным вернікам.
Цікавы выпадак здарыўся з маёй бабуляй. Гэта адбывалася ў час Вялікай Айчыннай вайны, ў самым яе пачатку. Была яна тады зусім маладой. Як і большасць беларускага насельніцтва, бабуля апынулася пад акупацыяй. Прынамсі, аб пачатку вайны тады хадзіла шмат чутак. Перад вайной на прадпрыемствах не адпускалі людзей у адпачынак, а апошнім часам на швейнай вытворчасці, дзе працавала бабця, быў вялікі заказ на ваенныя рэчавыя мяшкі. Але з пачатку ваенных дзеянняў давялося сыходзіць у вёску, адкуль была родам.
Неяк аднойчы выправілася па соль з сяброўкай у Слуцак. Памяняўшы яйкі, якія ўзялі для абмену на соль, накіраваліся дадому. Аднак ноша цяжкаватая была, тым больш для маладзенькіх дзяўчат, а ісці трэба было больш за 20 кіламетраў. Таму, стаміўшыся папярэдняй хадой, вырашылі пад’ехаць, прагаласаваўшы.
Выйшлі на слуцкую шашу, і неўзабаве спынілі дзве грузавыя машыны. Сяброўка бабуліна нягеглая была, можа таму, а можа ёй немец нармальны патрапіўся, але заехала яна без усякіх прыгод. Бабулі ж маёй не пашанцавала. Даехаўшы да Шышчыц, яна папрасіла немца спыніцца, бо патрэбна было ёй зварочваць.
Машына спынілася, трохі з’ехаўшы з дарогі. Але раптам немец дастаў пісталет і наставіў на сваю пасажырку. «Камуніст?» — запытаўся ён. Бабуля вельмі перапужалася. Кошт жыцця ў той час быў невялікі. І любая недарэчнасць магла быць апошняй. А немец паказвае, маўляў, камуніст, лягай у канаву, буду страляць. Пачала бабця прасіцца-маліцца адпусціць яе, што ні ў чым не павінная, але немец быў няўмольны. Кінулася яна немцу рукі цалаваць, каб толькі не страляў, і раптам з-за пазухі выскачыла маленькая іконка «Георгія Пабеданосца», якую бабуля ўвесь час насіла з сабой завернутую ў насоўку і схаваную ў грудзях. І якім чынам яна здолела пазбавіцца ўсіх сваіх хованак — незразумела. Легла іконка якраз на руку немца, ў якой ён трымаў пісталет, акурат да яго тварам. Немца ажно перасмыкнула. Схамянуўшыся, прысеўшы і зрабіўшы пару крокаў назад, ён толькі і здолеў прамовіць: «О, Бог! Бог!». Хуценька схаваў пісталет і адпусціў бабцю. Пашану да святога, свята якога адзначалася 6 мая, бабуля пранесла праз усё жыццё, назваўшы яго іменем аднаго з унукаў.

Реклама

Сяржук Кут

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии