На самавысылку без сям'і - на дзесяць гадоў

Чалавек, аб якім пойдзе аповед у нашым артыкуле, каб уратаваць ад высылкі сям’ю ў часы раскулачкі, адправіўся на самавысылку ў няблізкі раён і вярнуўся назад толькі праз дзесяць гадоў.

Аляксандр Заброцкі не спадзяваўся, што яго сям’ю, з жонкай і траіма малымі дзецьмі, залічаць у спіс «кулакоў», на высылку. Багатым яго ў Борках ніхто не лічыў, меў двое рабочых коней, карову, гумно, хату з двума палавінамі, падзеленымі сенцамі. Аде аднойчы сусед Мацвей Валатковіч, сваяк якога ўжо быў на высылцы, прачуў ад дасведчанага сельсавецкага актывіста, што і Заброцкага павінны раскулачыць. Не паверыць Аляксандр не мог, на што былі прычыны: да яго ў двор ужо заходзілі незнаёмыя людзі з таго актыву, заглядвалі ў клець, у гумно, на пытанне гаспадара, што шукаеце, не адказвалі. Параіўшыся з жонкай Анютай, ён рашыўся на самавысылку, далей ад 40-кіламетравай памежнай зоны, у якую ўваходзіў цалкам Слуцкі раён і дзе рэпрэсіі супраць «неблаганадзейных» сялянаў былі асабліва масавыя. Успомніў, што ў Асіповічах пражывае стрыечны брат яго жонкі - рабочы лясгасу. Разлічваў на тое, што жонку з трыма дзецьмі ўлады не рашацца высылаць. Сабраў самае неабходнае на дарогу і ноччу пашыбаваў да чыгуначнага прыпынку за вёскай Паўстынь. Там раннім цягніком сеў у вагон і праз чатыры гадзіны быў у Асіповічах. Сваяк не чакаў яго, але прыняў з разуменнем і павагай. Адвёў госцю ў сваім невялікім на краю горада доміку пакойчык, падшукаў работу ў тым жа лясгасе. Не было праблемаў з прапіскай, бо ніхто з мясцовай улады падсяленцам не цікавіўся. Заробак ён меў невялікі, хапала на сціплае пражыццё, сёе-тое даваў са свайго агароду і сваяк.
Не ведаў тады Аляксандр, што ягонае раптоўнае знікненне з вёскі хутка засведчыў тутэйшы «стукач» і ўжо дзён праз тры сельсаветчыкі дапытваліся ў жонкі Анюты, куды з’ехаў муж, на што яна адказвала коратка: «Хоць забейце, не ведаю, ён мне не гаварыў». Некалькі начэй яе будзілі стукам у вакно, каб адчыніла, яна здагадвалася, хто і для чаго гэта робіць, ішла ў сенцы, прапускала ўперад міліцыянера ў форме і невядомага ў цывільным. Яны дапытваліся пра мужа, заглядвалі ва ўсе куткі, нават у гумно — і зыходзілі. Пазней сусед Мацвей, едучы на кані з начлегу, бачыў сядзеўшага за хатай Заброцкіх мужчыну з паляўнічым ружжом — чакаў, напэўна, што сустрэне Аляксандра і арыштуе. Але ён не спяшаўся праведваць сям’ю, свой першы візіт зрабіў позняй восенню, прывёз дзецям булкі, цукерак, жонцы — хустку і кофту, перадняваў у гумне і ноччу адправіўся да Асіповіч.
Хату Заброцкага сельсаветчыкі не рашыліся адбіраць у жонкі, загадалі ёй перайсці з дзецьмі жыць у другой, меншай, палове хаты, дзе не было печы, толькі грубка для ацяплення. У большую, да вуліцы, палову пасялілі пераехаўшую з суседняга раёну сям’ю з трох дарослых, і пакуль тыя на апусцелай сядзібе высланага сваяка збіралі-ладзілі перавезеную сваю хату, жылі па суседству з Анютай і яе дзецьмі.
Анюту ўлады ўсё ж пакаралі - не прынялі ў калгас, як жонку «кулака», і яна за дзесяць кіламетраў хадзіла на работу ў прыгарадны саўгас, каб мець нейкі заробак. А за малодшымі двумя дзеткамі наглядаў старэйшы сын Ваня, якому ішоў восьмы гадок. Нават каня, каб вясной заараць агарод, ёй не дазвалялі ўзяць з калгаснай канюшні - ішла да мясцовага аднаасобніка, які меў свайго буланага, і той ахвотна аказваў паслугу. Толькі праз шэсць гадоў пасля самавысылкі мужа Анюту прынялі ў калгас. Потым прыйшоў 1937 год, тады за адну ноч «чорны воран» забраў з вёскі трох дарослых мужчын. Прачуўшы аб гэтым, Аляксандр перастаў наведвацца ў вёску, хоць і да гэтага рабіў наезды ня часта.
…Дамоў ён вярнуўся ў ліпені 1941 году, калі немцы ўжо былі за Дняпром. Ішоў па вясковых прасёлках, абмінаючы бальшакі, па якіх грукацелі нямецкія механізаваныя калоны. Начаваў у сялянскіх хатах. Каля Глуска сустрэўся выпадкова з пажылым, высокага росту, мужчынам. Пазнаў у ім аднавяскоўца Івана Міхайлавіча Жаўрыда. Ён таксама вяртаўся да сям'і ў яго Боркі з самавысылкі ў Гомель.
…Так удвох яны і прыйшлі ў сваю вёску, дзе іх з радасцю сустрэлі жонкі і дзеці. Ніводнага ў 1944 годзе, калі вярнулася Чырвоная Армія, у салдаты не прызвалі - не той быў ужо ўзрост, ды і хваробы абое набылі за гады самавысылкі і пастаяннага чакання арышту. Заброцкі гадоў трыццаць працаваў калгасным конюхам, вельмі любіў вараных, старшыня не раз ухваляў яго за стараннасць і працавітасць. Пазней хадзіў на палявыя работы, як і жонка. Дзеці павырасталі і падаліся далей ад вёскі - хто куды. Наведаліся толькі на пахаванне бацькоў. Ад іх хаты на краю вёскі і следу не засталося.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии