Гібель Ваські-дэмакрата

0

Хутар Забалотны Мох дажывае сваё незвычайным выміраннем тых людзей і іх нашчадкаў, што некалі забудоўвалі яго з надзеяй на добрае жыццё. Быў кліч: «Зямлю — сялянам». І многія кінуліся з перанаселенай вёскі сюды. Але хутка пачалася калектывізацыя. Хутар перастаў пашырацца, а некаторых змусілі пераехаць назад у вёску. Пасля — вайна, нястача, павольнае адміранне. І прыйшоў дзень, калі на хутары засталося жыць трое.

Яшчэ мінулай вясной іх было чацвёра. Быццам спужаўшыся падыходу зімы, памерла баба Люба. Як і калі гэта здарылася, ніхто не ведае. Прывезла паштальёнка пенсію, а баба дзверы не адчыніла. Калі прыехалі з цэнтральнай сядзібы людзі з участковым міліцыянерам, узламалі дзверы, з хаты выпрыгнуў дзіка напужаны кот. Бабу забралі, назаўтра пахавалі на могілках цэнтральнай сядзібы. З дзяцей нікога не было: дзве дачкі жывуць за белым светам, а сын — яшчэ далей. Цяпер у чужой дзяржаве кіруе падводнымі лодкамі.

Реклама

Бейка, Ірышка і Алкон
Засталіся жыць тут трое. Саракагадовы інвалід з народжання Бейка, які і сёння не можа выгаварыць «верабейка», але лічыцца грамацеем. Да яго часта прыходзіць васьмідзесяцігадовая бабка Ірышка, каб даведацца пра навіны ў свеце. Бейка раз на нядзелю ходзіць на цэнтральную сядзібу да пошты. Прыносіць не распраданыя газеты. І тады ён расказвае бабцы, што недзе аднаўляюцца вёскі, а ўсякія дэмакраты на амерыканскія даляры толькі і ведаюць, каб гэтаму нашкодзіць. Таму няма надзеі, што яны дачакаюцца, каб хутар быў заселены людзьмі і калгаснымі аборамі. Бо гэтыя праклятыя дэмакраты толькі красці ўмеюць.
Трэцім быў на хутары вечна п’яны Алкон. Рэдка начаваў дома. Калі пасля ночы адчуваў сябе кепска, заходзіў да Ірышкі. Тая налівала яму ў памятую конавачку сваёй «чыгунковай». Выпіўшы, Алкон абавязкова хваліў бабку: «Ты адна разумееш мяне»…

Навасёлы-дэмакраты
І вось настаў дзень, хутар абудзіўся. Прыйшла машына і прыпынілася супраць Любінай хаты. З яе вылезлі двое мужчын і жанчына. Няспешна, па-гаспадарску яны аглядалі запусцеўшую сядзібу. Праз нейкі час чужынцы ад’ехалі. І старая, якая скрозь кусты паглядала за чужынцамі, з кіем у руцэ дыбала да Бейкі. Яе цікаўнасць аб прыезжых той не ўцешыў: жанчына не была Любінай дачкой і ні адзін з мужчын не быў яе сынам. Вось толькі машына гаварыла аб тым, што яе гаспадар — птаха вялікага палёту. Бо нават шахцёры ў горадзе такіх машын не маюць.
— Злодзеі, дэмакраты, — упэўнена паведаміў Бейка старой.
Яшчэ больш здзівіліся хутарчане праз дзень ці два, калі прыехала да Любінага дома брыгада рабочых і машына з будматэрыяламі. Адразу пачалі разбіраць дах, другія з дому выдзіралі старыя вокны. Брыгада, на здзіўленне, працавала зладжана. Не паспела Ірышка даведацца, хто рамантуе хату, як тая заззяла новым дахам і новымі вокнамі. А калі выкарчавалі вакол хаты зараслі адзічаўшай вішні, яна прыемна пералівалася колерамі фарбы.

Палітычныя дыскусіі
Прыйшла Ірышка да новых гаспадароў, а тыя на верандзе абедаюць. У гаспадара на каленях кот сядзіць. Той самы кот, што вясною ўкраў у бабкі пеўніка. Пагарачылася бабка, не стрымалася. Замест прывітання, замахнулася палкай: «Ах ты, злодзей-дэмакрат!» Кот хуценька юркнуў пад стол, а гаспадар недаразуменна спытаў, хто гэта злодзей ды яшчэ дэмакрат. І калі зразумеў, што гэта адносіцца да ката, засмяяўся.
Бабка Ірышка ўдакладніла свой погляд на дэмакратыю: «Вы таксама дэмакрат, бо чужую хату прысвоілі. Недзе далёка сынок, нашчадак хаты, на падводных лодках служыць. Бог дасць, мо вернецца, а хаты няма!»
Бабка стаяла ля парога, абапершыся на кіечак, у такт гаворцы махала сагнутым пальцам у бок гаспадара.
— Вернецца, разбяромся. І яму месца хопіць. Чаго ж хаце стаяць пустой. Вы мо чулі, што аднаўленне вёскі ідзе, — спакойна адказваў новы гаспадар. — Вот і Васька-дэмакрат сваю гаспадарку прыдбаў, не будзе шляцца па чужым падворкам.
— Свой сваяка бачыць здалеку, — неяк злосна сказала Ірышка. — Сапраўды, вы купілі гэту хату ці проста так засяліліся? — цікавілася бабка.
— Не, не купілі, хата пакінутая, навошта яе купляць, — смяяўся гаспадар.
У гэты час упершыню да новага гаспадара прыйшоў Алкон. Бабка ад парога саступіла ў бок. Алкон, абдаючы п’яным перагарам, забубніў:
— Сусед, дзеля здароўя, пазыч пецярык.
— Не пазычаю, я не «Беларусбанк», дзе бяруць пазыку.
— Як ведаеш, — адказаў Алкон і пайшоў.
— Страшны чалавек, — сказала Ірышка. — Баюся яго.
— Чаго ж баяцца? — як быццам бы спытаў гаспадар і суцешыў: — Вось новыя людзі будуць з вамі побач. Спадзяюся, што жыць будзем дружна.
— Дай Бог, дай Бог, — не раз гаварыла старая. І пайшла ад парога.

Полымя рэвалюцыі
Лета павярнула на сход, калі здарылася непрадбачнае. Звярнуўшы з дарогі да хутара, гаспадар не ўбачыў сваёй расфарбаванай хаты. Пад’ехаўшы бліжэй, ён адчуў страшны пах пажарышча. Былая хата, якую ён так старанна ўсё лета рамантаваў, дагарала смярдзючым дымам. Сярод вуліцы, абапёршыся на кіёк, перад папялішчам стаяла старая Ірышка. Новы гаспадар вылез з машыны, нема лыпаў вачыма то на старую, то на папялішча.
— За што спалілі? Хутка вернецца Леанід, дзе жыць будзе? — пытаўся ён. — Для яго хату рабілі.
Бабка павярнулася, глянула ў вочы былога гаспадара: «Ты гаварыў, што сабе рамантуеш. А Васька-дэмакрат кінуўся ў полымя. Як быццам ратаваць каго хацеў. Згарэў зладзюга».
Новы гаспадар сеў у машыну і павярнуў да горада. Ён шкадаваў, што страціў столькі часу на рамонт мацярынскай хаты лепшага сябрука, з каторым не адзін год прайшоў вакол зямлі на падводнай лодцы. Цяпер не было капітану першага ранга роднай гавані. Мучыла думка: «Хто з траіх хутаран мог такое зрабіць?».

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии