Абразок з рэдкім сюжэтам

0

У слуцкай Галерэі мастацтваў разгорнута выстава «Свет абразоў». Адзін з яе раздзелаў знаёміць з абразамі ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў, якія захоўваюцца ў фондзе гарадскога краязнаўчага музея. З іх толькі пяць маюць мясцовае паходжанне. Такая нязначная колькасць твораў мясцовых мастакоў не дае магчымасці музею пазнаёміць гледача з развіццём іканапіснага мастацтва Случчыны. А гісторыя гэта мае не менш чатырох соцен гадоў і з’яўляецца значнай старонкай старажытнага беларускага мастацтва. Іканапісцамі абразы пісаліся фарбамі на драўляных дошках. Выконваліся образы і на металічнай аснове, у тым ліку на золаце, а таксама рэльефныя, створаныя ў тэхніцы разьбы па дрэву. З ХVІІІ стагоддзя пачалі пісаць абразы на палатне. Узнікае пытанне — дзе дзелася вялікая колькасць абразоў, створаных мясцовымі іканапісцамі напрацягу соцен гадоў?

Некалькі даўніх абразоў са Случчыны можна ўбачыць у экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. Акрамя таго, абразы са Случчыны захоўваюцца ў зборах некаторых іншых музеяў. Але гэта толькі лічаныя, воляй выпадку захаваўшыяся творы. Шмат абразоў дзелася няведама куды пасля массавага закрыцця слуцкіх храмаў у 1930-я гады. Многія, уратаваныя вернікамі ад рук ваяўнічых атэістаў, прапалі ў часы Айчыннай вайны. Але хочацца спадзявацца, што з гэтага багатага пласта мясцовай культуры не ўсё прапала беззваротна.
Нядаўна вучаніца мастацкай школы прынесла на заняткі знойдзены яе дзедам, жыхаром вёскі Іграева Слуцкага раёна, медны абразок. Выяўлены на ім сюжэт аказаўся знаёмым, аднак адлюстраваным у творах меднай пластыкі мне не сустракаўся. Аналогіяй яму з’яўляецца каменны рэльефны абразок «Цар Канстанцін і царыца Алена» ХІІ стагоддзя, знойдзены ў 1967 годзе ў Полацку.
Слуцкі абразок двухбаковы, прамавугольны, памерам 4,5 на 3,5 см. На ім маюцца сляды механічных пашкоджанняў, карозіі. Па перыметры праходзіць акантоўка-рамка, на некаторых частках захаваўшая арнаментыку ў выглядзе зігзагападобнай лініі. Рэльефныя выявы моцна сцёртыя. На адваротным баку мелася двухфігурная выява. Магчыма, гэта сюжэт «Дабравешчанне». На пярэднім баку абразка бачым пяціканцовы крыж, які падтрымліваюць размешчаныя па яго баках дзве фігуры. Выява твару левай фігуры сведчыць, што гэта мужчына, справа, несумненна, жанчына. Зверху да абразка далучаецца вушка з адтулінай для шнурка. У агульнай форме выяў і ў дэталях назіраецца парушэнне прапорцый. Невялікая па памерах кампазіцыя вызначаецца лаканізмам і манументальнасцю. Разважанні, выкліканыя слуцкай знаходкай, дазваляюць звярнуць увагу на асобныя старонкі гісторыі Слуцка і выказаць меркаванне, што абразок гэты з’яўляецца ўзорам мясцовай вытворчасці.
Культ цара Канстанціна і царыцы Алены быў пашыраны ў Візантыі. На нашых землях шанаванне іх прыпадае пераважна на ранні перыяд гісторыі ўсходнеславянскага хрысціянства і адлюстроўвае тагачасныя сувязі з Візантыяй, яе ўплыў на мясцовае царкоўнае жыццё. Аднак у Слуцку і ў часы значна пазнейшыя не толькі помнілі старадаўніх візантыйскіх святых, але і меўся прысвечаны ім храм — царква святых цара Канстанціна і царыцы Алены. Яна стаяла ў Старым горадзе на вуліцы Капыльскай, а ў 2-й палове ХVІІІ стагоддзя была перавезена на прадмесце Востраў. Старажытную востраўскую Міхайлаўскую царкву ў 1797 годзе з-за старасці закрылі, яе маёмасць перадалі Цараканстанцінаўскай, якую ў 1798 годзе пераасвяцілі і надалі імя Міхаіла-архангела. Гэты храм захаваўся. У даведніках ён прадстаўляецца як помнік архітэктуры ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў з рысамі барока і класіцызму.
Існаванне ў Слуцку Цараканстанцінаўскай царквы, несумненна, сведчыць аб царкоўных сувязях з Канстанцінопалем — горадам, названым ў гонар імператара Канстанціна, і месцам размяшчэння Канстанцінопальскага патрыярха. Гістарычныя звесткі гэта падцвярджаюць. Напрыклад, пасля прыняцця напрыканцы ХVІ стагоддзя Берасцейскай царкоўнай уніі, якую слуцкія цэрквы не падтрымалі, і да 1620 года калі, была адноўлена праваслаўная Кіеўская мітраполія, кіраўніцтва слуцкіх цэркваў напрамую падпарадкоўвалася Канстанцінопалю. У непасрэднае падпарадкаванне Канстанцінопальскаму патрыярху перайшоў у 1620 годзе слуцкі брацкі Праабражэнскі манастыр. У слуцкім Троіцкім манастыры з 1678 года жыў грэчаскі мітрапаліт Макарый Лігарыд.
Акрамя Цараканстанцінаўскай царквы, у Слуцку ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях мелася Крыжаўзвіжанская царква, храмавае свята якой таксама было звязана з памяццю пра імператара Канстанціна і яго маці царыцу Алену. У гонар гэтых святых мясцовымі майстрамі ствараліся абразы, у ліку якіх можна назваць і разглядаемы намі абразок.
Хаця пра вытворчасць медналітых абразкоў у Слуцку на сёння звестак няма, вядома, што мастацтва апрацоўкі метала ў горадзе развівалася здаўна. Чаканшчыкі, гравёры, ліцейшчыкі, іншыя майстры стваралі абклады да абразоў і кніг, царкоўны і ўжытковы посуд, рэзалі пячаткі. У ХVІ-ХVІІІ стагоддзях у Слуцку адлівалі званы і гарматы, на сценках якіх змяшчаліся рэльефныя геральдычныя выявы. Формачка для адліўкі ювелірных вырабаў археолагам Лявонам Калядзінскім была знойдзена на Слуцкім гарадзішчы нават у пластах ХІІ стагоддзя. Таму можна сказаць з упэўненасцю, што нейкі час у Слуцку магла працаваць майстэрня па вытворчасці медных абразкоў - гэта адпавядала магчымасцям мясцовых майстроў. Сюжэт жа, адлюстраваны на разглядаемым абразку, у Слуцку, як бачым, быў запатрабаваны на працягу некалькіх стагоддзяў. Такім чынам можна сцвярджаць, што медны абразок «Цар Канстанцін і царыца Алена» — гэта выраб мясцовых майстроў і прызначаўся для мясцовых вернікаў. Наўрад ці ён зроблены ў ХVІІІ стагоддзі - у яго характары адсутнічаюць прыкметы барочнай стылістыкі. Выгляду яго характэрны гарманічная ўраўнаважанасць і выразнасць, адпавядаючая прынцыпам рэнесансу. А перадача дэталяў фігур, складак адзення прамавугольнымі рыскамі пераклікаецца з прыёмамі старажытнарускага іканапісу. Можна назваць і ХVІ стагоддзе, аднак больш верагодна, што час з’яўлення абразка — ХVІІ стагоддзе, на якое прыпадае перыяд актыўных кантактаў Случчыны з Канстанцінопалем.
Такім чынам, трэба адзначыць, што да нашага часу захаваўся цікавы твор дробнай пластыкі, які пашырае нашы ўяўленні пра мастацкую дзейнасць у старажытным Слуцку.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии